Вульскі замак

Замак Вула — абарончае збудаванне ў мястэчку Вула Вялікага Княства Літоўскага (цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці), пры ўпадзенні рачулкі Вулы ў Дзвіну.


Лівонская вайна

Будаўніцтва замка было распачата ў 1563 годзе пасля падзення Полацка. Для ўмацавання Вулы быў накіраваны нейкі венецыянскі інжынер. Аднак маскавіты раптоўным нападам у тым жа годзе знішчылі будаўнікоў.

У 1566 годзе адбылося абвастрэнне адносін паміж Жыгімонтам Аўгустам і Іванам Грозным, абодва бакі пачалі рыхтавацца да аднаўлення ваенных дзеянняў. Таму ў 1567 годзе Іван Грозны загадаў закласці на захопленых землях некалькі абарончых умацаванняў, сярод якіх з’явілася і драўляная крэпасць у мястэчку Вула.

У сакавіку 1568 года Ян Кароль Хадкевіч з вялікім войскам спрабаваў узяць Вулу. Доўгі час ваенныя дзеянні Хадкевіча былі безвыніковымі: Масква перапраўляла з Полацка па Дзвіне ваенную дапамогу, чым узмацняла абарону. Мартын Бельскі паведамляў:
«Калі прыйшла абложаным у замку дапамога з Полацка, маскалі мацней абараняліся».

Падчас штурму было забіта шмат нашых людзей. Капаць акопы было вельмі цяжка, бо зямля была замёрзлая, таму штурм спынілі.

Хадкевіч, адкліканы каралём у сталіцу па дзяржаўных справах, перадаў камандаванне войскам князю Раману Сангушку, які распачаў новы наступ. Цікавыя падрабязнасці авалодання замкам захаваліся ў гісторыі:

«Тага ж года месяца верасня, — апавядае далей Бельскі, — князь Раман, гетман палявы, Вулу, замак абарончы маскоўскі, узяў і спаліў наступным чынам: наперад казакоў у чаўнах пад замак накіраваў, а сам, выступіўшы з аддзелам з-пад Полацка і Туравлі, ноччу ротмістраў пяхоты Рачкоўскага і Тарноўскага з драбінамі да муроў паслаў. Казакі ж Біруля, Мінкоў ды Аскерка пачалі падсякаць вароты і фарты. Тады ротмістр Мікалай Салагуб, не марудзячы, уброд перайшоў Вулу з усёй сваёй ротай, узмацніўшы пяхоту, што па драбінах лезла на сцены і білася з Масквой ля варотаў. А калі ўжо сам замак гарэў, князь Раман паслаў сваю роту, а таксама ротмістраў Войну і Тышкевіча ды князя Лукомскага, якія канчаткова далі рады Маскве, што адчайна баранілася сярод агню, і ўзялі замак, захапіўшы двух ваявод — братоў Вельямінавых, 300 знатных баяр і 800 стральцоў з агнястрэльнай зброяй. Але іншай карысці з гэтага не было, бо ўсё ў замку згарэла, і нашым давялося будаваць яго нанова».


Шанец (умацаванне) Баторыя

У 1580 годзе Стэфан Баторый рыхтаваўся да паходу на Вялікія Лукі. У Чашніках ён збіраў войскі, а пасля прыёму там маскоўскага пасла асабіста выехаў да замка ў Вуле з мэтай яго ўмацавання, каб абараніць край, які заставаўся без прыкрыцця войска, што накіроўвалася на Вялікія Лукі.

Аглянуўшы ўмацаванні, у 1580 годзе Баторый загадаў узвесці вал вышынёй у 6 сажняў з усходняга боку, паміж Вулай і Дзвіною.

У 1654 годзе замак быў канчаткова спалены рускімі войскамі.


Пасляслоўе

На гэтым заканчваюцца гістарычныя згадкі пра замак у Вуле. Праз некаторы час ён быў разбураны, а мястэчка страціла сваю вядомасць. Дакладныя даты ў гісторыі не захаваліся.

Да сённяшняга дня існуюць шанцы ўздоўж берагоў рэк вакол міжрачнога мыса. Захаваўся таксама вал, які ахоўваў замак з паўдня і ўсходу, вядомы як шанец Баторыя. За ім знаходзяцца парафіяльны касцёл і плябанскія пабудовы. Катлавіна замка засеяна пробашчавымі агародамі.

Апошнія навіны