Леці, Сеня: выратаванага ў Лоеўскім раёне бусла вярнулі ў роднае неба

Грамадства

У вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна пасля зімоўкі выпусцілі на волю выратаванага бусла. Дзікая птушка некалькі месяцаў жыла ў мясцовай пенсіянеркі.

Саслабленага бусла, які не паляцеў на поўдзень са сваімі суродзічамі, Галіна Кажамяка падабрала за некалькі дзён да Новага года. Калі стукнулі маразы, птушка прыбілася да стога ў суседскім двары. Глядзець на гэта спакойна Галіна не змагла і пераканала мужа забраць птушку ў хату.

Бусла адагрэлі, накармілі, назвалі Сенем і вырашылі пакінуць да вясны. З птушкай прыйшлося павазіцца, як з малым дзіцем. Да сябе бусел не падпускаў, абы што не еў.

Відэа з Сенем сваякі Галіны паказалі знаёмаму ветэрынару. Спецыяліст выказаў меркаванне, што буслу тры гады, а ў вырай ён не паляцеў, хутчэй за ўсё, з-за пашкоджанага крыла. Пералёт у 10-12 тысяч кіламетраў Сеня наўрад ці вытрымаў бы, таму дапамога сям’і Кажамяка аказалася вельмі дарэчы.

За гэтыя месяцы Сеня стаў паўнапраўным чальцом сям’і. Нават каты, якія спачатку шыпелі на госця, неўзабаве мірна пачалі есці з ім з адной міскі рыбу. Дзікая птушка паспела паспрабаваць і хрумсткае капуснае лісце, і сапраўдны каціны ласунак – далікатнае курынае філе.

«А яшчэ Сеня палюбіў глядзець на агонь у печцы. Ці не цуд? – Распавяла Times.by аб звычках птушынага пастаяльца Галіна.

На днях у вёску пачалі вяртацца буслы. Буслянку каля царквы, а гэта за 100 метраў ад дома Кажамякаў, ужо аблюбавала птушка-адзіночка. Для Галіны гэта стала сігналам – пара выпускаць Сеню на волю.

Гаспадыня аднесла птушку да слупа з гняздом. Кажа, перажывала, што пасля двух з паловай месяцаў няволі ён адразу не ўзляціць. Але Сеня шырока ўзмахнуў крыламі і ірвануў далёка праз поле.

Галіна нават паспела знервавацца – маўляў, кінуў яе. Але праз пару гадзін Сеня вярнуўся і ўладкаваўся ў той самай буслянцы ў царквы.

«Вядома, гэта наш Сеня. Самы ўкормлены, ды і шыю трымае прама ў адрозненне ад змардаванай пералётам птушкі», – адразу адпрэчыла ўсе сумневы Галіна, гледзячы, як яе бусел асвойвае новае гняздо.

Гэта цікава

З цяплом у Беларусь пачынаюць вяртацца пералётныя птушкі. Ужо заўважаныя першыя чароды жураўлёў і гусей, на палях спяваюць жаўрукі, а ў гарадскіх парках сустракаюцца шпакі. Буслы пакуль што ў дарозе. Яны пакінулі месцы зімоўкі і пачынаюць з’яўляцца па адзіночцы, аднак масавае вяртанне чакаецца праз адзін-два тыдні.

Белы бусел – чэмпіён сярод беларускіх птушак па далёкасці пералётаў. Увосень птушка імчыць на зімоўку ў Афрыку, пераадольваючы 8-12 тысяч кіламетраў у адзін бок. Маршрут нашых буслоў пралягае праз Балканы, Блізкі Усход, даліну Ніла – да Судана, Чада, Танзаніі ці ПАР.

https://times.by/news/leti-senya-spasennogo-v-loevskom-rajone-aista-vernuli-v-rodnoe-nebo

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0