Намеснік Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасюк на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры абмалявала партрэт сярэднестатыстычнай беларускай жанчыны.
«Гэта беларуска. Яна жыве ў горадзе. Ёй у сярэднім 44 гады. Яна добра адукаваная, мае вышэйшую або сярэднюю адукацыю. Першы раз выходзіць замуж у 27 гадоў і прыкладна праз год нараджае дзіця. У цэлым па выніках 2024 года на тэрыторыі нашай краіны пражывала 4,9 млн жанчын, або 54% ад агульнай колькасці насельніцтва. Пры гэтым пераважная большасць з іх пражывала ў гарадской мясцовасці — гэта амаль 80%», — расказала намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Наталля Тарасюк.
На 1000 мужчын у Беларусі прыпадае 1167 жанчын. У маладым узросце (на 1000 юнакоў – 957 дзяўчат) баланс блізкі да роўнага, але ў старэйшых узростах жанчын амаль удвая больш за мужчын. У 2025 годзе зарэгістравана 52 тыс. шлюбаў.
«Сярэдні ўзрост жанчын пры ўступленні ў першы шлюб склаў, як я ўжо казала, 27 гадоў. Аднак узрост не з’яўляецца перашкодай для стварэння сямейнага саюза, і ў апошнія гады заўважная цікавая тэндэнцыя. Жанчыны 65 гадоў і старэйшыя ўсё часцей ствараюць сем’і. Так, за 2025 год 713 жанчын уступілі ў шлюб, што амаль на 13% больш, чым у папярэднім годзе. Прычым 44 жанчыны ўступілі ў шлюб упершыню», — дадала Тарасюк.
Беларусь выдзяляецца высокім узроўнем жаночай занятасці – 65 працэнтаў у цэлым, 86 працэнтаў у працаздольным узросце, што на 1,5 працэнта вышэй, чым у мужчын.
Жанчыны лепш адукаваныя: 42 працэнты працуючых маюць вышэйшую адукацыю (у мужчын – 30 працэнтаў).
Яны дамінуюць у сферы паслуг: больш за 80% у ахове здароўя і адукацыі, менш – у харчаванні, фінансах, гандлі і IT (34%, з прыкметным ростам). Жанчыны часцей шукаюць падпрацоўку: звыш 60 працэнтаў, якія маюць дадатковую занятасць – жанчыны. У прадпрымальніцтве жанчыны складаюць 42 працэнты (кожная дзевятая – работадаўца).
“У жанчын ёсць якасці, якія даюць перавагі: здольнасць выклікаць давер, актыўнасць, настойлівасць, скрупулёзнасць. Сусветная статыстыка паказвае, што жаночы бізнес у 4 разы менш схільны да банкруцтва”, – расказала спікер. Большасць – дырэктары магазінаў, загадчыкі і ІП у паслугах.
