Традыцыя памінаць нябожчыкаў захавалася на нашых землях з часоў язычніцтва. Менавіта тады ўсталяваўся важны жыццёвы прынцып, паводле якога распачынаць адказную працу без ушанавання памерлых нельга, бо адзіныя і сапраўдныя гаспадары роднай зямлі – яны. З прыняццем хрысціянства культ продкаў не аслаб. Кожнай вясною перад пачаткам новага земляробчага цыклу на дзевяты дзень пасля Пасхі праваслаўныя беларусы сталі адзначаць, як пісалі аўтары першых расійска-беларускіх слоўнікаў ХІХ ст., «день поминовения усопших и празднецтво во вторник по фомной неделе».
У старабеларускі перыяд (ХІІІ–ХVI ст.) такі дзень назвалі Рáдуніцай. Утварыцца назва магла ад аднаго з чатырох слоў: ведыйскага radanh (ахвярадаўства), наймення міфічнага Бога Рады, агульнаславянскіх род, радзíцца або праславянскага radъ (радасны, вясёлы) – «свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста». З канца ХІХ ст. актыўна выкарыстоўваецца другі варыянт – Рáдаўніца, зафіксаваны ў многіх сучасных беларускіх слоўніках. Ён узнік на аснове літоўскага дзеяслова raudóti (галасіць, моцна плакаць). Параўнайце яшчэ: rauda (галашэнне), raudíne (малітва з плачам і галашэннем за памерлых). Справа ў тым, што літоўскія і славянскія язычніцкія абрады галашэння над памерлымі, існаваныя на мяжы Літвы і Беларусі, вельмі падобныя. Перамяшчэнне гукаў -аў- (навукоўцы называюць іх дыфтонгам) з першага на другі склад тлумачыцца тым, што беларусы зблізілі незразумелую для іх назву rauda з ужо вядомай Радуніца, дзе ў пачатку слова меўся добра матываваны корань -рад-. Прыкладна ў гэты ж час слоўка рáдаўніца (пішам з малой літары) з націскам на першым складзе стала абазначаць яшчэ вясёлку (па-руску радугу), а з націскам на трэцім складзе радаўнíца – беспарадак: у яе вечная радаўнíца (магчыма, пад уплывам перадсвяточнага прыбірання, прадугледжанага памінальным днём).
Традыцыі святкавання Радаўніцы складваліся тысячагоддзямі і практычна не змяніліся да нашых дзён, што сведчыць пра духоўную патрэбу чалавека не губляць сувязь з родзічамі, адчуваць сябе часткай і прадаўжальнікам роду. Само ж свята сканцэнтравала асноўныя складнікі нашага жыцця: працу, смутак, адпачынак (весялосць). Як калісьці старажытныя грэкі, мы прыводзім у парадак магілы. Ідзём памінаць сваякоў і суседзяў спачатку ў царкву, затым на могілкі, дзе рассцілаем абрус і пачынаем памінальную трапезу. У знак павагі прыносім фарбаваныя яйкі, куццю, мяса. Моўчкі стараемся пачуць голас нябожчыкаў, успамінаем іх, плачам. Крыху стравы і гарэлкі пакідаем «для мёртвых». Затым вяртаемся дадому і заканчваем правядзенне Радаўніцы застоллем або плённай працай у полі ці гародзе. Нездарма пра гэты дзень кажуць: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць».
У некаторых рэгіёнах Беларусі надмагільныя крыжы ўпрыгожваюць асобымі апазнавальнымі атрыбутамі: белы вянок вешаюць там, дзе была пахавана дзяўчына, белы фартух – на месцы пахавання жанчыны, белы ручнік – мужчыны альбо маладога чалавека. Ды і само свята называюць крыху інакш: Рáданец, Рáдунішта, Рáдульніца, Рáдункі.
Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ