Фота: he.wikipedia.org
У яго было 14 братоў і сясцёр. Двое старэйшых, астатнія — меншыя за яго. Каб прабіцца ў людзі, трэба было вельмі моцна пастарацца.
І ён гэта рабіў: працаваў з малых гадоў, старанна вучыўся, потым выправіўся за мяжу, каб заняцца навукай. Справай усяго жыцця для яго было стварэнне незалежнай дзяржавы, у якой стаў потым і першым кіраўніком.
Tochka.by узгадвае Хаіма Вейцмана, які нарадзіўся на зямлі беларускай і памёр на Зямлі запаветнай.
Як Вейцман закахаўся ў хімію
Хаім Вейцман нарадзіўся 150 гадоў таму ў мястэчку Моталь Гродзенскай губерні (цяпер — Брэсцкая вобласць).
Яго тата служыў чыноўнікам канторы па сплаве лесу, маці займалася дзецьмі.
Вучыцца Хаім пачаў з пяці гадоў, а ўжо ў васьмігадовым узросце бацькі адправілі яго разам з адным з братоў у Пінск у сямікласную рэальную вучэльню.
Хаім быў хлопчыкам дапытлівым і працавітым. Гэта дапамагала яму бесперашкодна пераходзіць з класа ў клас.
Хлопец асабліва захапіўся хіміяй: гадзінамі знікаў у лабараторыі, любіў распытваць выкладчыка, вывучаць тэхналагічныя працэсы на маслабойні, вінакурным, піваварным і запалкавым заводах.
Любоў да хіміі вызначыла выбар прафесіі. Там жа, у Пінску, Хаім стаў заўзятым прыхільнікам ідэй сіянізму, гэта значыць аб’яднання і адраджэння яўрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме — зямлі Ізраілю. Але пра гэта крыху пазней.
Фота: planetabelarus.by
У беларускім Моталі захаваўся дом, дзе першыя гады свайго жыцця правёў Хаім Вейцман.
На канікулах Вейцман прыязджаў на сваю малую радзіму — у Моталь, каб дапамагчы бацьку і дзядзьку сплаўляць па рацэ лес.
У сваіх мемуарах «У пошуках шляху» Хаім успамінаў: «Нельга забываць і пра шчаслівыя канікулы. Былі летнія падарожжы на дзядзькавых плытах — уверх па канале да Брэста, а затым уніз па Бугу да Варшавы».
Як Вейцман апынуўся ў Еўропе
На апошнім курсе перад Хаімам паўстала пытанне, дзе прадоўжыць вучобу. У Расіі з-за праславутай рысы аселасці і занадта малой працэнтнай нормы для яўрэяў шанцаў паступіць ва ўніверсітэт Масквы або Санкт-Пецярбурга было няшмат. Вейцман адправіўся ў Еўропу.
У Вышэйшай тэхнічнай школе ў Дармштаце і Каралеўскім тэхнічным каледжы Берліна вывучаў біяхімію.
У 1898 годзе пераехаў у Жэневу для працы над доктарскай дысертацыяй. Ва ўзросце 27 гадоў стаў выкладчыкам у мясцовым універсітэце.
Тады ж запатэнтаваў сваё першае вынаходства і ўдала прадаў яго прамыслоўцам. На атрыманыя грошы дапамог сваім братам і сёстрам атрымаць вышэйшую адукацыю.
У 1904 годзе па запрашэнні Манчэстэрскага ўніверсітэта Вейцман пераехаў у Вялікабрытанію. Праз год яму было прысвоена званне прафесара.
Яшчэ праз пяць гадоў Хаім Вейцман стаў грамадзянінам Вялікабрытаніі. Менавіта тамака выявіўся яго талент хіміка, які асабліва раскрыўся падчас Першай сусветнай вайны.
Чым займаўся Вейцман-навуковец
Даследчыкі біяграфіі Хаіма Вейцмана паказваюць, што менавіта ён справіўся з задачай, пастаўленай ваенным міністрам Дэвідам Лойд Джорджам: прыдумаць, як можна вырабляць у прамысловых маштабах ацэтон.
Гэтая бясколерная лятучая вадкасць з характэрным пахам была неабходна для вытворчасці бяздымнага пораху, а значыць, для куль і снарадаў.
Навукоўца запрасілі ў Лондан і прызначылі кансультантам па вытворчасці ацэтону пры Адміралцействе.
На базе некалькіх збяднелых піваварных заводаў Вейцман апрабаваў новую тэхналогію, выкарыстоўваючы ў якасці зыходнай сыравіны кукурузу.
І ў выніку Брытанія ў найкарацейшыя тэрміны атрымала каля 300 тыс. т першакласнага ацэтону.
Падчас Другой сусветнай вайны вучоны працаваў над стварэннем сінтэтычнага каучуку.
Інфармацыі пра гэта няшмат, але вось як ацаніў яго дзейнасць віцэ-прэзідэнт ЗША Генры Уоллес:
«Свет ніколі не даведаецца, які значны ўклад унёс доктар Вейцман у паспяховае ажыццяўленне праграмы вытворчасці сінтэтычнага каучуку ў той час, калі гэтая праграма зайшла ў тупік і прасоўвалася вельмі павольна».
У 1942 годзе адбылася трагедыя: у адным з паветраных баёў загінуў старэйшы сын Вейцмана — Міхаэль, які служыў лётчыкам у брытанскіх ВПС. Каб хоць неяк прыглушыць гора, Хаім поўнасцю пагрузіўся ў навуку.
Фота: rntbcat.org.by
Напрыклад, ён прыняў удзел у распрацоўцы высокаактанавага паліва для брытанскага войска.
А яшчэ Вейцман займаўся пошукам новых спосабаў вырабу бялкоў, гэтак неабходных для краін з галадаючым насельніцтвам.
Акрамя таго, працаваў над стварэннем новых класаў фарбавальнікаў. Ёсць звесткі, што вучонага прыцягвалі для кансультацый па праблемах выкарыстання атамнай энергіі.
Вядома, што Хаім меў зносіны з найбуйнейшымі фізікамі стагоддзя: Эрнэстам Резерфордом, Альбертам Эйнштэйнам і Нільсам Борам.
На рахунку Вейцмана больш за сто патэнтаў, большая частка якіх была ўкаранёна ў вытворчасць. Яго нават некалькі разоў намінавалі на Нобелеўскую прэмію па хіміі.
Што з’явілася раней — Лондан або Іерусалім?
І ўсё ж галоўнае дасягненне ўсяго жыцця Хаіма Вейцмана ляжыць у іншай плоскасці.
Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Вялікабрытаніі неаднаразова цікавілася ў вучонага, чым аддзячыць яго. У адказ кожны раз гучала, што асабіста яму нічога не трэба. Хаім нязменна прасіў аб адным і тым жа: дапамагчы габрэям вярнуцца на Зямлю запаветную.
Асабістае знаёмства з Лойд-Джорджам і Ўінстанам Чэрчылем дазваляла Вейцману настойліва лабіраваць інтарэсы свайго народа.
Фота: he.wikipedia.org
Спрэчкі наконт стварэння габрэйскай дзяржавы вяліся даўно, але безвынікова. У якасьці нейкага кампрамісу прапаноўвалася габрэям рассяліцца ва Угандзе. Аб тым, што гэта немагчыма, Вейцман спрачаўся з міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Артурам Джэймсам Бальфурам.
«Я тады сказаў яму: спадар Бальфур, калі б я прапанаваў вам Парыж замест Лондана, вы пагадзіліся б? Ён памаўчаў, паглядзеў на мяне і адказаў: „Але, доктар Вейцман, Лондан у нас ёсць“. Слушна, сказаў я, але Ерусалім у нас быў, калі на месцы Лондана былі яшчэ балоты», — успамінаў потым Хаім.
У выніку з’явілася «Дэкларацыя Бальфура», якая выказвала «прыхільнасць» брытанскага ўрада да стварэння «габрэйскага нацыянальнага агменю ў Палестыне».
Прынцыпы, закладзеныя ў тым дакуменце, затым неаднаразова пераглядаліся (у тым ліку і англійскім урадам), тым не менш «Дэкларацыя» адыграла важную ролю ў стварэнні габрэйскай дзяржавы.
Як Вейцман стаў прэзідэнтам Ізраіля
Адной з самых актыўных і прыкметных фігур у прасоўванні ідэі сіянізму быў менавіта Хаім Вейцман, які з 1920 года ўзначальваў Сусветную сіянісцкую арганізацыю. Ён праводзіў вялікую колькасць сустрэч, выступаў на міжнародных канферэнцыях, спрачаўся, даказваў.
Высілкі ўвянчаліся тым, што
Праз некалькі дзён Вейцман сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Гары Трумэнам і атрымаў ад яго згоду на прадастаўленне льготнай пазыкі ў $100 млн новай габрэйскай дзяржаве. Гэта была вялікая дыпламатычная перамога.
Фота: he.wikipedia.org
Трумэн запэўніў таксама, што з Ізраілем будуць устаноўлены дыпламатычныя адносіны, пасля таго як там будзе абраны дэмакратычны ўрад.
Ізраіль абвясціў незалежнасць
«Я не ўпэўнены, што доктару Вейцману так ужо трэба гэтае прэзідэнцтва, але прэзідэнцтва доктара Вейцмана маральна неабходна дзяржаве Ізраіль», — заявіў тады прэм’ер-міністр краіны Давід Бэн-Гурыён.
Праз два гады Вейцмана зноў абралі на пасаду прэзідэнта. Аднак яго здароўе да таго часу прыкметна пахіснулася, сіл на тое, каб у поўнай меры займацца дзяржаўнымі справамі, заставалася няшмат.
Вейцман — пра тое, калі здараюцца цуды
Вейцман — пра тое, калі здараюцца цуды
Яго імем названы цэнтральныя вуліцы ў многіх гарадах Ізраіля, навукова-даследчы інстытут у Рахавоце.
Партрэт першага прэзідэнта краіны быў намаляваны на купюры наміналам 50 лір, затым — 5 шэкелей.
У беларускім Моталі, які стаў аграгарадком, захаваўся дом, дзе першыя гады свайго жыцця правёў Хаім Вейцман.
Аб сваім народзе ён казаў так: «Мабыць, мы, габрэі, — сыны гандляроў, але мы ж і ўнукі прарокаў».
А яшчэ Вейцман сказаў, што «цуды часам здараюцца, але над гэтым даводзіцца вельмі шмат працаваць».