beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

06.10.2025 20:34

218 просмотров

0 комментариев

У кастрычніку 1523 года ў Кракаве выдадзена паэма «ПЕСЬНЯ ПРА ЗУБРА» Міколы Гусоўскага

«Песня пра зубра» — «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») — паэма беларускага паэта-лацініста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага. Гэта быў першы вялікі вершаваны твор, напісаны на лацінскай мове для заходнееўрапейскага чытача.

Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа да з’яўлення паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча.

Мікола Гусоўскі напісаў гэтую паэму ў 1522 годзе, калі знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі Вялікага княства Літоўскага. Твор быў напісаны на лацінскай мовепа замове папы Льва X Медычы, які захацеў больш даведацца пра ВКЛ і незвычайнага звера — зубра, які вадзіўся там у лясах. Сын вялікакняскага лесніка, Мікола Гусоўскі з веданнем справы, падрабязна і дэталёва апісаў постаць, звычкі і паводзіны зубра, а таксама паляванне на яго. Аднак Мікола Гусоўскі не быў бы сапраўдным паэтам, калі б спыніўся толькі на гэтым. Паэма стала песняй аб сваім краі і народзе, роздумам пра лёс Радзімы, аб яе месцы на шляхах гісторыі.

Упершыню паэма была выдадзена ў Кракаве ў 1523 г. у складзе зборніка, які складаўся з аднайменнай паэмы, 11 вершаў і празаічнага прысвячэння каралеве Боне Сфорца.

Урывак з «Песні пра зубра» пра Вітаўта:

«Выдумка гэта карэннем сваім пранікае
Ў княжанне Вітаўта ў годы найвысшага ўздыму
Княства Вялікалітоўскага. 3 мэтай падтрымкі
Боегатоўнасці будучых рэкрутаў з вёсак
Князь і загадваў ствараць у сваіх уладаннях
Лагер ваенны пры кожным паселішчы ў пушчах,
Дзе рыхтаваў свае раці да бітваў наступных.

Ен паміж войнамі ў шапку не спаў і дружыны
У дзікіх аблавах на звера прывучваў змагацца
Так, як і ў бітвах з татарамі, і гартаваў іх
Сілу і дух у нягодах няспынных паходаў.

Ён, двуадзіны ў асобе вялікага князя —
Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл-міратворац
Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,
Перад нашэсцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.

Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў,
Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў,
Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх,
Сам станавіўся пачварнай здабычай літвінаў.

Быў літасцівы да тых уладарцаў, якіх ён
Ставіў на княства па выбару ўласным і нават
Грознай Ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!
Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі,
Усё ж і яны прымірэння прасілі з літвінам.

Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў
Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны:
Як бы задобрыць, улесціць і гнеў не наклікаць
На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы.
Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсвета,
Як пылюкі, перад ім нават ціўкнуць не смелі.»
Чытаць «Песню пра зубра» тут: https://knihi.com/Mikola_Husouski/Piesnia_pra_zubra.html

Последние новости