Жыхар Лепеля на пачатку верасня 2025 года ў інтэрнэце шукаў спосабы падпрацоўкі. Знайшоўшы шуканае, 39-гадовы мужчына вырашыў падзарабіць. Пра наступствы лепяльчанін не падумаў, пра што цяпер горка шкадуе.
– Абвінавачаны ў мэсэнджэры «Telegram». спісаўся з куратарам інтэрнэт-крамы па продажы наркатычных сродкаў, – распавёў “ВВ” намеснік пракурора Віцебскага раёна Павел Сухаў. – У абавязкі лепельчаніна, сярод іншага, уваходзіла выкананне даручэнняў аператараў, забеспячэнне мер канспірацыі, а таксама набыццё наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, іх расфасоўка, захоўванне, перавозка і раскладка.
Аб супрацьпраўным бізнэсе, які працягваўся каля трох тыдняў, стала вядома супрацоўнікам праваахоўных органаў.
– Падчас асабістага ператрусу мужчыны, а таксама агляду яго месца жыхарства і больш за 33 тайнікі супрацоўнікамі праваахоўных органаў знойдзена і канфіскавана псіхатропнае рэчыва агульнай масай 1696,21 г, – паведаміў Павел Сухаў.
Пракуратура Віцебскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу. Жыхару Лепеля інкрымінаваны незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка, незаконны збыт асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай. Мужчыну пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі са штрафам.
