Спаніэлі з Манькавічаў

Культура

У Беларусі столькі разбураных і забытых старых сядзіб, што немагчыма ўсе аплакаць. Але колішнія радзівілаўскія Манькавічы ў сучасным Столінскім раёне – гэта, безумоўна, адна са страчаных пярлінаў.

2 1937-enhance-1330w.webp

Выгляд палаца ў Манькавічах у 1936 годзе. Фота Генрыха Паддэмскага

3 Mańkavičy,_Radzivił._Манькавічы,_Радзівіл_(H._Poddębski,_1936)_(4).webp

Праіснавала сядзіба ў Манькавічах усяго некалькі дзесяцігоддзяў, не перажыла ліхалецця канца 1930-х – 1940-х. Але ў час росквіту тут віравала жыццё. Вялізарная Давыд-Гарадоцкая ардынацыя Радзівілаў да рэвалюцыі 1917-га мела плошчу 250 тысяч гектараў. Пасля Рыжскай дамовы 1921-га ў межах міжваеннай Польшчы засталося «толькі» 155 тысяч – але і гэта каласальная тэрыторыя, прыкладна, як сярэдні сучасны беларускі раён. І з іх усяго 1% – 1600 га – ворнай зямлі. Астатняе – лясы, лугі і бясконцыя балоты. Фантастычная паляўнічая рэзідэнцыя і вялікі прыватны «лясгас», які ўласна і фінансаваў яе існаванне за кошт продажу лесу.

1.jpg

Міжваенны уладальнік латыфундыі князь Караль Мікалай Радзівіл (1886–1968), тварам і паставай падобны да свайго цёзкі і продка Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку, і ягоная жонка (і кузіна) Ізабэла Ружа Радзівіл (1888–1968) жылі на шырокую нагу. Тутэйшы палац раскошай не саступаў Нясвіжскаму – і архітэктурай шмат у чым яго нагадваў, бо будаваўся на загад княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян (жонкі Антонія Радзівіла), вядомай акурат рэнавацыяй Нясвіжа.

Ладзіліся тут вядомыя на ўвесь край паляванні і балі, на якіх збіраліся «вяршкі» тагачаснага грамадства. На ўсю Еўропу грымелі эксклюзіўныя паляванні «у 12 стрэльбаў», якія працягваліся некалькі дзён і прыносілі кожнаму ўдзельніку шматлікія трафеі.

Тагачасныя Радзівілы жаніліся пераважна з кузінамі, каб не выпускаць латыфундыі з сямейных рук. Магчыма, і гэтая сям’я увайшла б у гісторыю як чарговы прыклад чыста радзівілаўскіх спажывецтва і марнатраўства. Але ўсё ж, хоць яны і забаўляліся ды раскашавалі, пакінулі па сабе нешта значнае.

Караль Мікалай Радзівіл на паляванні ў Манькавічах

Караль Радзівіл прыклаў вялікія намаганні, каб захаваць амаль знішчаныя папуляцыі глушца і лася, якія на той момант былі вялікай рэдкасцю ў маштабе ўсёй Рэчы Паспалітай. А ягоная жонка была вядомая як палымяная аматарка паляўнічых сабак, асабліва спаніэляў.

Вось пра спаніэляў хачу пагаварыць гэтым разам, бо пра Манькавічы, відаць, можна было б напісаць не адну кнігу.

Спаніэлі – гэта група парод паляўнічых сабак іспанскага паходжання (як бачна з самой назвы), якія спецыялізаваліся на здабычы пярнатай дзічыны з густых зараснікаў.

Існуе шмат асобных парод, напрыклад, амерыканскі і англійскі кокер-спаніэлі, французскі спаніэль, нямецкі лангхаар, брэтонскі эпаньёль і г.д. Адны з іх спецыялізуюцца больш на наземнай дзічыне, іншыя – на вадаплаўнай. У дарэвалюцыйны і міжваенны час гэтыя сабакі ў нас былі вельмі рэдкія і дарагія. А вось манькавіцкія Радзівілы іх палюбілі і разводзілі. Можа, і не вельмі прафесійна, бо не пільнаваліся асобных парод.

На пачатку 1930-х княгіня Ізабэла прывезла ў маёнтак выдатнага сабаку-«вытворцу» з пароды спрынгер-спаніэляў, чэмпіёна Англіі 1930 года па мянушцы Rolick of Harting.

У заводскага сабакі, як у прадстаўніка сапраўднай шляхты, імя складаецца з асабістай мянушкі і назвы «маёнтка», дзе ён нарадзіўся, або «прыдомка». Заезны англійскі арыстакрат, сэр Ролік пакрыў некалькі сук як з псярні самой княгіні, так і з суседскіх маёнткаў.

Спаніэль палескай лініі. Фота Psy.pl

Шматлікае патомства гадавалася не ў саміх Манькавічах, а ў размешчанай над ракой Льва леснічоўцы «Галава». Выпраўляючы прадстаўнікоў гэтага слаўнага роду ў свет, княгіня давала ім прыдомак «з Львы».

Але зусім хутка грымнуў 1939 год, і Радзівілы былі вымушаны ўцякаць. Спачатку ва Францыю, потым у Англію, а па заканчэнні вайны – ў Паўднёвую Афрыку. Толькі ў 1968-м яны вярнуліся ў Варшаву і памерлі адзін за адным цягам таго ж года. Вывезці з сабой сабак у верасні 1939-га не было ніякай магчымасці. Іх раздалі найбольш давераным служачым ардынацыі. А самага каштоўнага нават адмыслова прадалі за 50 злотых. Не таму, што такая сума для славутых магнатаў нешта значыла, а каб не занядбалі маёмасць, атрыманую задарма.

Нягледзячы на ўсе сацыяльныя катаклізмы на працягу наступных 50 гадоў – сусветную вайну, сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыю – гадоўля мясцовых спаніэляў, як ні дзіўна, не спынілася. Хаця і без радаводных кніг.

Спаніэль. Фота: Psy.pl

Палешукі паціху працягвалі паляваць з радзівілаўскімі сабакамі, чыста ў гаспадарчых мэтах, пазбягаючы інспектараў і егераў, а свецкай хронікі ў СССР не было. Аднак чуткі пра існаванне ў палескай глушы над Львой і Гарынню папуляцыі нашчадкаў некалі славутых радзівілаўскіх спаніэляў у часы «перабудовы і галоснасці» у 1980-х дайшлі да паляка Анджэя Крывіньскага, па прафесіі інжынера, а па прызванні – палымянага паляўнічага і кінолага. Ён меў сваю прыватную псярню, гадаванцы якой насілі горды прыдомак «З Шырокага Бору».

Недзе напярэдадні «ліхіх 90-х» ён зладзіў экспедыцыю на Століншчыну і вывез адтуль суку па мянушцы Пестка, ад якой і пачалася гісторыя новай пароды – «польскіх спаніэляў». Вядома, набыць зыходны матэрыял можна было і ў найлепшых заходніх псярнях, з усімі належнымі дакументамі. Але Крывіньскага вабіла спакуслівая мэта – працягнуць менавіта род радзівілаўскіх спаніэляў і зрабіць іх нацыянальным здабыткам усёй Польшчы.

І гэта яму ўдалося. Праўда, польскія спаніэлі дагэтуль не прызнаныя асобнай пародай Міжнароднай кіналагагічнай федэрацыяй. Але ў межах Польшчы яны з 2016 года маюць афіцыйны статус пароды, з якой удзельнічаюць у выставах і атрымліваюць пашпарты.

Тыповы польскі спаніэль. Фота: psy.pl

Крыўдна, што ўся гэтая гісторыя зусім невядомая ў Беларусі. Як і многія іншыя гучныя гісторыі, звязаныя з Манькавічамі. Хоць беларуская парода спаніэляў, якая ідзе ад Радзівілаў, магла б скласці гонар краіне.

Пакуль жа ў Беларусі цешыцца прызнаннем і папулярнасцю парода «рускіх спаніэляў», якая таксама, як і польская, не мае афіцыйна прызнанага міжнароднага статусу FCI. Яна нават трапіла на паштовую марку Беларусі 2010 года.

image7.jpg

Парода «рускі спаніэль» таксама створаная на аснове мясцовай селектыўнай работы. А шырока вядомымі гэтыя сабакі сталі дзякуючы творчасці савецкіх пісьменнікаў-натуралістаў, такіх як Міхаіл Прышвін і Віталь Біянкі, якія былі вялікімі фанатамі гэтай пароды.

Можа хтосьці з беларускіх пісьменнікаў некалі напіша выдатную кнігу і пра спаніэля з Манькавічаў?

Спаніэлі манькавіцкай лініі, як правіла, маюць «шакаладную» афарбоўку, радзей чорную плямістую, і «бронзавага» колеру нос. Гэта вельмі разумныя, рухавыя, працавітыя, трывалыя ў паляванні аж да зацятасці сабакі. Яны вельмі прывязваюцца да гаспадара і патрабуюць шмат увагі, бо ўвесь час шукаюць сабе заняткаў і практыкаванняў, як фізічных, так і разумовых.

4 24-1 DJI_0804.webp

Вось так выглядае парк у Манькавічах зараз

5 24 A29V9576.webp

А гэта ўсё, што засталося ад палаца Радзівілаў…

https://planetabelarus.by/publications/spanieli-z-mankavicha

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0