Вучыўся ў пачатковай школе ў м. Лаварышкі, затым у 2-й Віленскай гімназіі (1906–1911) і на гістарычна-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта (1911–1916). Пасля заканчэння ўніверсітэта быў пакінуты пры кафедры рускай мовы і літаратуры для падрыхтоўкі да прафесарскага звання.
З 1917 г. у званні прыват-дацэнта выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы. З восені 1918 г. жыў і працаваў у Беларусі і Літве. Пасля ўтварэння Беларуска-Літоўскай Савецкай Рэспублікі праводзіў вялікую арганізатарскую работу ў галіне асветы.
У 1919 г. быў прызначаны дырэктарам беларускай гімназіі ў Вільні. Пасля таго як заходнебеларускія землі аказаліся ў складзе Польшчы, Тарашкевіч стаў членам Цэнтральнага беларускага выбарчага камітэта і ўзначаліў (у лістападзе 1922 г.) Беларускі пасольскі клуб, які вёў барацьбу за раўнапраўе беларусаў у Польшчы.
Браніслаў Тарашкевіч з сям'ёй.
На працягу шэрагу гадоў Браніслаў Адамовіч узначальваў Беларускае сялянска-працоўнае таварыства (Беларуская сялянска-работніцкая грамада) і быў звязаны з дзейнасцю Кампартыі Заходняй Беларусі. У студзені 1927 г. разам з іншымі актыўнымі членамі названага таварыства быў арыштаваны польскай палітычнай паліцыяй і ў 1928 г. асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення.
Паўторныя судовыя працэсы над Тарашкевічам былі ў 1929, 1931 і 1932 гадах. Пад ціскам сусветнай грамадскасці польскі ўрад змушаны быў у парадку абмену зняволенымі даць яму права выезду ў СССР.
Увосень 1933 г. Тарашкевіч прыбыў у Менск, а неўзабаве пераехаў у Маскву, дзе быў прызначаны загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце.
Першай сваёй задачай Тарашкевіч лічыў стварэнне граматыкі беларускай мовы. У 1918 годзе ў Вільні была апублікавана ягоная «Беларуская граматыка для школ», якая адыграла важную практычную і навуковую ролю.
У ёй змяшчаецца сціснутае апісанне гукавой сістэмы, арфаграфіі і граматычнага ладу сучаснай беларускай мовы. Аўтар абапіраўся на жывую народную мову і на пісьмовыя стылі таго часу. Граматыка перавыдавалася 6 разоў.
Сярод заслуг Тарашкевіча - ягоны пераклад на беларускую мову "Іліяды" Гамера і "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча.
6-га траўня 1937 года быў арыштаваны і неўзабаве расстраляны. Рэабілітаваны 26-га студзеня 1957 года.
Імем Браніслава Тарашкевіча названы вуліцы ў горадзе Маладзечне Мінскай вобласці і ў гарадскім пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна.
У 1969 годзе імя Тарашкевіча стаў насіць ліцэй з беларускай мовай навучання ў польскім горадзе Бельск-Падляскі.
У 2003 годзе імем Тарашкевіча названа вуліца ў жылым раёне Вялікая Сляпянка Мінска.
https://planetabelarus.by/publications/20-yanvarya-bronislav-tarashkevich-i-ego-tarashkevitsa/
