24-га лютага 1935 года нарадзіўся Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі

Культура

Пасля вайны будучы паэт у 1954 годзе скончыў Вушацкую сярэднюю школу, а ў 1959 – філалагічны факультэт БДУ. Менавіта падчас студэнцтва ён сур’ёзна захапіўся беларускай літаратурай.

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях – у газеце “Советская Белоруссия”, часопісах “Бярозка”, “Полымя”, а таксама ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура”.

Першыя вершы Барадуліна з’явіліся ў друку, калі ён яшчэ вучыўся ў старэйшых класах – у 1953 годзе ў газеце “Чырвоная змена” (пад псеўданімам А.Чабор).

Першы зборнік вершаў паэта “Маладзік над стэпам” выйшаў у 1959 годзе. У 1961 годзе выходзіць другі зборнік паэзіі – “Рунець, красаваць, налівацца!”, а ў 1963 трэці – “Нагбом”.

Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996—2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

Дзядзька Рыгор таксама пісаў сатырычныя творы, вершы для дзяцей, крытычныя артыкулы. Пераклаў на беларускую мову «Слова пра паход Ігаравы», творы Шэкспіра, Байрана, «Рубаі» Амара Хаяма.

Вершы Барадуліна перакладаліся на дзясяткі іншых моваў. У 2006 годзе паэт патрапіў у спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію.

У 2013 годзе выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Вушаччыны — гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве.

Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі Алесь Камоцкі, І. Барсукоў, Генрых Вагнер, С. Галубіцкая, Яўген Глебаў, В. Журовіч, М. Наско, Дзмітрый Смольскі і інш.

Паэт памёр 2-га сакавіка 2014 года ў Мінску, пахаваны побач з маці на Вушацкіх могілках.

Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай. […] Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». […] Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора.

Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 74-75

https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D1%80_%D0%91%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D1%83%D0%BB%D1%96%D0%BD

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0