Ці зможа быць шчаслівы чалавек з адрэзаным языком?

Грамадства

ЭСЭ

АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА

НАЦЫЯ ПІСЬМЕННІКАЎ-2

1

Нядаўна трапіўся мне на вочы артыкул, у якім аўтар апісвае, як хадзіў да старых землякоў-налібачан — паслухаць іх аповеды пра мінулае, і калі спытаў у амаль 100-гадовай бабулі (яна размаўляла на чысцюткай беларускай, нібыта з твораў Коласа), якой мовай карысталіся налібачане 100 год таму, дык у адказ пачуў:

— На гэтай во, што мы і цяперака з табой.

— Па-беларуску? — удакладніў аўтар.

— Мо гэта яна цяпер завецца беларускай. Мы раней так не называлі. Казалі, што гэта простая мова.

«Я не мог паверыць, што такое можа быць, — ускліквае аўтар. — Ты ўсё жыццё жывеш у гэтай краіне і не ведаеш, як называецца мова, на якой ты размаўляеш?»

А вось я веру, як кажуць, на ўсе сто. Яшчэ ў далёкім 1995-м у аповесці «Вёска» я звяртаў увагу, што ўвесь тутэйшы люд, жыхары Мазырскага Палесся, «…цвёрда лічаць сябе беларусамі праваслаўнай веры і гэтак жа цвёрда не лічаць сваю мову беларускаю. Калі папытаць, а якая, з гатоўнай пагардаю да сябе адкажуць: “абы-якая, ні польская, ні конская”».

Усё гэта некалі я адчуў на ўласнай скуры. Пасля войска, дзе пашчасціла служыць з латышамі, літоўцамі і ўкраінцамі, набраўшыся ад іх вольнага духу, я, адзіны з вёскі, паспрабаваў гаварыць на больш-менш правільнай — «чыстай», як у нас казалі, беларускай мове. Звычайна было наадварот: хлопцы пасля службы гаварылі толькі па-руску. Таму не дзіва, што першай рэакцыяй аднавяскоўцаў стала прыемнае здзіўленне, адабрэнне, выказванне намеру і самім павучыцца і пераняць. Потым пачалося пасмейванне, затым — маўчанне, часам панурае. Затым крыўда і нарэшце — раздражненне, амаль варожасць.

— Чаму ты так гаворыш? Гавары нармальна, па-нашаму.

— Я па-нашаму.

— Не, мы па-свойму. Па-прастому.

Сябра мякка ўсчуваў:

— Твая, Андрэй, беларуская мова — вельмі прыгожая, яна, можа, самая прыгожая з усіх славянскіх. О, каб умець на ёй чыста гаварыць! Але ніколі («но нікада!») ніхто на ёй чыста ў нас не гаварыў. Яна такая ж чужая нам, як польская і руская.

Нейкі час мне здавалася, што гэта — не лічыць родную мову беларускай — асаблівасць толькі маёй мясцовасці. Мо сапраўды ў нас нейкая свая мова? І можа, дарэмна я пазней, у студэнцкія гады, так нападаў на Міколу Шаляговіча за яго яцвяжства? Праўда, надта ж ужо розныя яго Заходняе і маё Усходняе Палессі.

Аднак паступова я пераканаўся, што гэтая з’ява ўласцівая ці не ўсёй Беларусі. Ды што казаць пра мазырскіх і налібацкіх сялян — Купала, любімы, вялікі Янка Купала піша: «Песні пачаў пець той мовай убогай…»

Але чаму? Адкуль яно ўзялося, гэтае добраахвотнае прыніжэнне, прыбядненне, гэтая невытлумачальная боязь слова беларускі, беларуская? Ці тут усё ж нешта іншае, больш глыбокае, якое цягнецца здаўна, з родава-племянных часоў? І што ўсё гэта робіцца свядома?

Памятаю, малы, я ўсё пытаў у маці: якая мова самая лепшая?

— Цыганская, — не задумваючыся, упэўнена адказвала маці. — Усе мовы на свеце можна разабраць, а цыганскую (прыцмокванне з зайздрасцю) ніхто ніколі не разбярэ, нават самі цыганы!

Раптам я ўспомніў, як у школе нас вучылі почырку. Не пісаць — пісаць мы ўмелі, а ў класе пятым менавіта почырку. Вучыў настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

— Бачылі, як доктар выпісвае рэцэпт? Вось і вы так вучыцеся. Пішыце «па-доктарску», каб ніхто чужы ні слова не разабраў, каб толькі вам было зразумела.

Так вучыў нас стары настаўнік, і мы думалі — почырку, а высветлілася — жыццю.

2

Не адразу, а пакрысе я пачаў разумець, у чым тут справа, адкуль у людзей узнікае гэтае жаданне гаварыць так, каб ніхто не разумеў, пісаць так, каб ніхто не прачытаў і жыць так, каб ніхто не заўважаў. Нарэшце пачало да мяне даходзіць (цяпер то я не сумняваюся), што ўсё рабілася з адной-адзінай мэтай — каб як мага менш раздражняць экспансіўных, прычэпістых, звышпільных суседзяў, якія загараюцца, як порах, калі што не па-іхняму.

Любы дыктат — гэта банальнае навязванне свайго густу. У тым ліку, а мо і часцей за ўсё, густу філалагічнага. Палюбі тое, што я люблю, гавары так, як мне хочацца. І сапраўды, колькі праблем маюць філалагічныя карані! Нездарма ж напачатку было Слова. Варта толькі крыху глыбей капнуць, пачаць разбірацца, як вельмі хутка пераканаешся, што філалогія небяспечная рэч. Высветліцца, што яна ці не самая частая прычына любога канфлікту, уключаючы ваенны.

— Усе беды ад філалогіі, — нездарма папярэджвала гераіня п’есы Іянэску. — Яна давядзе да ліха!

Чалавецтва і без таго было і застаецца далёкім ад талерантнасці. Колер скуры, антрапалагічныя, палітычныя, фізічныя, этычныя, гастранамічныя і іншыя непадобнасці выклікаюць, мякка кажучы, непрыманне. Але ці не на першым месцы тут апынаюцца роднасныя, блізкія мовы. Чамусьці нішто так не выводзіць чалавека з сябе, як рознае вымаўленне аднаго і таго ж слова. Здаецца, што дражняць цябе, як у маленстве. Як гэта можна — «пыво», калі трэба толькі — «пиво», і ніяк інакш.

— Гавары нармальна! — хто хоць раз у жыцці не чуў такога.

На што ўжо комікс «Астэрыкс і Абелікс», дзе рымскі імператар, схіляючы Астэрыкса на свой бок, называе адну з галоўных прычын, чаму трэба заваяваць брытаў:

— Тады яны пачнуць гаварыць нармальна!

Адна справа, калі чалавек па няведанні каверкае словы, гэта яшчэ можна пацярпець. Больш-менш дапускаецца, калі ён гаворыць на дыялекце ці на так званай гутарковай трасянцы-мяшанцы, гэта можна дараваць, спісаць не неадукаванасць, з часам выправіць. Дазваляецца гаварыць «па-прастому», «мовай убогай». Але зусім іншае, калі ён размаўляе на «чыстай», літаратурнай, афіцыйнай, бачыце, мове.Так нядоўга і нарвацца!..

І мазырскія, і налібацкія сяляне, і Янка Купала, і стары настаўнік, і мая маці, якая зайздросціла цыганскай мове, — усе яны выдатна ведалі, што робяць. Іхняе нібыта непрызнанне беларускай мовы — усяго толькі хітрасць, наіўная, але дзейсная, правераная часам самаахова. Ведаючы, што за беларускую мову бывае, яны як маглі стараліся абарніць ці, як мінумум, папярэдзіць нас, сваіх дзяцей:

«Маўчыце, будзьце хітрымі».

З багатага жыццёвага вопыту яны вынеслі, што выжыве і ацалее толькі той, хто ўмее прыстасоўвацца. Адсюль славутае «ні па-польску, ні па-конску», адсюль — «ат, ведама, з вёскі Янка Купала», адсюль «гавары нармальна»…

3

Што пасеялі дзяды, пажынаюць унукі. Здавался б, даўно адышло ў нябыт пытанне, ці называць родную мову беларускай. Але зазірнем у апошнюю сацыялагічную апытанку (вядома, робячы скідку на ўсю ўмоўнасць яе). «Для большасці апытаных, на жаль, беларуская не з’яўляецца галоўным складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці. 88 % беларусаў (падазраю, што 98. — А.Ф.) у краіне карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці рускай мовай».

Некалі дзяды баяліся назваць мову беларускай, і ў іх былі на тое прычыны. Цяпер разумныя, адукаваныя іх унукі ніякімі апраўданнямі не замарочваюцца, а проста заяўляюць: «Адчапіцеся з вашай мовай!» А тым часам Яе Вялікасць Русіфікацыя, не сустракаючы супраціўлення, поўным ходам, сямімільнымі крокамі наступае па ўсіх франтах. На нашых вачах рэалізуецца праект пад назвай Рускамоўная Беларусь, самае неверагоднае дзяржаўнае ўтварэнне.

Рускамоўная Беларусь! Абсурд, нонсэнс, аксюмаран. Ніколі ў жыцці я не мог паверыць, што такое магчыма. Часта, асабліва ў маладыя гады, клаў руку на сэрца і пытаў у сябе: ты хацеў бы, каб Беларусь была шчаслівай, квітнеючай, багатай — і рускамоўнай? І заўсёды шчыра адказваў — не, ніколі. Ды і не будзе гэтага. Не зможа быць шчаслівы чалавек з адрэзаным языком. Можа ён быць тоўсты, багаты, здаровы, але не шчаслівы. Ды і калі адкінуць эмоцыі, нават проста лігвістычна не заменіць руская мова беларускую. Зусім не адно і тое ж Радзіма і Родина, Айчына і Отчизна, Бацькаўшчына і отцовское наследство (менавіта такі пераклад у слоўніку). Каму гэта трэба? Ні адзін нармальны чалавек не можа хацець рускамоўнай Беларусі!

Не, мілы мой, — нясецца адусюль, — яшчэ як можа. Можа, хоча і даказвае, як двойчы два, што гэта беларускасць у Беларусі — нонсэнс, часовая з’ява, прыкрая памылка, якая вось-вось, не сёння-заўтра, будзе выпраўлена. «Если языковая ассимиляция будет доведена до конца, — бадзёра рапартуюць русіфікатары, — белорусский язык умрёт».

Было б зусім сумна, каб не адна акалічнасць. Беларуская мова зусім не такая бездапаможная, як падаецца. Яна мае багаты вопыт выжывання ў экстрэмальных умовах. У яе выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт да стрэсу. Неаслабны ціск на яе паспрыяў таму, што яна выдатна адаптуецца. Яна навучылася кожны раз спыняцца на самым краі і адраджацца з попелу, як Фенікс. Яе анёл-ахоўнік — суровы, загартаваны ў баях, надзейна аберагае пратэжэ як ад чужых русіфікатараў, так і ад сваіх алярмістаў. А апошніх таксама ва ўсе часы хапала, асабліва ў творчым асяродку. Зрабілася ледзь не моднай традыцыяй хаваць і аплакваць родную мову, развітвацца з ёю. Хто толькі не аб’яўляў з гарачкі, што, маўляў, усё, «я апошні, разам са мной, з маім пакаленнем знікне і беларуская мова, і культура!». Сам я некалі ўваходзіў у літаратуру пад рэфрэн з «Лысай Гары»:

Ужо не раз раўло мяшчанства:

«Пара камісію ствараць

Па ліквідацыі няшчаснай,

Што ўсё не хоча паміраць!»

Прайшло амаль паўвека. Даўно няма тагачаснага мяшчанства, ні камісіі, ні ліквідатараў… Пакаленне за пакаленнем па-ранейшаму развітваецца з мовай, хавае і аплаквае яе… А «няшчасная» жыве сабе, як ні ў чым не бывала! І гэта дае надзею.

https://www.facebook.com/search/top?q=%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%8C

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
1
👎
0