“Увайшоў у літаратуру хутка і проста”. Юбілейны вечар, прысвечаны Івану Шамякіну, адбыўся ў Мінску

Культура

Юбілейны вечар “Непрыдуманы Шамякін: ад дакументаў да экрана”, прысвечаны да 105-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, сцэнарыста, драматурга прайшоў у кінатэатры “Піянер” 30 студзеня, перадае карэспандэнт агенцтва “Мінск-Навіны”.

Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, пра жыццё сельскай інтэлігенцыі, экранізаваны рэжысёрам Іосіфам Шульманам на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1964 годзе), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны відэафільм Беларускага тэлебачання, 1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград — Брэст» (1983), «Зеніт» (1987). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб’яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (1960, 1973, 1982). Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Лес майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, пастаўлены кінафільмы адпаведна ў 1978 і 1980), «Браняпоезд „Таварыш Ленін“» (1985), «У роднай сям’і» (1986), «Драма» (аповесці, гістарычныя сцэны, 1990), а таксама кніжка апавяданняў для дзяцей «У Маскву» (1950). У 1965—1966 гадах выйшаў Збор твораў у 5 тамах, у 1977—1979 гадах — у 6 тамах.

Аўтар п’ес «Не верце цішыні» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Выгнанне блудніцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1961, асобнае выданне ў 1962), «Дзеці аднаго дома» (апублікавана і пастаўлена ў 1967), «Экзамен на восень» (1973, пастаўлена ў 1974), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977, пастаўлена ў 1977), «Залаты медаль» (1979, пастаўлена ў 1980). Аўтар сцэнарыя 4-серыйнага тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з Аляксандрам Гутковічам, пастаўлены ў 1968), кінасцэнарыяў «Крыніцы» (з Ю. Шчарбаковым, пастаўлены ў 1964), «Хлеб пахне порахам» (пастаўлены ў 1974), «Атланты і карыятыды» (пастаўлены ў 1978). У 1974 выйшаў зборнік кінааповесцей і п’ес «Экзамен на восень».

Аўтар кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986).

У творах Івана Шамякіна сучаснасць паказваецца праз побытавыя клопаты і турботы. Ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці ў 1990-я гады, публіцыстычна-«выкрывальныя»: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў савецкіх ідэй, блізкіх яму самому, у жыцці станоўчага героя больш не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, Іван Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваенных гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).

Народны пісьменнік з 1969 года з’яуляецца фондадаўцам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Яго фонд у цяперашнi час — адзін з самых вялікіх асабістых на тэрыторыі краіны. Гасцям прадставілі віртуальную выставу, куратар якой — вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Дзмітрый Самахвалаў.

— Іван Шамякін у свой час быў пісьменнікам, якi найбольш публікаваўся. Па маіх падліках, усяго выйшла больш за 20 мільёнаў экзэмпляраў кніг у розных краінах свету. Яны былі перакладзены на 30 моў, пры тым што пісаў аўтар на беларускай, — кажа супрацоўнік архіва-музея. — Класік беларускай літаратуры абуджаў цікавасць да краіны і ўвогуле да мовы і нашай культуры.

Па словах Д. Самахвалава, Іван Шамякін стаў папулярным вельмі хутка: у 1949 годзе ён напісаў раман пра беларускіх партызан і ўжо ў 1951 годзе атрымаў Сталінскую прэмію. Пісьменнік казаў, што “ўвайшоў у літаратуру вельмі хутка і вельмі проста”.

— Іван Шамякін — адзін з тых пісьменнікаў, які дае “ўваход” у беларускую літаратуру, культуру людзям розных пакаленняў. Сюжэты ў яго творах напружаныя, могуць зачапіць чытача хуткасцю дзеяння. Ён не з тых, хто шмат філасофствуе, — кажа яна.

Якія кнігі ўнучка народнага пісьменніка раіць прачытаць? М. Шамякіна адразу адзначыла, што для кожнага чалавека знойдзецца свой твор — класік напісаў іх вельмі шмат. Напрыклад, тыя, хто цікавіцца мастацтвам, у прыватнасці архітэктурай, урбаністыкай, будаўніцтвам, могуць прачытаць раман “Атланты і карыятыды”, а тыя, хто мае дачыненне да медыцыны, —“Вазьму твой боль”, “Сэрца на далоні”. Для дзяцей найбольш цiкавы зборнік апавяданняў “Промні маленства”.

— Я добра памятаю, як дзядуля іх пісаў, збіраў цікавыя сюжэты з жыцця. Там нават ёсць апавяданне пра аленя, што жыў у вайсковай часцi (у 1940–1944 гадах Шамякін праходзіў службу ў Мурманску. — Аўт.) і папярэджваў людзей пра налёты фашысцкай авіяцыі. Ён чуў іх раней за салдат. Нягледзячы на тое што твор трагічны, нешта светлае, добрае ў ім ёсць, — кажа літаратуразнаўца.

Некалькі цёплых слоў ад галоўнага рэдактара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталлі Шапран:

— Захаванне памяці пра кожную значную асобу айчыннай культуры — абавязак сённяшніх пакаленняў. Іван Пятровіч не выключэнне. Вельмі важна, каб сённяшнія чытачы бачылі яго яркую асобу, каб яны ўсведамлялі, што гэта не толькі, магчыма, міфалагізаваны, далёкі ад іх аўтар, пра якога можна прачытаць у школьным падручніку, але яшчэ i цікавы чалавек.

Напрыканцы гасцям юбілейнага вечара паказалі савецкі фільм “Возьму твою боль” рэжысёра Міхаіла Пташука па матывах аднайменнага рамана Івана Шамякіна.

https://minsknews.by/uvajsho%D1%9E-u-litaraturu-hutka-i-prosta-yubilejny-vechar-prysvechany-ivanu-shamyakinu-adby%D1%9Esya-%D1%9E-minsku

😀
0
😍
0
😢
0
😡
0
👍
0
👎
0