Выйсце адно — рамонт за свой кошт. Героі гэтага артыкула вырашылі не чакаць нічыёй дапамогі і самі акультурылі месца, у якім жывуць.
Тры дамы на Лагойскім тракце —
— Нам пашанцавала — дом вельмі добры! Гэта чэшскі праект: тоўстыя цагляныя сцены, прасторныя пакоі. У нас шырокія калідоры, ліфтавыя холы, вялікія парадныя — не тое што ў панэльках. Увогуле, я задаволеная.
Месца добрае, інфраструктура тут навокал ёсць, побач зялёная зона. Шмат станоўчых момантаў магу прыгадаць.

За доўгі час эксплуатацыі, зразумела, месцы агульнага карыстання забрудзіліся, а фасады выцвілі. Менавіта таму ў 2023 годзе ў дамах прайшоў капрамонт: глабальныя праблемы выправілі, але вось касметычныя пакінулі на водкуп жыльцам.
Людміла — чалавек ініцыятыўны. Убачыўшы, што пасля капрамонту пад’езды засталіся ў жаласным стане, а ў родныя сцены ўсё ж такі хочацца вяртацца і ўжо на ўваходзе ў дом адчуваць утульнасць, яна вырашыла дзейнічаць.
— Жах жудасны, як выглядалі пад’езды, — успамінае мінчанка. — Спецыфіка нашага дома — агульныя балконы. Праз тое, што дзверы ў пад’езд былі адкрытыя, там увесь час збіраліся алкаголікі і наркаманы, моладзь тусавалася.
Якасных фатаграфій, якія дэманструюць «жах жудасны», не захавалася — не было мэты пакідаць іх на доўгую памяць. Але парачку здымкаў, зробленых на тэлефон, мінчанцы ўсё ж удалося знайсці.


Неабходнасць рамонту была відавочная:
— Абмеркавалі з суседзямі, вырашылі склікаць сход жыхароў. У цэлым усё пагадзіліся зрабіць рамонт сумеснымі сіламі. На першым паверсе. Спачатку хацелі пафарбаваць сцены. Але ж фарба ўсё роўна будзе з часам абсыпацца. Хтосьці прапанаваў абліцаваць паверхню пліткай. Палічылі, што на сцены спатрэбіцца 80 рублёў з кватэры. І пачалі збіраць грошы.

Плітку жыхары выбіралі самі, але працу ўсё ж даверылі іншай асобе. Грошай хапіла на тое, каб поўнасцю абнавіць сцены. На падлогу фінансаў ужо не засталося.
І тут здарыўся цуд: адна з суседак вырашыла проста так далажыць са сваёй кішэні $1000 на марафет падлогі. Такім чынам, яе таксама абнавілі пры дапамозе ідэнтычнай пліткі.

Ну, а далей працэс ужо было не спыніць. Новаму пад’езду зусім не пасавалі старыя дзверы. Усе скінуліся па 50 рублёў і купілі сучасныя жалезныя дзверы са шкляной устаўкай.
Гледзячы на ўсё гэта, жыхары зразумелі: зараз бы прыступіць да рамонту на паверхах. Тут ужо ўладальнікі кватэр на кожным узроўні самі ўзялі на сябе адказнасць, як эстэтычную, так і фінансавую. Кожная групка самастойна «задызайнерыла» свой паверх, таму ўсе яны выйшлі зусім рознымі. Недзе лётаюць матылькі, недзе красуюцца фігуры на сценах, недзе пануе мінімалізм. Але ёсць у іх і нешта агульнае — свежасць і акуратнасць.



Марафет на лесвічных пралётах абышоўся людзям у розныя сумы. На нейкіх паверхах гаспадары кватэр ахвяравалі па 85 рублёў, на іншых — ажно па 420. Так атрымалася, бо з пустых кватэр узяць не было чаго, а хтосьці і зусім адмаўляўся плаціць.
— Былі, вядома, тыя, якія не пагадзіліся скідацца на рамонт. З імі нічога не зробіш, іх не прымусіш ні просьбамі, ні пагрозамі. Але гэта было чакана.



Людміла кажа, што самае галоўнае ў рамонце пад’езда — праявіць ініцыятыву і пачаць.
— Былі два актывісты: я і яшчэ адзін хлопец. Бо хтосьці павінен быў вырашыць, якая плітка патрэбна, якія парэнчы, якія накладкі на прыступкі. Потым ужо людзі падключаліся, самі нешта прапанавалі. Вось, атрымліваецца, з дапамогай двух чалавек адбыўся маленькі цуд.



На ўсё пра ўсё ў жыхароў дома № 31 на Лагойскім тракце пайшло каля 24 тысяч рублёў.
Людміла прызнаецца, што калі б рамонт даверылі ЖЭСу, то сума, верагодна, была б заўважна большай.
— Людзі, якія завітваюць да нас, пытаюцца: «Ой, гэта ў вас новабудоўля, ці што?» Такія водгукі — гэта лепшая падзяка і плата за нашу працу.