Сёння — Дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры, расстралянага ў 1938 годзе

Культура

Беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя Максім Гарэцкі нарадзіўся 6-га лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і.

У 1913 годзе скончыў Горацкае землямерна-агранамічнае вучылішча, працаваў чарцёжнікам і каморнікам у Віленскай губерні. У пачатку Першай сусветнай вайны Гарэцкі пайшоў добраахвотнікам у войска, браў удзел у баях, быў цяжка паранены.

Пасля шпіталя паступіў у Паўлаўскую ваенную вучэльню ў Петраградзе (1916) і, атрымаўшы званне прапаршчыка, адправіўся ізноў на фронт. Аднак па хваробе быў неўзабаве быў накіраваны на лячэнне, а затым і зусім звольнены з войска. У гэты ж час стаў актыўна супрацоўнічаць з газетамі “Весткі Смаленскай Рады”, “Зоркай”.

Дэбют Гарэцкага як пісьменніка адбыўся публікацыяй апавядання “Лазня” ў 1913 годзе ў газеце “Наша Ніва”, у якой у той час друкаваліся многія беларускія пісьменнікі і паэты.

У 1914 у Вільні выйшаў зборнік «Рунь». Пасля Гарэцкі выдаў некалькі зборнікаў апавяданняў і аповесцей.

Многія творы Гарэцкага прысвечаны ваеннай тэматыцы, найбольш вядомыя – “Ціхая плынь” і “На імперыялістычнай вайне”. Свае творы падпісваў псеўданімамі, іх у Гарэцкага было мноства: Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус, Кузьма Батура, Лявон Задума.

У 1920 годзе Максім Гарэцкі напісаў і выдаў першую “Гісторыю беларускай літаратуры”. Ён – аўтар літаратурна-крытычнай працы “Маладняк” (1928), “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI стагоддзе – 1905 г.”, “Руска-беларускага слоўніка”, “Беларуска-расійскага слоўнічка”, “Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка”.

Пасля анэксіі Польшчай Віленскага краю выкладаў беларускую мову на настаўніцкіх курсах у беларускай гімназіі ў Вільні. Таксама быў рэдактарам беларускіх газет “Наша думка” і “Беларускія ведамасці”.

У канцы кастрычніка 1923 года сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск. Максім Іванавіч выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. З’яўляўся сапраўдным членам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры). У гэты перыяд займаўся вывучэннем найноўшай беларускай літаратуры.

У 1929 годзе разам са шматлікімі іншымі беларускімі літаратарамі падвергся крытыцы ў прэсе, а 19-га ліпеня 1930 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў датычнасці да міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі» і неўзабаве быў сасланы на 5 гадоў у Кіраў (Вятку), дзе з вялікай цяжкасцю ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам. Нават у гэты цяжкі час М. Гарэцкі не адмовіўся ад актыўнай творчай працы: працаваў над сваімі ранейшымі творамі, пісаў новыя пра рэальнасць 30-х гадоў.

Пасля адбыцця тэрміна выкладаў рускую літаратуру і мову ў пасёлку Пясочня Смаленскай вобласці (цяпер Кіраў Калужскай вобласці).

4-га лістапада 1937 года быў паўторна арыштаваны НКВД.

Сям’я атрымала апавяшчэнне, што Максім Гарэцкі памёр 20-га сакавіка 1939 года ў Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10-га лютага 1938 года ў Вязьме. Месца смерці і пахавання М.Гарэцкага невядомае.

15-га лістапада 1957 года Гарэцкі быў рэабілітаваны.

Сама хата, дзе нарадзіўся Максім Гарэцкі, да нашых часоў не захавалася. З ініцыятывай аднавіць сямейную сядзібу Гарэцкіх выступіў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. У вёсцы Багацькаўка на тым месцы, дзе некалі размяшчаўся дом сям’і Гарэцкіх, да юбілею пісьменніка ў 1993 годзе быў створаны музей імя Гарэцкага.

Будынак музея ўяўляе сабой тыповую вясковую жылую пабудову канца XIX стагоддзі. Экспазіцыя ўключае ў сябе дзве залы: літаратурна-дакументальную, дзе расказваецца пра складаны лёс пісьменніка, і этнаграфічна-бытавую, дзе адноўлены інтэр’ер вясковай хаты тых часоў.

Бібліяграфія:

М. Гарэцкі.
«Атрута» — 1913
«Роднае Карэнне» — 1914
«Рунь» — 1914
«Лiтоўскi Хутарок» — 1915
«Антон» — 1919
«Дзве душы» — 1919
«Мутэрка» — 1920
«Чырвоныя ружы» — 1923
«Жартаўлівы Пісарэвіч» — 1925
«Ціхія песні» («Ціхая плынь») — 1926
«Досвіткі» — 1926
«Не адной веры» — 1928
«Гапон і Любачка» — 1929

Раманы:

«Віленскія камунары» (1934—1935)
«Камароўская хроніка» (1930—1932—1937; не скончаны).

https://planetabelarus.by/publications/6-fevralya-maksim-goretskiy-maksim-garetski

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0