Чаму ж менавіта гарбузы здольныя расці да такіх неверагодных памераў? Адказ - у іх генетыцы, фізіялогіі і фізіцы росту.
Гіганты сярод ягад

– Так, гарбузы - гэта не гародніна, а ягады. І гіганцкія гатункі, такія як Atlantic Giant або Mammoth, уяўляюць сабою адмысловы выгляд Cucurbita maxima.
Галоўны сакрэт іхняга росту - у тым, што яны належаць да індэтэрмінантных раслінаў, кажуць навукоўцы. Дацэнт Тэхаскага тэхналагічнага ўніверсітэта Вікрам Баліга растлумачыў, што гэта значыць:
"Дэтэрмінантныя расліны растуць да вызначанага памеру і спыняюцца, а індэтэрмінантныя – працягваюць расці бясконца. Таму адна гарбузовая лаза можа запоўніць увесь двор – і гэта ўсё адна расліна".
Некаторыя расліны "запраграмаваныя" на абмежаваны памер - іх лісце, кветкі або плод не могуць расці вышэй зададзенага ўзроўню. А вось у гарбузоў такога абмежавання няма. Дацэнт Універсітэта Мінесоты Джэсіка Сэвідж адзначыла:
"У гарбузоў проста адсутнічае праграма, якая абмяжоўвае памер пладоў. Гэта дае магчымасць селекцыянерам ствараць усё больш буйныя гатункі".
Пакуль іншыя расліны марнуюць энергію на мноства дробных пладоў, гарбуз канцэнтруе ўсё сілкаванне на адным-двух. Каб вырасціць рэкордны гарбуз, фермеры зразаюць усе завязі, акрамя адной. Такім чынам усё харчаванне накіроўваецца на адзін плод. Такі прыём магчымы і з іншай садавінай (напрыклад, персікамі), але ёсць важная розніца - фізіка.
Чаму чарніца не можа быць гіганцкай
Па-першае, чарніцы і большасць садавіны растуць на галінах, а не на зямлі. Гіганцкая чарніца проста адарвецца пад уласнай вагой задаўга да рэкорду. Па-другое, у яе тонкая лупіна, якая не вытрымае ўнутранага ціску пры хуткім росце. Гарбузы ж маюць тоўстую, але эластычную лупіну, якая дазваляе ўтрымліваць велізарную вагу. "Скурка павінна быць дастаткова мяккай, каб расцягвацца, але і дастаткова трывалай, каб не лопнуць", – сказала Сэвідж.
Хуткасць росту: да 20 кілаграмаў у дзень
На піку сезона гіганцкі гарбуз можа дадаваць да 20 кг у суткі. Такі тэмп забяспечвае ўнікальная судзінкавая сістэма - асабліва развітая флаэма, якая адказвае за транспарт цукроў. "Гэта як сетка шашы: чым больш дарог, тым больш рэсурсаў можна перавезці. У гіганцкіх гарбузоў такіх "дарог" больш, чым у звычайных гатункаў", – патлумачыла Сэвідж.
Звычайны плод, напрыклад яблыкі ці грушы, спеюць за некалькі месяцаў. А гіганцкія гарбузы растуць да 180 дзён, павольна набіраючы масу, пакуль садоўнікі старанна рэгулююць тэмпературу і вільготнасць. Каб лупіна даўжэй заставалася мяккай, плод нават хаваюць ад сонца брызентам.
Навукоўцы ўпэўненыя: не апошнюю ролю ў росце адыграў чалавек. "Гарбузы стагоддзямі адбіраліся толькі па адной прыкмеце - памеры. У адрозненне ад яблыкаў або персікаў, дзе важны смак, у гіганцкіх гарбузоў галоўная мэта - уразіць", - канстатавала Сэвідж.
У канцы кастрычніка гарбузы - не проста расліна, а сімвал восені і свята ўсіх святых Хэлоўіна. І пакуль энтузіясты працягваюць выводзіць новыя гатункі, навукоўцы не выключаюць, што хутка свет убачыць яшчэ большага аранжавага гіганта. "Можа быць, мяжа існуе, – дапоўніла Сэвідж. – Але мы сапраўды яшчэ не дасягнулі яе".