«Калі ты праваслаўны, — ня думай, што ты расіец. Калі ты каталік, — ня думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі пабеларуску, бо гэта твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваёй роднай мовы, той ня сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здрайца свайму народу. Твой край, народ і мова ня горшыя за іншыя краі, народы і мовы.»
Змітрок Бядуля

У 2020 годзе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў збор сродкаў на помнік і аб’явіў конкурс сярод беларускіх скульптараў, па выніках якога перамог праект помніка скульптара Сяргея Гумілеўскага.
Сам ён таксама наведаў урачыстае адкрыццё і адзначыў, што ў аснову помніка пакладзены вобраз нівы, якая калыхаецца пад парывам ветру. «Сам помнік выкананы ў ломаных формах, яго падмурак сімвалізуе тыя шляхі, якія прайшлі паэты той эпохі. У цэлым, ён адлюстроўвае шлях нашага класіка», — расказаў скульптар.
Госцем адкрыцця стаў і сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік. Ён падкрэсліў, што помнік зроблены па ўсіх канонах. «Ён такі, які павінен стаяць на могілках. Без усялякіх празмернасцей. Ён сціплы і ў той жа час велічны», — падзяліўся ўражаннямі ён.
Як расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, камісія конкурсу доўга вызначала, якім жа павінен быць помнік вядомаму паэту. Для натхнення ўдзельнікам конкурсу прадастаўлялі матэрыялы музея, паказвалі розныя фота.
«Змітрок Бядуля — адзін з найбольш вядомых беларускіх прадстаўнікоў ХХ стагоддзя. Ён мала пражыў, але ён з тых, хто прымаў удзел у развіцці беларускай літаратуры, друкаваўся ў першых беларускіх газетах. Гэтыя факты вельмі важна ведаць. І тыя, хто сёння прачытае аб устаноўленым помніку, магчыма, захоча перачытаць што-небудзь з яго твораў», — падзялілася Алеся Кузняцова.
