beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

27.03.2024 19:16

145 просмотров

0 комментариев

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці. І калі роля мамы ўсім зразумелая, то роля таты часта, на жаль, зводзіцца толькі да пакаранняў. А тым часам мужчынскае выхаванне не менш важнае, чым жаночае: усе дзеці маюць патрэбу ва ўдзеле таты ў іх жыцці, у яго сяброўстве, клопаце, пяшчоце і абароне.


У нашай рубрыцы «Тата можа!» мы размаўляем са свядомымі татамі розных узростаў і прафесій, просім іх дзяліцца сваім досведам, поглядам на здаровыя ўзаемаадносіны з дочкамі і сынамі. Сёння ў нас у гасцях шчаслівы бацька чатырох дзяцей — выканаўчы дырэктар прадпрыемства па вырабах аўтаматычных гардэробных канвеераў Андрэй Дырман з вёскі Бараўляны Мінскага раёна.


Пра адно вясло і брудны посуд

— Андрэй, давайце пачнём са знаёмства з вашай сям’ёй.

— Мы з жонкай Аленай разам ужо дзесяць гадоў. Гэта другі шлюб і ў яе, і ў мяне. Калі пазнаёміліся, у кожнага з нас ужо было па дачцэ. Вользе ў гэтым годзе будзе 24 гады, Ганне — 18. Разам з Аленай мы нарадзілі яшчэ дваіх дзяцей: сына Аляксандра (яму цяпер 9 гадоў) і дачку Анастасію (ёй — 7). Мы з жонкай не падзяляем дачок на «тваіх» і «маіх»— усе дзеці нашы, агульныя, па-іншаму ніколі не было і не будзе. Усе яны сябруюць паміж сабой, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Вольга жыве асобна ад нас, і калі яна прыязджае ў госці, малыя з ёй з задавальненнем гуляюць.

— Якая роля таты ў сям’і, на ваш погляд? Пытаюся, бо раней мужчына часта ўспрымаўся ў першую чаргу як здабытчык, асноўная місія якога — забяспечваць сям’ю матэрыяльна, а ўсё астатняе, маўляў, як атрымаецца.

— Такое стаўленне да мужчыны для мяне непрымальнае. Вы паспрабуйце сесці ў лодку і праплысці, карыстаючыся ўсяго адным вяслом. Што з гэтага атрымаецца?

Правільна — нічога добрага. Тое ж самае і з выхаваннем дзяцей: не можа быць так, што мама заўсёды патрэбная, а тата толькі для таго, каб ежу прынесці ды смецце вынесці. Гэта надта прагматычны падыход да мужчыны. Галоўныя якасці добрага таты — шчырасць у адносінах з дзецьмі, адказнасць за свае словы і ўчынкі. Ніколі нельга забывацца, што мы з’яўляемся прыкладам для пераймання, які дзеці счытваюць падсвядома. Гледзячы на сваіх тату і маму, дачка на падсвядомасці закладвае «стандарт» мужчыны, з якім яна будзе будаваць уласную сям’ю, і «стандарт» сваіх паводзін у ёй. Для сына бацька — узор мужчыны ў сям’і, а маці — узор будучай жонкі. Такім чынам, бацькі сваім стаўленнем адно да аднаго, да сыноў і дачок закладваюць падмурак для будучага шчаслівага (ці не зусім шчаслівага) сямейнага жыцця дзяцей.

— Я цяпер чытаю кнігу пра тое, як стаць шчаслівымі бацькамі шчаслівага дзіцяці. Там аўтар піша, што толькі пасля разводу зразумеў, што са сваімі сынамі няякасна бавіў час. Знаходзіўся побач фізічна, але ў думках быў у сваіх праблемах...

— Я таксама да многіх высноў прыйшоў не адразу. Калі нарадзілася першая дачка, быў дастаткова малады. Свайго досведу не было, па прычыне ўзросту не заўжды прыслухоўваўся да таго, што казалі бацькі. Цяпер разумею, што асноўная задача таты і мамы — не накарміць і апрануць дзіця, а забяспечыць яго сваёй любоўю, пяшчотай, павагай. Гэта аснова, бо толькі ў такой атмасферы паўнавартасна раскрываецца яго прыроджаны патэнцыял. У адваротным выпадку дзіця становіцца замкнёным і зласлівым. Як у народзе кажуць: чым палівалі, тое і вырасла. Калі дзіця ў сям’і не адчувала сябе любімым і важным, то яно пасля і сваім дочкам і сынам не зможа гэтага даць. Ды і ў зносінах з іншымі людзьмі часта не ўсё надта добра менавіта з гэтых прычын. Калі ў дзяцінстве чалавек не бачыў павагі да сябе, да сваіх асабістых межаў, то ён у сталым узросце не будзе ставіцца з павагай да іншых людзей, да іх інтарэсаў і поглядаў. І калі дзіця бачыла гвалт у бацькоўскай сям’і, то гэты гвалт рана ці позна прарасце і ў яго ўласнай сям’і.

— Ці былі сітуацыі, што жонцы трэба ад’ехаць на дзень-два, а вы заставаліся з дзецьмі сам-насам? Як спраўляліся?

— Вядома, былі. Ніякіх праблем у мяне не ўзнікала. Гэта ж нашы агульныя дзеці: чаму жонка з імі можа справіцца, а я — не? Існуе абсалютна незразумелы для мяне стэрэатып, што мужчына не ведае, што рабіць з дзіцем, як яго гадаваць, апранаць ці карміць. Таксама не разумею, як некаторыя дзеляць абавязкі па доме на мужчынскія і жаночыя. Карона з мужыка не зваліцца, калі ён памые посуд ці падлогу ў хаце. Я стаўлюся да гэтага менавіта так. У нас няма такога падзелу: гэта тваё, гэта маё. У каго ёсць час, магчымасць, той і робіць. А казаць, што я не буду мыць посуд, бо гэта жаночая справа, на мой погляд, — няправільна. Ты ж таксама тут жывеш і ясі з гэтага посуду...

Пра шантаж і мужчынскія размовы

— Вы разышліся з першай жонкай, калі дачцэ было дзевяць гадоў. Якія высновы зрабілі? Магчыма, зможаце нешта параіць іншым парам, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі?..

— Людзі разыходзяцца. У кожнага на гэта свае прычыны. Калі адзін вырашыў сысці, другому нічога не застаецца, як проста прыняць права іншага на такі выбар. Гэта можа быць балюча, непрыемна, крыўдна. Але да таго моманту, пакуль чалавек гэтага не прыме, яго будзе круціць злосць, крыўда, якія мала таго, што не вырашаюць пытанне, дык яшчэ і разбураюць цябе знутры. Самае страшнае ў такой сітуацыі, што непаразуменне ды варожасць паміж бацькамі наносяць шкоду дзіцяці. Гэта такая траўма для яго, што, не дай божа, у яго галаве разбураецца ўвесь Сусвет, і з гэтай багны яго надта цяжка вызваляць. На жаль, не ўсе гэта разумеюць. Мне дачка толькі некалькі гадоў таму прызналася, як ёй было цяжка: яна не разумела, што адбываецца, калі мы з яе маці разышліся: «Вы былі занятыя самі сабою, а я не ведала, як мне жыць далей, што рабіць». І гэта пры тым, што былая жонка не забараняла мне бачыцца з Вольгай. Я мог у любы дзень прыехаць да яе, патэлефанаваць. Няма нічога больш неразумнага, чым пачынаць ладзіць нейкі гандаль за дзіця, перацягваць яго, як тую коўдру.

«Я табе дазволю сустрэцца з дзіцем, але ты мне за гэта дай/зрабі тое, тое і вось гэта». У нас з былой жонкай, дзякуй богу, хапіла розуму захаваць нармальныя, а не варожыя адносіны.

Вялікая сям’я — гэта цудоўна. Прыходзіш дадому — і дзеці нясуцца табе насустрач. Свае адчуванні ў такі момант немагчыма перадаць словамі!..

— Як наладжвалі адносіны з Ганнай — дачкой Алены? Магчыма, спачатку ўзнікалі нейкія цяжкасці?

— Калі будуеш сям’ю з жанчынай, то прымаеш яе цалкам. Цалкам — гэта значыць і яе дзяцей, колькі б іх ні было. А інакш навошта тады пачынаць адносіны? Калі мы пачалі сустракацца з Аленай, побач з намі, вядома, была яе шасцігадовая дачка Ганна. Спачатку я быў для яе «дзядзем Андрэем». А потым стаў «татам». Гэта адбылося неяк натуральна, само сабой. Я не рабіў нічога спецыяльна, не задорваў падарункамі толькі дзеля таго, каб дзяўчынка мяне палюбіла. У любых адносінах трэба быць шчырым. Дзяцей падмануць немагчыма. Яны адчуваюць, калі ты іх любіш, а калі толькі робіш выгляд. Я аднолькава стаўлюся да ўсіх сваіх дзяцей. Імкнуся зрабіць для Ганны ўсё тое ж самае, што раблю для Сашы, Насці, Вольгі, таму ніякіх цяжкасцяў няма.

— Мне параілі вас у якасці цікавага суразмоўніка ў «Тата-школе». Як даведаліся пра гэту школу? І чаму, на ваш погляд, татам важна гуртавацца?

— Гады тры таму таварыш распавёў пра сталічную «Тата-школу» і дадаў мяне ў адмысловы тата-чат. Існуе такі шаблон, што мужыкі, калі збіраюцца, могуць размаўляць толькі пра жанчын, рыбалку ці гарэлку. Насамрэч гэта не так.

У нашым тата-чаце мужчыны розных узростаў (сярод іх і спецыялісты па дзіцячай псіхалогіі ды медыяцыі) адкрыта абменьваюцца сваім досведам: адзін так вырашыў праблему, другі — па-іншаму. Тут заўсёды можна папрасіць парады і атрымаць яе. Мне здаецца, трэба развіваць сістэму «выхавання» менавіта бацькоў. Каб было больш месцаў, дзе можна папрасіць парады ў пытанні выхавання дзяцей.

Пра майстэрства адпускаць і простае шчасце

— Пра што вы марыце?

— Самая галоўная задача, пастаўленая перад бацькамі Богам, прыродай, — гэта падрыхтаваць дзіця да самастойнага жыцця. Навучыць яго асэнсавана прымаць рашэнні, браць адказнасць за сваё жыццё толькі на сябе. Важна, каб дзіця разумела: ад таго, што яно выбірае сёння, залежыць тое, што яно атрымае заўтра. Перад тым як нешта рабіць, важна падумаць, для чаго гэта робіш, што хочаш атрымаць на выхадзе. Гэта датычыцца і размоў. Часта бывае так, што нешта сказаў, не падумаўшы, і пакрыўдзіў чалавека. Таму трэба заўсёды думаць, што кажаш і дзеля чаго.

— Як выбудаваць даверлівыя адносіны з дзецьмі, каб яны дзяліліся не толькі сваімі радасцямі, але і праблемамі не баючыся?

— Трэба проста любіць сваіх дзяцей. І тут гаворка ідзе, зноў жа, не пра нейкія дарагія падарункі («Я табе купіў айфон, значыць, я цябе люблю»), не. Сапраўдная любоў выяўляецца ў шчырай цікавасці да жыцця дзяцей. Трэба даваць ім магчымасць выказваць сваё меркаванне, мець уласны погляд на любыя рэчы. Ты можаш не пагаджацца з іх думкамі, але паважаць і спрабаваць зразумець. А калі дзіця патэлефанавала, а ты, нават не выслухаўшы да канца, пачаў крытыкаваць, папракаць, выдаваць кароннае: «Ааа! Я ж табе казаў(ла)!», то ён другі раз нічымне падзеліцца, не скажа, што ў яго на сэрцы. Трэба ставіцца з павагай да любога дзіцячага досведу. Папрокі не навучаць малога прымаць правільныя рашэнні і разумець прычынна-выніковыя сувязі. Як дочкам, так і сынам, асабліва ў падлеткавым узросце, важна разумець, што бацькі побач. Нашы дзеці ведаюць, што заўсёды могуць падысці да мяне абсалютна з любым пытаннем і праблемай. І што я заўсёды буду на іх баку, падтрымаю ў любой сітуацыі.

— Чым любіце займацца, калі збіраецеся сям’ёй?

— Больш за ўсё любім бавіць час каля каміна, каля жывога агню. Калі шчыра, я не надта люблю шумныя месцы. Мне дома ў сям’і абсалютна камфортна, адчуваю сябе тут абсалютна шчаслівым. Вялікая сям’я — гэта цудоўна. Прыходзіш дадому — і дзеці нясуцца табе насустрач. Свае адчуванні ў такі момант немагчыма перадаць словамі!.. Падурэеш з імі нават некалькі хвілін, і забываюцца ўсе праблемы і непрыемнасці, якія здарыліся за дзень. Гэта, відаць, тое, пра што кажуць — «простае шчасце».

— А што, па-вашаму, трэба рабіць, каб людзі захоўвалі сем’і і каб мужчыны заўсёды імкнуліся пасля работы дадому, да сваёй сям’і?

— Кахаць адно аднаго і паважаць. Без гэтага не будзе нічога. Гэта тыя два вяслы, якімі можна выграбсці абсалютна з любой сітуацыі.

Ёсць вельмі добрая прымаўка: «Не ідзі за мной — магчыма, я не павяду цябе. Не ідзі перада мной — магчыма, я не пайду за табой. Ідзі побач, і мы будзем адным цэлым». Каханне, падтрымка, узаемапавага — тыя тры кіты, на якіх будзе трывала стаяць сям’я. У мяне, дзякуй богу, быў добры прыклад — мае бацькі. Яны пражылі побач амаль шэсцьдзясят гадоў. Жыццё было цяжкае пасля вайны, маці наогул трапіла ў дзіцячы дом, бо засталася сіратой у 12 гадоў. Але яны заўсёды ішлі, узяўшыся за рукі, дапамагалі, падтрымлівалі адно аднаго. Я бачыў гэта і стараюся будаваць сваю сям’ю па іх прыкладзе. Спадзяюся, у мяне атрымліваецца не надта кепска. Але пра гэта ўжо cкажуць дзеці праз пэўны час.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

https://zviazda.by/be/news/20240320/1710940970-lyubou-galounae-shto-backi-pavinny-dac-svaim-dzecyam

Последние новости