У Спісе гістарыка-культурных каштоўнасцяў раёна 31 аб’ект. Сярод іх 14 археалагічных помнікаў, 8 помнікаў архітэктуры, 9 помнікаў гісторыі.
Археалагічныя помнікі — гэта 14 курганоў і курганных могільнікаў.
Да складу васьмі помнікаў архітэктуры ўваходзяць: 4 цэрквы (дзве Мікалаеўскія ў в. Дабрыгоры і в. Слабодка, Свята-Ільінская ў Бешанковічах і руіны касцёла ў в. Астроўна), 2 паркі ў в. Бачэйкава і в. Дабрыгоры, палацава-паркавы ансамбль у Бешанковічах і сядзібны комплекс «Нізгалоў». Два апошнія аб’екты адносяцца да 2-й катэгорыі гістарыка-культурных каштоўнасцяў.
9 помнікаў гісторыі — гэта 9 брацкіх пахаванняў 1941–1945 гг.
Сёння ў раёне ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па ўліку, захаванню, утрыманню, рацыянальнаму выкарыстанню і аднаўленню аб’ектаў гістарыка-культурнай спадчыны. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 г. № 98-З «Аб ахове гістарыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», супрацоўнікамі музея абследаваны і сфатаграфаваны ўсе помнікі і гістарычныя мясціны, унесены ў Дзяржаўны спіс гістарыка-культурных каштоўнасцяў, на іх аформлены ўліковыя карткі. Цяпер вядзецца работа па перазаключэнні з уладальнікамі культурна-гістарычных аб’ектаў новых ахоўных абавязкаў.
Супрацоўнікамі Бешанковіцкага гістарыка-краязнаўчага музея распрацаваны два турыстычныя маршруты па гістарычных мясцінах Прыдзвіння. Маршрут «Гэты памятны 44-ы» (Бешанковічы — Галіны — Узрэчча — Вула — Фролкавічы) дае магчымасць усім жадаючым наведаць помнікі на брацкіх могілках воінаў, якія загінулі пры вызваленні Бешанковіцкага раёна. Другі маршрут — «Палацава-паркавыя ансамблі Бешанковіцкага раёна» (Бешанковічы — Бочэйкава — Двор Нізгалоў — Вула).




















