Пачатак вайны
Ужо ў першыя дні ліпеня 1941 года вайна дакацілася да Прыдзвіння, баявыя дзеянні вяліся на далёкіх подступах да Віцебска. У раёне Ула — Бешанковічы дзейнічала ў няпоўным складзе 186-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра М. І. Бірукова. Яе суседам справа быў 508-ы полк 174-й дывізіі, злева — часці 153-й дывізіі, якія займалі абарону на паўднёвы ўсход ад Гнезділавічаў.
У першыя дні ліпеня абарону на подступах да Бешанковічаў і непасрэдна ў самім райцэнтры, а затым на правым беразе Заходняй Дзвіны трымалі 290-ы і 298-ы стралковыя палкі 186-й дывізіі. Найбольш слабым месцам у абароне была Ула, таму сюды быў накіраваны 298-ы полк пад камандаваннем вопытнага камандзіра палкоўніка П. А. Волкава.
Першы бой часцей 186-й дывізіі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі адбыўся на ўчастку абароны 3-га батальёна 298-га палка. Упарты паядынак працягваўся да 3 гадзін раніцы 5 ліпеня. Калі націск значна пераўзыходзячых сіл праціўніка ўзмацніўся, батальён пачаў адыходзіць на правы бераг Заходняй Дзвіны. Савецкія воіны падарвалі за сабой чыгуначны мост праз раку.
Раніцай 7 ліпеня варожыя часці перайшлі ў наступ на ўсім рубяжы абароны 186-й дывізіі. 298-ы стралковы полк тройчы адкідваў праціўніка на супрацьлеглы бераг ракі.
Цяжкае становішча склалася і на рубяжы абароны 290-га палка 186-й дывізіі, які вёў упартыя баі ў раёне Бешанковічаў. Ударная група палка тройчы контратакавала ворага і скідвала ў Заходнюю Дзвіну фашыстаў, якім удалося прарвацца. Аднак у тых баях полк быў знясілены, страціўшы каля 40 % асабовага складу.
8 ліпеня на правым флангу 186-й дывізіі працягваліся жорсткія баі. Танкавыя падраздзяленні праціўніка прасунуліся па шашы Ула — Мясаедава. На іх шляху сталі батарэі 446-га гаўбічнага артылерыйскага палка. У ходзе лютага бою батарэя малодшага лейтэнанта Ломава знішчыла 6 варожых танкаў. Агнём гаўбічных батарэй вораг быў спынены, але пасля адышоў на зыходныя пазіцыі.
9 ліпеня ўся тэрыторыя раёна была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Партызанскі рух
Як і на ўсёй акупаванай тэрыторыі Беларусі, у населеных пунктах Бешанковіцкага раёна гітлераўцы стварылі сетку пастоў, участкаў і гарнізонаў. Цэнтр раёна быў умацаваны ваеннай і гаспадарчай камендатурамі. Сутнасць «новай» улады, якая шырока прапагандавалася акупантамі, выявілася адразу і стала толькі пачаткам небывалага па маштабах і жорсткасці знішчэння людзей. Першымі ахвярамі сталі камуністы, камсамольцы, партыйныя і савецкія работнікі, актывісты сацыялістычнага будаўніцтва.
У навакольных лясах пасля жорсткіх абарончых баёў засталося шмат параненых байцоў, адарваных ад сваіх часцей. Ім аказвалі дапамогу жыхары бліжэйшых вёсак, падлеткі. З іх дапамогай чырвонаармейцы паступова наладзілі сувязі з мясцовымі патрыётамі. Ужо восенню 1941 года яны, аб’яднаўшыся ў групы, пачалі збірацца ў навакольных лясах. Некалькі такіх груп аб’яднаў у атрад лейтэнант Калінін. Першы партызанскі атрад размясціўся ў Хоцінскім лесе і ў складзе 30 партызан пачаў баявую дзейнасць.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія брыгады: 1-я Віцебская (2-га складу), 2-я Віцебская, «За Савецкую Беларусь», імя А. Ф. Данукалава, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), імя Леніна, імя Чапаева, Лёзненская, Чашніцкая, «Дубрава», імя Кароткіна.
Партызанскія атрады хутка ўстанавілі паміж сабой сувязь, што дазваляла каардынаваць дзеянні і праводзіць сумесныя аперацыі. За лета 1942 года бешанковіцкія партызаны разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Мішкавічы, Палячыкі, Лючыны, Астроўна, Сініцы, Мокраны, знішчылі малочныя пункты. Было здзейснена шэраг дыверсій на чыгуначнай лініі Полацк — Віцебск і на шашы Віцебск — Бешанковічы.
У пачатку верасня 1942 года на тэрыторыю раёна прыбыў з невялікай групай прадстаўнік Віцебскага абкама КП(б)Б П. М. Раманаў, накіраваны сакратаром Бешанковіцкага падпольнага райкама партыі. 8 кастрычніка 1942 года каля вёскі Канчаны адбылося пасяджэнне Бешанковіцкага падпольнага РК КП(б)Б. Паводле рашэння райкама асобныя партызанскія атрады «Сібірак», І. С. Банкарава, А. С. Ільіна і дыверсійная група М. П. Івашкіна былі аб’яднаны ў партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь».
Яшчэ ў пачатку ліпеня 1941 года для падпольнай работы ў тыле ворага быў пакінуты сакратар Бешанковіцкага РК ЛКСМБ Р. П. Жырноў-Літвінаў і больш за 100 камсамольцаў. Камсамольцы аб’ядноўваліся ў падпольныя групы, ішлі ў лес да партызан. З канца верасня 1941 года камсамольскае падполле ў раёне ўзначаліла К. К. Шастакова, якая прыбыла з Расонскага раёна. Яна ўстанавіла сувязі з дзеючымі атрадамі Г. І. Катоўскага, «Сібірак», імя В. І. Чапаева.
Актыўнымі арганізатарамі камсамольскага падполля былі таксама мясцовыя камсамольцы Д. П. Аніканаў, М. Л. Белязека, П. В. Пут, І. С. Янекин і іншыя. 1 жніўня 1942 года Бешанковіцкі падпольны РК ЛКСМБ на чале з К. К. Шастаковай быў зацверджаны і размяшчаўся ў партызанскай брыгадзе «За Савецкую Беларусь».
Вызваленне
23 чэрвеня 1944 года войскі чатырох савецкіх франтоў пачалі гістарычную Беларускую аперацыю. У выніку ўся тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад ворага. Паспяховае наступленне на Віцебскім напрамку пачалося ў першы ж дзень аперацыі.
Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І. Х. Баграмян), якім належала наступаць у напрамку Бешанковічаў, атрымалі задачу ва ўзаемадзеянні з войскамі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі) разграміць Віцебска-Лепельскую групоўку праціўніка, фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і выйсці ў раён Лепель — Чашнікі.
Адначасова часці 21-й і 19-й гвардзейскіх дывізій вялі ўпартыя баі за вызваленне вёскі Астроўна, дзе фашысты аказвалі асабліва жорсткае супраціўленне. Гвардзейцы 19-й дывізіі двума палкамі прасунуліся на паўночны захад і авалодалі вёскай Гнезділава, усталяваўшы сувязь з 43-й арміяй. Падраздзяленні 43-й арміі вызвалілі вёску Задарожжа, дзе і сустрэліся з воінамі 19-й гвардзейскай стралковай дывізіі 39-й арміі.
Ваіны 179-й дывізіі перарэзалі ў некалькіх месцах шашу Бешанковічы — Віцебск, замкнуўшы кольца вакол віцебскага «катла», у якім апынуліся 5 дывізій 53-га нямецкага корпуса (каля 35 тысяч салдат і афіцэраў).
Праз некаторы час гвардзейцы 277-га і 54-га стралковых палкоў рашучым налётам авалодалі вёскай Астроўна — важным вузлом на шашы Віцебск — Бешанковічы. Воіны 63-й стралковай дывізіі надзейна ўтрымлівалі ўчастак паміж азёрамі Сарро і Бараўно, а часці 251-й стралковай дывізіі замацаваліся паміж азёрамі Сарро і Ліпна ў раёне саўгаса «Ходцы».
Некаторым групам фашыстаў удалося вырвацца з «катла» і пранікнуць у лясныя масівы. 26 чэрвеня калона ворага вырвалася з акружэння і накіравалася да Бешанковічаў, але была хутка перахоплена воінамі 179-й стралковай і 33-й зенітнай дывізій. На зямлі Бешанковіцкага раёна зноў разгарэўся бой, які скончыўся поўным разгромам гітлераўцаў.
Акупанты спалілі ў раёне 34 вёскі, знішчылі больш за 10 тысяч мірных жыхароў, звыш 2 тысяч чалавек былі вывезены ў Германію. Загінуў амаль кожны трэці жыхар раёна.
Раён быў вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 26 чэрвеня 1944 года ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі.




















