
Пераправа, якой ужо не адзін дзясятак гадоў, звязвае дзве часткі населенага пункта, паміж якімі працякае рака Свячанка. Мясцовае насельніцтва актыўна карыстаецца мастом. Але ў апошні час яго стан (з гадамі палатно і апоры значна знасіліся) выклікала ў людзей асцярогі.
Пра іх не так даўно жыхары вёскі расказалі на асабістым прыёме грамадзян старшыні райвыканкама Галіне Унуковіч. Кіраўнік раёна запэўніла людзей, што пераправу абавязкова адрамантуюць. Але з агаворкай: яна будзе пешаходнай. Абяцаць, што тут пабудуюць новы аўтамабільны мост, Галіна Уладзіміраўна тады не стала, бо на гэта патрэбны вялізныя грашовыя сродкі.

І вось улістападзе ў Чаўнышках высадзіўся вялікі працоўны дэсант з ліку прадстаўнікоў ПМК-41, раёна газазабеспячэння, ПМС, ДРБУ-110 і лясгаса.
Мост часткова разабралі, з дапамогай крана паднялі канструкцыю (аб тым, каб тэхніка змагла пад'ехаць да месца працы, паклапаціліся энергетыкі, на час зняўшы правады ліній электраперадачы).
Умацавалі апоры і зрабілі падсыпку. Часткі металічнага палатна надзейна змацавалі зваркай, абнавілі і парэнчы. Адным словам, зрабілі мост бяспечным для перамяшчэння.

