У 6 год будучы творца склаў свой першы верш. Цікавіўся гісторыяй Беларусі, яе мовай і культурай. І большасць сваіх твораў напісаў менавіта на гэтыя тэмы.

Жыццёвы і творчы шлях
У сям’і бацькоў было трое дзяцей: Валерый, Наталля і Уладзімір Караткевічы. Валодзя быў малодшым.
З маці і сястрой, 1937 год
Пасля сканчэння школы вучыўся на філфаку Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Там жа прайшоў аспірантуру. Затым — на Вышэйшых літаратурных курсах і сцэнарных курсах Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (зараз Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя Сяргея Апалінаравіча Герасімава), і стаў ужо прафесійным пісьменнікам. З 1963 года жыў у Мінску.

Уладзімір Караткевіч вядомы таксама як драматург, публіцыст, перакладчык і сцэнарыст. Лічыцца адным з самых вядомых творцаў беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Ён першы з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Памёр 25 ліпеня 1984 года. Яго магіла знаходзіцца на Усходніх могілках у Мінску.

Помнік Караткевічу ў Кіеве
Самыя вядомыя творы: аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», а таксама нарыс «Зямля пад белымі крыламі».
Цікавыя факты пра Уладзіміра Караткевіча
-
У 3,5 гады навучыўся чытаць.
-
Вялікі ўплыў на Карткевіча аказаў яго дзядуля па матчынай лініі. Васіль Юльянавіч Грынкевіч распавядаў унуку шмат казак і народных паданняў. Таксама малы пераняў ад яго любоў да прыроды. Пазней дзядуля пісьменніка стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Шматлікія расповеды, якія малы Валодзя чуў ад дзеда, сталі асновай для будучых твораў Караткевіча.
-
Цікавіўся гісторыяй з самага дзяцінства. Асабліва яму была цікава гісторыя Беларусі.
-
Любіў маляваць і меў абсалютны слых. Схільнасць да малявання ў яго выявілася яшчэ ў дзяцінстве і захавалася на ўсё жыццё. Напрыклад, у малым узросце Уладзімір ужо спрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Таксама некаторы час Караткевіч займаўся ў музычнай школе. Захаваліся сотні яго малюнкаў, у тым ліку і шаржы, на якіх ён таксама адлюстроўваў сябе. Крыніцамі натхнення для Караткевіча былі і сюжэты з Бібліі, цікавыя людзі і сустрэчы з сябрамі.
-
Цікавіўся тэатрам і разумеў мову ідыш. Пра гэта ўспамінала старэйшая сястра пісьменніка. Разам з братам яны час ад часу хадзілі ў Оршы на пастаноўкі яўрэйскага тэатра. Паколькі яўрэйская мова гучала ў Оршы кожны дзень, яны «без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар».
-
У дзяцінстве імкнуўся дадумваць сюжэты казак і гісторый, якія яму распавядалі дарослыя.
-
У літаратуры дэбютаваў як паэт. Нягледзячы на тое, што зараз мы ведаем Караткевіча найперш па яго празаічных творах, у літаратуры ён пачаў свой шлях з паэзіі. Першыя яго вершы апублікавалі ў газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе. А ў 1955 годзя ў часопісе «Полымя» размясцілі яго верш «Машэка». А першы паэтычны зборнік «Матчына душа» з’явіўся ў 1958 годзе.
-
Цікавіўся паўстаннем Кастуся Каліноўскага
1863-1864 гадоў. Захапіўся гэтай тэмай у студэнцкія гады. І нават прысвяціў ёй цэлы раман «Каласы пад сярпом тваім», які многія лічаць галоўным творам аўтара. -
Ажаніўся ў 41 год і меў адзіную жонку. Са сваёй жонкай Уладзімір пазнаёміўся ў Брэсце, падчас чытацкай канферэнцыі па яго рамане «Каласы пад сярпом тваім». Валянціна Нікіціна (у дзявоцтве Ватковіч) тады працавала выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута, а таксама ў Брэсцкім краязнаўчым музеі. Яна захаплялася гісторыяй. Удваіх з мужам яны ездзілі на экспедыцыі і падарожнічалі. У сям’і было паразуменне. Але, на жаль, не было дзяцей. Валянціна памерла ад анкалагічнай хваробы, раней за мужа на паўтары гады.
-
Помнікі Караткевічу ёсць у Віцебску, Оршы і Кіеве. У гонар пісьменніка таксама ўстанавілі памятныя дошкі — у Мінску і Оршы. Яго імем назвалі школу ў Оршы, дзе ён вучыўся, а таксама вуліцы ў сталіцы, Оршы, Рагачове, Гродне і Віцебску. Таксама ў Оршы ў 2000 годзе адкрылі музей імя Уладзіміра Караткевіча.

Шарж Караткевіча на самога сябе
Уладзімір Караткевіч паспеў папрацаваць у многіх літаратурных жанрах. Па словах літаратурнага крытыка Адама Мальдзіса, які сябраваў з Караткевічам, было складана знайсці жанр, у якім Уладзімір НЕ працаваў. Ён паспрабаваў сябе ў аповесці, рамане, апавяданні, казках для дзяцей, рэцэнзіі, паэме, навуковым даследаванні, перакладах з розных моў, кінасцэнарыі і інш.

З жонкай Валянцінай
Цытаты з твораў
«Хто забыў сваіх продкаў ‒ сябе губляе,
Хто забыў сваю мову ‒ усё згубіў».
****
«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто ‒ і тады пераможаш». («Ладдзя Роспачы»)
****
«Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні — непрыкметна адбіраюць». («Каласы пад сярпом тваім»)
****
«Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі». («Каласы пад сярпом тваім»)
****
«Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». («Чорны замак Альшанскі»)
****
«А гэта на тое вам вочы і дадзены, каб разабрацца, дзе вас крытыкуе крытык, а дзе зладзюга ці чокнуты, дзе чалавек хоча выправіць справу словам, а дзе хоча пайсці на недастойны прыклад.» (Чорны замак Альшанскі)
****
«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».
****
«Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй».
****
«Уся паэзія — ад кахання».
****
«Лепей ніякай велічы, чым веліч на касцях народа».
