Аграгарадок “Ліпнішкі” размешчаны на рацэ Апіта ў месцы яе ўпадзення ў Гаўю, прыток Нёмана. Гэта – Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці, землі былога Віленскага ваяводства, або Віленскага краю, які ў XX стагоддзі стаўся яблыкам разладу паміж некалькімі дзяржавамі, што прэтэндавалі на валоданне ім. Тут кіпелі сапраўды шэкспіраўскія жарсці, і толькі пасля Другой сусветнай вайны канчаткова ўсталяваліся цяперашнія межы.

З XV стагоддзя Ліпнішкамі валодалі Гаштольды, Пацы, Сапегі… Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) шчодрая за чужы кошт царыца Кацярына ІІ перадала Ліпнішкі «за заслугі і вернасць Айчыне» свайму канцлеру Аляксандру Безбародку (між іншым, ён быў галоўным аўтарам дакументаў па трэцім падзеле, за што, акрамя зямельных падарункаў, атрымаў 50 тысяч рублёў адначасова і пажыццёвую пенсію ў 10 тысяч). Спадчыннікі канцлера прадалі мястэчка слонімскаму маршалку Войцэху Пуслоўскаму. А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Пуслоўскіх тут змянілі Вольскія, якія валодалі Ліпнішкамі амаль сто гадоў.

Пры іх мястэчка карэнным чынам змянілася: тут з’явіліся добра ўладкаваная сядзіба з паркам і сажалкамі, гандлёвыя рады на Рынку, шматлікія крамы, майстэрні, рэстаран, гатэль… Вуліцы былі выбрукаваныя каменем і абсаджаныя дрэвамі. Урэшце, нібы завяршаючы плён зямной працы Вольскіх, узняўся ў нябёсы каменны прыгажун касцёл…
Першая, драўляная святыня з’явілася ў Ліпнішках у 1510 годзе. Яе час ад часу змянялі таксама драўляныя храмы, што стаялі там, дзе сёння, пры дарозе, месціцца капліца канца ХІХ стагоддзя.

Апошні драўляны касцёл згарэў у 1890 годзе. А новы, мураваны, перанеслі на ўскраіну мястэчка. Менавіта тут і віруе цяпер небагатае на падзеі жыццё ў Ліпнішках…

Касцёл узвялі ў 1910 годзе па праекце віленскага архітэктара Аляксея Полазава дзякуючы Аляксандру Вольскаму і асвяцілі ў гонар Св. Казіміра ў 1928 годзе.

Раней у адзіны ансамбль з касцёлам уваходзілі маляўнічыя гандлёвыя рады, трактаваныя, як і трохпралётная брама касцёла, у неагатычным стылі. Яны, на вялікі жаль, не ацалелі. Але іх можна яшчэ пабачыць на старых фотаздымках часоў Першай сусветнай вайны.

Сам храм гіпнатызуе сваім рамантычным абліччам: вытанчаная, далікатная графіка сілуэту; гранітнае абліцоўка цагляных фасадаў, якая стварае ячэісты, шурпаты, мігатлівы і таму – жывы, у адрозненне ад цаглянай статыкі, – малюнак фасадных сцен; зграбная вежа з востраканечным шпілем…

Кампазіцыйна гэта трохнефная базіліка з трохграннай апсідай, да якой прымыкаюць сіметрычна пастаўленыя сакрыстыі. У бакавых фасадах уладкаваныя дадатковыя ўваходы ў выглядзе неглыбокіх рызалітаў з двухграннымі шчытамі ў завяршэнні спічастых праёмаў. Першапачаткова касцёл быў пакрыты чарапіцай, што надавала яму яшчэ большую гарманічнасць, вабнасць у спалучэнні з гранітнымі сценамі.

Бакавыя фасады, хоць і раздзеленыя аконнымі праёмамі ў выглядзе спічастых арак, што палягчалі каркасную гатычную канструкцыю, у дадзеным выпадку хутчэй візуальна адсылаюць гледача да традыцый папярэдняга готыцы раманскага стылю, для якога былі характэрныя перш-наперш магутныя сцены. І гэты эфект дасягаецца ізноў жа гранітнай абліцоўкай.

Раней фасадныя вежы былі ўпрыгожаныя крабамі, згубленымі пры рамонтах. Яны захаваліся толькі на невялікай вежцы-сігнатурцы над апсідай. Крабы ў выглядзе крукападобных дэкаратыўных элементаў (у форме закручанага лісця, кветак і інш.) былі менавіта ў арсенале готыкі, як і шматлікія фіялы на другім і трэцім ярусах вежы, выкананай як васьмерык на двух чацверыках.

Інтэр’ер храма атынкаваны, аскетычны ў параўнанні з фактурнымі фасадамі. Тры нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Сцены падзеленыя падвойнымі пілястрамі. Над уваходам – хоры з арганам.

Па праўдзе, нялёгка адарваць погляд ад гэтай святыні – асабліва калі любуешся ёю з боку возера, куды яна гулліва адкідвае свой астральны, чароўны цень…
https://planetabelarus.by/publications/gatychnaya-mroya-lipnishak
