
Фота: Следчы камітэт
Следчы камітэт устанавіў абставіны жудаснай аварыі, з-за якой загінула 13 чалавек.
Маршрутнае таксі і МАЗ сутыкнуліся ў лютым 2023-га недалёка ад Смалявіч.
"Сьледчыя высветлілі, што аўтамабіль МАЗ быў загружаны пяском звыш нарматыву, устаноўленага заводам-вытворцам. Менавіта гэта і пацягнула за сабой канчатковае разбурэнне раней няспраўнай хадавой часткі аўтамабіля (пярэдняй правай рысоры) і, як вынік, страту кіравання транспартным сродкам", – распавялі ў Следчым камітэце. Пры гэтым вадзіцель МАЗа ведаў аб няспраўнасці машыны, але ўсё роўна выехаў на дарогу. Таму яму выставілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Мужчына зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Парушэнні ў "Мінскаблаўтатрансе"
Падчас расследаванняў высветліліся "факты нядобрасумленнага выканання службовых абавязкаў супрацоўнікамі аўтапарка, дзе працаваў абвінавачаны".
"Дапушчаныя імі парушэнні не дазволілі своечасова выявіць і ў дзень аварыі забараніць эксплуатацыю грузавога самазвала з тэхнічнай няспраўнасцю і, як следства, гэта прывяло да катастрофы", – растлумачылі ў СК.
На аднаго з кіраўнікоў аўтапарка "Мінскаблаўтатранс" распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 428 (невыкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека або іншых цяжкіх наступстваў) КК Рэспублікі Беларусь.
І на гэтым парушэнні не скончыліся: 42 вялікагрузы з 60 ездзілі без адпаведнага дазволу, яшчэ 10 – без дамовы абавязковага страхавання.
Маршрутка без рамянёў бяспекі
У маршрутным таксі таксама былі праблемы. Пасажырскія сядзенні не адпавядалі катэгорыі транспартнага сродку, не было рамянёў бяспекі, а ў салоне знаходзілася на чатыры чалавекі больш, чым трэба.
Небяспечны асфальт
Парушэнні былі выяўлены не толькі ў перавозчыкаў, але і з боку дарожных службаў. Аўтадарожная экспертыза паказала, што пакрыццё праезнай часткі ў месцы сутыкнення не адпавядала патрабаванням.
ДТЗ пад Смалявічамі
Страшнае сутыкненне МАЗа і маршруткі адбылося 20 лютага ў Смалявіцкім раёне. Адзінаццаць чалавек загінулі на месцы. Аварыя адбылася на дзявятым кіламетры дарогі Р-69 (Смалявічы-Шацк). Недалёка ад месца сутыкнення знаходзіцца СТ "Задыяк-Варот", жыхары якога змаглі аператыўна аказаць дапамогу пацярпелым у аварыі. Яны самі звязаліся з нашай рэдакцыяй і пра ўсё расказалі. Пасля рэзананснага ДТЗ ДАІ ўзмацніла кантроль за маршруткамі. Хуткасны рэжым, манеўраванне, праезд скрыжаванняў - за гэтым сочаць асабліва ўважліва.
https://tochka.by/articles/incidents/podrobnosti_zhutkogo_dtp_s_marshrutkoy_vyyasnil_sk/
