beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

16.01.2023 14:08

800 просмотров

0 комментариев

Калі б у Бешанковіцкім раёне (Беларусі) не закопвалі ў зямлю маленькія фермы, а аддавалі іх людзям, мы б жылі ў іншай краіне

Напісаць гэтую нататку мяне падштурхнуў артыкул «Зары» ад 13.01.2023, дзе гаварылася аб ДП «Палітаддзелец-Агра». А менавіта аб тым, што на маленькай старой ферме ў Берасьнях, пабудаванай яшчэ ў шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя, больш высокія паказчыкі, чым у сярэднім па «Палітаддзельцу». Тут працуе дружны калектыў з 12 чалавек, пад апекай якога знаходзяцца 120 кароў, 90 бычкоў і 200 цялушак.

У далёкім 1986-м годзе ў гаспадарцы "Савецкая Беларусь" Бешанковіцкага раёна, дзе я ў той час працаваў, было 17 жывёлагадоўчых пабудоваў. Адзін вялізны малочнатаварны комплекс і 16 маленькіх фермаў, якія меліся ў кожнай вёсцы. У калгасе было больш за 800 кароў і нецеляў, а ўсяго каля 3000 галоў буйной рагатай жывёлы.

Сёньня пасьля ўсіх рэформаў, праведзеных згодна мудрай ліні кіраўніцтва, на тэрыторыі былой "Савецкай Беларусі" застаўся, здаецца, толькі адзін комплекс. Усе(!!!) малыя фермы ліквідаваныя.

Але ж і тады, амаль 40 гадоў назад, комплекс даіў малака менш за Шчыпцы, Маскалёнкі і Макаравічы, дзе на невялікіх фермах было больш кароў, чым на комплексе. Прычым знайсці даярку на комплекс было нашмат цяжэй, чым на малую ферму. І цякучасць кадраў на комплексе была вышэйшай.

Усё гэта я прыводжу для таго, каб яшчэ раз давесці сваю пазіцыю: не бывае малых нерэнтабельных фермаў. Там, дзе меншы калектыў, выразна бачныя справы кожнага чалавека. Як правіла такія калектывы ўстойлівыя і працуюць дзесяцігоддзямі.

У нашай краіне не пытаюцца меркаванняў у асобных (маленькіх) людзей. Асабліва ў тых, чыя пазіцыя не супадае з самі ведаеце чыёй. Чыноўнікам зразумела, што кіраваць лепш адным вялізным комплексам. Пажадана яшчэ, каб там было з мільён кароў і дзясятак робатаў. Вось прыкладна такія пражэкты і загубілі нашую сельскую гаспадарку.

У Заходняй Еўропе працэс узбуйнення ідзе таксама. Але ж ідзе ён абсалютна інакш. У той жа Нямеччыне пасля другой усясветнай вайны сярэдні нямецкі фермер меў 3 - 5 галоў кароў. А праз 45 гадоў пасля вайны нямецкая сярэдняя ферма налічвала толькі 35-40 кароў. У 1991 годзе мой сябар працаваў на такой ферме, а я яго наведваў.

Чаму нямецкая ферма тады не мела 350 -- 400 галоў? Ды таму, што працэс узбуйнення -- натуральны працэс, а не прыдуманы нейчай разумнай галавой. І ўласніку патрэбныя дзесяцігоддзі, каб падвоіць ці патроіць пагалоўе.

У валюнтарысцкай сістэме ўсё проста. Узялі з нейкіх Нідэрландаў гіганцкі праект, спраектавалі на Беларусь, кінулі ў калгас, а ў выніку -- выніка няма.

Не фермы гіганцкія нам трэба будаваць. ЧАЛАВЕКА трэба вырошчваць, УЛАСНІКА гэтай жывёлы. І тады будуць і прывагі, і надоі.

Даражэнькія, прыватнік у той Нямеччыне 1990-х гадоў даіў па 8 --10 000 літраў малака на карову ў год. Думаю, што сённяшнія надоі там не ніжэйшыя. (Бешанковіцкі раён, яшчэ нядаўна адзін з лідараў вобласці, усімі праўдамі-няпраўдамі ледзьве дацягваў да 5 000, а сёння зноў зваліўся значна ніжэй)...


Калі ідзеш у патрэбным кірунку, рана ці позна а дойдзеш да мэты. А калі ісці ў адваротны бок, не прыйдзеш ніколі.

Г.Станкевіч


Последние новости