Паведамляе БелТА.
Пётр Пархомчык заўважыў, што павіншаваць сельскіх працаўнікоў ён прыехаў у той раён, які па выніках 2024 года дамогся найлепшых вынікаў. «Нягледзячы на капрызы надвор’я, Брэсцкая вобласць здолела дасягнуць высокіх вынікаў у сельскай гаспадарцы. Прытым многія вынікі з’яўляюцца для нашага рэгіёну рэкорднымі. Намі атрыманы ўнікальны ўраджай збожжавых, зернебабовых, грэчкі, рапсу — разам 2078 тыс.т. Рэкорд за ўсю гісторыю Брэсцкай вобласці. Пры гэтым атрыманы добрыя вынікі па ўраджайнасці — 42,1 ц/га», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Рэкорд атрымаўся і асобна па рапсе. Яго ў паўднёва-заходнім рэгіёне намалацілі 239 тыс.т, ураджайнасць дасягнула 34,1 ц/га. Таксама ў вобласці накапалі больш за 1 млн т цукровых буракоў.
Такі вынік — уклад кожнага чалавека, гаспадаркі, раёна. «Вельмі важна, што ў гэты агульны каравай Брэсцкай вобласці важкі ўклад унёс Іваноўскі раён. Вы з’яўляецеся абсалютнымі лідарамі ў галіне вытворчасці малака. І ў цэлым у Рэспубліцы вы займаеце ганаровае трэцяе месца», — звярнуў увагу Пётр Пархомчык.
Кіраўнік Брэсцкай вобласці падкрэсліў, што Прэзідэнт падчас святкавання абласных «Дажынак» у Мікашэвічах паставіў перад Брэстчынай сур’ёзныя задачы па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Кіраўнік дзяржавы нацэліў Брэсцкую вобласць на атрыманне 2,5 млн т збожжавых культур. Па словах Пятра Пархомчыка, зрабіць гэта будзе няпроста, але магчыма.
«У прынцыпе, калі мы захочам, то даможамся гэтага выніку. Важна, каб кожны на сваім працоўным месцы выконваў тыя тэхналагічныя патрабаванні, якія распрацаваны, рэкамендаваныя. Тады ўсе задачы будуць вырашаны. Імкненне і жаданне вырабіць больш прадукцыі раслінаводства — адна з найважнейшых задач для раёнаў. Так, можам хваліцца малаком (мы абсалютна першыя ў нашай краіне). Мы больш за ўсіх вырошчваем гародніны, пладовых культур, ягад (тут нам няма роўных). Але ў раслінаводстве, якое з’яўляецца асновай для жывёлагадоўлі, неабходна будзе максімальна павялічыць вытворчасць», — нацэліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.
Пётр Пархомчык цёпла павіншаваў работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці са святам. Заслужаным працаўнікам ён уручыў узнагароды.