У доме сясцёр заўсёды цёпла, сытна і ўтульна.
У прыгожым жоўта-блакітным доме жывуць сёстры Аляксандра Раманькова і Зінаіда Ігнатовіч. Яны старана гатаваліся да прыезду гасцей. На стале ўжо быў смачны сняданак — пухнатыя блінцы з печы і мачанка. Сапраўднае свята, столькі людзей за сталом!
— У мамы, — так Зіна назвала сваю сястру Шуру, — кожны дзень свята. На стале заўсёды першае, другое і кампот.
Смак поснага булёну
Сям’я, у якой выраслі сёстры, была вялікая — 11 дзяцей. Жыць, вядома, было нялёгка, але стала яшчэ цяжэй, калі пачалася вайна. Шуры і Зіне было тады па 8 гадоў. Аляксандра ўспамінае, што з кожным днём станавілася ўсё страшней, бамбілі самалёты, ад грукату і жаху закладвала ў вушах, трэсліся рукі і ногі. Жыць у доме стала невыносна, прыходзілася хавацца ў лесе.
Вайна забрала ў Шуры ўсё самае дарагое: дзяцінства і старэйшага брата, які быў у партызанскім атрадзе.
— Там мы рабілі невялікія курані (так жыхары Цярэсіна называлі зямлянкі, — заўвага аўтара), дзе ставілі печ-самаробку. На гэтай печы бацькі рыхтавалі нам булён. Тады здавалася, што пара лыжак гэтага поснага булёну былі самай смачнай стравай на зямлі! — успамінае Шура.
Жыхары Цярэсіна і суседніх вёсак вярталіся ў свае дамы, толькі калі прыходзілі партызаны.
— З імі жыць было не так страшна. Яны ў вёсцы некаторы час адпачывалі. Як толькі мы бачылі, што партызаны пачынаюць збірацца ў шлях, таксама збіраліся зноў у лес, у сырую зямлянку, — тлумачыць Аляксандра.
У пасляваенныя гады жылі вельмі бедна. Цярэсіна моцна пацярпела: дарогі разбітыя, дамы спаленыя. Жыхары вярнуліся з зямлянак і сталі аднаўляць гаспадарку, дапамагаючы адзін аднаму.
Вечарамі Аляксандра любіць спяваць беларускія народныя песні пра каханне. Калісь іх разам спявала уся моладзь у вёсках.
— У школу я пайшла ўжо пераросткам, у колькі гадоў ужо і не памятаю. Вучыліся мы на здымных кватэрах, таму што школы ўсё пазачынялі. Ні сшыткаў, ні падручнікаў не было. На ўсе Цярэсіна — адзін буквар. Пісалі на шматках газеты, якія складалі ў адзін нататнік — ён служыў сшыткам. Чарніла рабілі самі з крушыны. Варылі яе, і атрымлівалася густая чорная маса, якая рабіла жудасныя кляксы...
— А елі што, ведаеш? Хадзілі на калгасныя палі па вясне і збіралі гнілую бульбу, каб зрабіць з яе аладкі! І было вельмі смачна! — дзеліцца ўспамінамі Зінаіда.
«Ніхто зараз гэтым не цікавіцца»
Зінаіда Ігнатовіч цяжка хварэе, дрэнна чуе, ходзіць пры дапамозе хадункоў. Просіць мяне: «Сядзь бліжэй і кажы крапчэй». Пагаварылі аб сваім, дзявочым. Параілі мне рана замуж не выходзіць, «не надзяваць хамута на шыю». І пра вяселле пагаварылі, сапраўднае, беларускае.
Зінаіда вельмі сумуе па любімай справе. Захоўвае ўсе снасці і спадзяваецца, што хтосьці працягне яе творчасць.
— На кані везлі нас, прыгожую дугу зрабілі, званкі пачапілі. Наймалі музыканта на вяселле. Зараз жа вы так не танцуеце. У мяне Юзік (муж Зіны) любіў сыботу. І ніколі не браў танцаваць нікога акрамя мяне.
Зінаіда раней ручнікі вышывала, іконы, пакрывалы, сурвэткі. Усім дарыла, каб у гэтага чалавека памяць пра яе засталася. І мне падарылі ручнік з карункамі, вышытымі крыжыкам беларускімі ўзорамі і чырвонымі кветкамі.
— Рукамі я б яшчэ і рабіла, але вочы ўжо не бачаць. Да гэтага году я і вышывала, і снавала, і ткала. Уся снасць у мяне ёсць: і ставы (абласное слова кросны), і бёрды (прылада ў ткацкім станку з тонкіх пласцінак накшталт грэбеня з дзвюма спінкамі для прыбівання ўточнай ніткі), і набіліцы (у кроснах — драўляныя планкі, у якія ўстаўляецца бёрда). Я захоўваю, можа, каму-небудзь прынадабіцца, хай будзе. Прыгожа, але ніхто зараз гэтым не цікавіцца!
«А ці нада гэта каму?»
Хвалюецца пра сваю творчасць і Джыгера Сафія з суседняй вёсцы са смачнай назвай Ягадка. Там абставіны трошкі весялей — засталіся чатыры жылыя дамы. У хаце Соф’і светла, цёпла і ўсюды — шыкоўныя сурвэткі з беларускімі выцінанкамі, саматканыя палавікі і карціны крыжыкам! Нібыта ў музеі.
Жанчыны ў вёсках раней ткалі вечарамі і начамі. У Сафіі захавалася вельмі шмат палавікоў, якія зараз ляжаць у гаражы. Кажа, што яны ўжо нікому не патрэбныя. Нямодна стала. Павыкідалі...
— Раней мы і адзежу ўпрыгожвалі самі: такія цудоўныя вышыванкі! Чырвоныя кветкі, палоскі на рукавах, каўнерык-стоечка. Калі гэта ўжо было... Я, напрыклад, магла б яшчэ вышыць. Толькі б знаць, што будуць насіць. Ці нада гэта каму...
Сафія таксама дарыць усім сваё рукадзелле на памяць, як і Зінаіда. Сурвэтак жанчыны хапае ўжо па ўсім свеце! Паляцелі яны ў Шатландыю, Італію, Германію, Латвію. І ў іншых краінах будзе часціна нашай беларускай культуры!
Творчасцю Сафія пачала займацца яшчэ ў дзяцінстве.
— Мы з сястрой нават насоўкі кручком абвязвалі. Вучыліся ў маці і бабулі. На пенсіі з’явілася больш часу, зноў пачала актыўна вязаць, шыць, вышываць.
З трапятаннем і захапленнем Сафія паказвае сапраўдныя беларускія скарбы: ручнікі, накідкі, сурвэткі!
— Белыя сурвэткі я па кніжыцы вязала, а каляровыя — сама ўжо прыдумала. Сумна стала — знайшла ніткі і давай вязаць! Вельмі карпатлівая праца, але мне падабаецца.
«Танцавалі, аж плечы мокрыя былі!»
Паказалі мне сямейны фотаальбом са старымі фотаздымкамі, які беражліва захаваны ў камодзе Сафіі. Вёска, моладзь, танцы, вяселле... Раней моладзь збіралася са ўсіх вёсак на вечарыны.
— Танцавалі і сыботу, і лявоніху, і падэспань. Скакалі так, што ва ўсіх хлопцаў аж плечы былі мокрыя ад танцаў! Памятаю, прыбягалі з працы, 20 хвілін — памыліся, зачасаліся, адзеліся і на танцы! Былі маладыя, прыгожыя, шчаслівыя. Ой, можа мне б і зараз надзець нейкую спадніцу ямчэйшую? — хвалюецца Сафія.
Не магу стрымацца і не запытаць пра каханне Соні. Тры гады яны з Мікалаем проста сябравалі, танцавалі разам на вясковых вечарынах.
— На вяселлі ў мяне быў высокі вяночак, упрыгожаны кветкамі. А сукенка — светла-ружовая... Але вось ужо 26 гадоў жыву без гаспадара, — сумуе Соф’я...
Басаногае дзяцінства, маладосць і жыццё
Успамінае жанчына пра свае вясковыя прыгоды. Неяк раніцай Соня вырашыла зайсці да суседкі, пакарміць яе курэй, пакуль тая была ў бальніцы. Пераходзіла дарогу і сустрэла дзікую казу! Мясцовыя кажуць, што жывёл тут вельмі многа.
— Весела! Лісы ходзяць, курэй душаць. Памятаю, калісьці ноччу забрахаў сабака. Кажу мужу: «Коля, мы курэй на ноч не закрылі!» Я ў чым была, у тым і выскачыла: у сарочцы лёгкай, басанож па снезе (тады трошкі прыцерушыў). Выбягаю — ліса сярод двара стаіць. Я не думаючы, як дала ёй па пысе! Палец тады доўга балеў (аб зубы пабіўся), — смяецца Соня.
Не разумее, як можна не любіць сваю вёску, як можна з’ехаць адсюль у горад. Бо тут нарадзілася, тут прайшло і ўсё басаногае дзяцінства.
— Не было ж у нас абутку. Мяч у нізінку пакоціцца, мы выбягаем басанож на снег за ім! А ногі пасеверыюць. Тады чым толькі не мазалі: і малаком, і тавотам (зараз гэта салідолам завецца). Басанож і ў лес хадзілі і баяліся, каб гадзюка нейкая не папалася. Набярэш суніц, прыносіш, у міску малака — уся сям’я абедае. А ўвосень журавіны.
Соф’я па жыцці аптыміст, адчувае сябе шчаслівым чалавекам. І сёння ходзіць і ў грыбы, і ў ягады, нягледзячы на ўзрост.
— Ужо 81 год, а як 18! Калі перакруціць лічбы, так і атрымаецца! — смяецца Соф’я, — шкада толькі, што так раз’язджаюцца людзі. Сумна неяк становіцца. Памятаю, калі ўжо жылі з мужам, у вёсцы быў толькі адзін тэлевізар, усе хадзілі ў тую хату яго глядзець. Потым мы назбіралі грошай, таксама купілі. І да нас сталі суседзі хадзіць, глядзець тэлевізар. Вось тады весела было! А зараз тыя, хто застаўся, на свята ці ў нядзельку сядзяць па сваіх хатах... Мала хто застаўся...
Зайдзём ў дом
У адсырэлых, халодных і цёмных закінутых дамах з забітымі вокнамі застаюцца беларускія абразы, пакрывалы, сурвэткі, рушнікі.
У доме захаваліся амаль усе рэчы гаспадароў.
На разбуранай канапе можна знайсці парваныя граматы і падзякі, а ў разваленай камодзе — старыя пісьма, фотаздымкі з вяселля. У шафе яшчэ вісяць белыя і ружовыя кашулі, на паліцах складзены кофты і швэдары.
У куце, за шафай — стары тэлевізар. На кухне ўсё яшчэ стаяць закаткі, пакрытыя цвіллю і пылам, вісяць узорчатыя фіранкі... Мёртвая цішыня. І толькі зязюлю чуваць далёка. Зязюля-зязюля, колькі такім вёскам жыць засталося?
Юлія РАМАНЬКОВА
Фота аўтара
https://zviazda.by/be/news/20230108/1673190726-gistoryi-z-apuscelyh-vyosak