Тадэвушу Касцюшку — 280 гадоў

Грамадства

4-га лютага Дзень Нараджэння Андрэя Тадэвуша Банавэнтура Касцюшкі (1746–1817) — Нацыянальнага Героя Беларусі, ЗША і Польшчы, Генерала Кантынэнтальнай Арміі ў Амэрыканскай Вайне за Незалежнасць (1775 – 1783), Кіраўніка паўстання народаў Рэчы Паспалітай супраць акупацыі іх родных зямель імпэрскай Расеяй (1794).

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся 4-га лютага 1746 года ў фальварку Марачоўшчына каля Косава.

У 1755 годзе Тадэвуш Касцюшка разам са старэйшым братам паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у горадзе Любяшове, дзе правучыўся да 1760 года. З 1765 па 1769 год вучыўся ў створанай Станіславам Панятоўскім Рыцарскай школе ў Варшаве – фактычна ваеннай акадэміі, дзе рыхтавалі адукаваных афіцэраў. Ужо тады Касцюшка здзіўляў сваім аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, якія нагадвалі яго таварышам пра Карла XII, за што ён атрымаў мянушку «Швэд». Тадэвуш стаў адным з самых паважаных кадэтаў. Ён абраў ваенна-інжынерную спецыялізацыю і скончыў гэтую школу ў чыне капітана.

У 1769 годзе Тадэвуш Касцюшка атрымаў каралеўскую стыпендыю і адправіўся ў Парыж для навучання ў ваеннай акадэміі. Вялікі ўплыў на маладога ваеннага аказалі ідэі асветнікаў – Вальтэра, Мантэск’ё, Русо. У 1774 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Месца ў войску Рэчы Паспалітай Касцюшкі не знайшлося. Афіцэрскую пасаду на той момант можна было набыць толькі за вялікую суму грошай.

Не знайшоўшы сабе прымянення на радзіме, у 1775 годзе ён выехаў у Амерыку, каб у чыне палкоўніка змагацца на вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. Займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. Вядомасць яму прынёс уклад яго фартыфікацыі пры абароне Цікандэрогі і пры бітве пад Саратогай 1777 года.

Тадэвуш бліскуча справіўся з будаўніцтвам умацаванняў для абароны Філадэльфіі, што дазволіла яму стаць галоўным інжынерам Паўночнай арміі, якая адбівала напады ангельцаў з боку Канады і Нью-Ёрка. Па ўласнай просьбе Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвае войска, дзе ягоныя веды ваеннага інжынера дазволілі атрымаць шэраг перамог над ангельцамі. У прызнанне яго заслуг Кангрэс ЗША 13-га кастрычніка 1783 г. прысвоіў яму званне брыгаднага генерала амерыканскай арміі.

Па вяртанні на радзіму, у пачатку траўня 1792 года Касцюшка быў прызначаны камандзірам адной з трох дывізій, якія складалі войска Рэчы Паспалітай пад камандаваннем князя Юзафа Панятоўскага (налічвала каля 17 тысяч салдат). У маі 1792 года Касцюшка вызначыўся ў некалькіх баях з расійскімі войскамі.

Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Касцюшка эміграваў у Саксонію, затым у канцы 1792 года перабраўся ў Парыж, дзе ад імя патрыётаў Рэчы Паспалітай з французскім рэвалюцыйным урадам вёў беспаспяховыя перамовы аб сумесных дзеяннях супраць Аўстрыі і Прусіі.

Па вяртанні з Францыі ў Саксонію, а затым – у Галіцыю Касцюшка актыўна ўключаецца ў падрыхтоўку агульнанацыянальнага паўстання, «дыктатарам» якога яго прызначылі.

Фактычна паўстанне пачалося 12-га сакавіка 1794 года, калі генерал Антоній Мадаліньскі адмовіўся скарачаць Першую Вялікапольскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі і рушыў на чале яе з Астраленкі на Кракаў. Пры вестцы аб гэтым Касцюшка неадкладна з’явіўся ў Кракаў і там абвясціў Акт паўстання, прысягнуў сам, прывёў да прысягі жыхароў і гарнізон. Актам паўстання, падпісаным усімі жыхарамі горада, Касцюшка быў абвешчаны “Начальнікам паўстання”, і яму была прадастаўлена ўся паўната грамадзянскай і ваеннай улады ў краіне. Гэты дзень – 24-га сакавіка – звычайна і лічыцца днём пачатку паўстання. У той жа дзень Тадэвуш звярнуўся да насельніцтва, выпусціўшы чатыры патрыятычныя заклікі: “Да войска”, “Да грамадзян”, “Да святароў” і “Да жанчын”.

4-га красавіка паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі атрымалі перамогу над рускімі войскамі пад Рацлавіцамі. 17-18-га красавіка паўстанцы гараджане вызвалілі Варшаву, а 22-23-га красавіка Вільню. 7-га траўня Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім сялянам абяцалася асабістае вызваленне і памяншэнне павіннасцяў. Але ўжо 6-га чэрвеня Касцюшка пацярпеў паражэнне ў Шчэкацін. Наступная аблога Варшавы злучанай руска-прускай арміяй скончылася няўдачай у значнай меры дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Касцюшкам абаронай. 10-га кастрычніка ў бітве пад Мацаевіцамі з рускімі войскамі ён быў цяжка паранены і ўзяты ў палон.

Да лістапада 1796 года Касцюшка быў вязьнем Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу. Пасля вызвалення ён жыў у эміграцыі.

Імем Касцюшкі названы вуліцы і плошчы ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама найвышэйшая гара Аўстраліі. Яго імя таксама ўшанавана ў ЗША.

Паводле Вікіпедыі

https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%B0%D0%B4%D1%8D%D0%B2%D1%83%D1%88_%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%8E%D1%88%D0%BA%D0%B0

😀
0
😍
1
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0