Новости Бешенковичей → Общество |
|
10.11.2024 19:38 290 просмотров 0 комментариев Незвычайная гісторыя пра БешанковічыВядомая блогерка і барацьбіт за беларускую мову Зоя Доля нядаўна ажыццявіла падарожжа па маршруце Сянно-Бешанковічы. У гэтых райцэнтрах па яе зваротах з’явіліся новыя беларускія надпісы. У Бешанковічах — гэта надпіс на бібліятэцы са словамі Францыска Скарыны. |
|
А ВЫ БЫВАЛІ Ў СЯННО?
Нядаўна ажыццявіла падарожжа па маршруце Сянно-Бешанковічы. У гэтых райцэнтрах па маіх зваротах з’явіліся новыя беларускія надпісы.
Спачатку пра Сянно. З Мінску ехалі па алімпійскай трасе, а як збочылі, дык апынуліся на гравійцы і кіламетраў з пятнаццаць па ёй шамацелі. Паабапал дарогі празрыстыя азёры, край запаведны. Праз некаторы час зноў вырулілі на асфальтавую дарогу і неўзабаве – Сянно. Горад даволі шырокі, бо шмат прыватнай забудовы, а цэнтр утульны і кампактны: бібліятэка, Дом культуры, адміністрацыйныя будынкі, рэстаран з пафаснай назвай “Акропаль”, парк, Замкавая гара, возера і г.д.
Дарэчы, нанялі кватэру з шыкоўным еўрарамонтам усяго за 70 р. Жылплошчу нам дапамагала знайсці Таццянна, энергічная маладая жанчына, зараз займаецца арэндай, заўзята кіруе машынай, і … выдатна спявае, вакалістака, мае музычную адукацыю, высветлілася, што раней працавала ў сферы культуры. Пашанцавала нам, бо Таццяна распавяла пра славутасці Сенненшчыны, лёгка было арыентавацца, што і дзе паглядзець, нават даведаліся пра “Чортаў камень” – самы вялікі валун у Беларусі. Экскурсію пачалі з Замкавай гары, а там насупраць чароўнае возера. Прыгажосць. Абышлі ўвесь цэнтр.
Падсілкавацца вырашылі ў пельменнай.
Пытаюся ў работніцы сферы харчавання, ці гавораць у Сянно па-беларуску?
- Канечне гавораць, вось я напрыклад размаўляю, праўда у нас свой мясцовы дыялект, – ўдакладніла яна наконт мовы зносін і яшчэ ахвотна распавяла пра мясцовыя цікавосткі.
Неўзавбаве прынесла нам замоўленую ежу і з усмешкай прамовіла: “Смачна есці”.
Абед пацягнуў 17 р. на дваіх. Нармальныя кошты.
Вечарам з мужам шпацыравалі па начному гораду. Ціха, мінакоў на вуліцах амаль няма. Крыху заблукалі і сустрэліся нам дзве жанчыны, спыталі ў іх, як прайсці да крамы “Санта”, бо паблізу мы наймалі кватэру.
І завязалася ў нас гамонка, зноў шмат даведаліся пра Сянно, пра знакамітых ураджэнцаў краю, скульптара Заіра Азгура і Матрону Маркевіч, аўтарку арнаменту сцяга Беларусі.
Адна з жанчын, апавядаючы пра Сянно, пажартавала, маўляў, знаёмыя прыязджалі на госці і пацікавіліся : “ У вас тут горад ёсць?” - гэта таму, што з якога боку не заедзеш, усюды прыватны сектар.
Горад ёсць , падцвярджаю, у мікрараёне шмат пяціпавярховікаў.
Наступным днём экскурсію прадоўжылі. Бібліятэка сустрэла маляўнічым банерам на фасадзе. Дэрэктарка паведаміла, што выбіралі варыянт банера разам з супрацоўнікамі Віцебскага аблвыканкама, падзякавала мне за зварот, адзначыла, што прыемна, калі беларусы пішуць лісты па-беларуску і жадаюць больш роднай мовы ў надпісах.
З загадчыцай аддзела абслугоўвання наведвальнікаў Вольгай выдатна кантактавалі па-беларуску, мова яе лілася срэбразвонным ручаём, натуральна і нязмушана, распавяла пра Сянно і ваколіцы, пра бібліобус, які калясіць па вёсках. Вольга адзначыла, што мясцовыя жыхары чытаюць:
- Дэтэктывы
- Кнігі на гістарычныя тэмы
- Любоўныя раманы
І асаблівай папулярнасцю карыстаецца сучасная літаратура выдадзеная на беларускай мове! Во як высветлілася. ПІШЫЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ, НАРОД ЧАКАЕ І ЧЫТАЕ!
Яшчэ пабывалі ў музеі рамёстваў, у ім безліч разнастайных экспанатаў: маляванкі, народныя строі, вырабы з саломкі і інш. Падчас нашага візіту ў музеі якраз праходзіла экскурсія, група пенсіянерак слухала аповед пра традыцыйныя рамёствы. Вось такія цікаўныя пажылыя людзі ў Сянно, яшчэ яны займаюца саломапляценнем. Наогул, уражанне, што мясцовыя жыхары энергічныя, адкрытыя і актыўныя.
Пазнаёміліся з Сянно і далей паехалі ў Бешанковічы, але гэта ўжо іншая гісторыя, працяг будзе.
НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ГІСТОРЫІ ПРА БЕШАНКОВІЧЫ
Далей кіраваліся ў Бешанковічы. У гэтым годзе там праходзілі “Дажынкі”. З выканкама мне паведамілі, што на паседжанні штаба разгледзілі мой зварот і ўсё аформілі па-беларуску. Нажаль па сямейных абставінах на святкаванне патрапіць не атрымалася. І вось у кастрычніку з’явіўся вольны час наведаць Бешанковічы.
Прыехалі. Сустракае падарожнікаў ўпрыгожаны малюнкам кветкі васілька банер “Дажынкі 2024 Бешанковічы”, адразу відаць творчыя людзі яго ўсталявалі. Зрабілі фота ды імканулі да бібліятэкі, бо менавіта на яе фасадзе ўвасобілі надпіс словамі нашага славутага першадрукара Скарыны “Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі!” І канечне ж зазірнулі ў бібліятэку, рамонт там добры, аднак яшчэ не скончаны, трэба давесці да толку дэталі аздаблення і будзе шыкоўная ўстанова.
У зале абслугоўвання наведвальнікаў звярнула ўвагу, што паліцы з сучаснай беларускай літаратурай усталявалі ў зручным месцы, пры мне мужчына выбіраў там сабе ўпадабаную кнігу. Пагаманілі з супрацоўніцамі, яны ўсцешаны красамоўным надпісам на фасадзе і рамонтам будынка, яшчэ параілі нам абавязкова зазірнуць у краязнаўчы музей, гарантавалі, што Лявоненка Станіслаў Пятровіч правядзе займальную экскурсію. Так і адбылося, экскурсійная праграма прайшла змястоўна і цікава! Напачатку я агучыла запыт: “Экскурсія нам патрэбна на беларускай мове!” Мы пажадалі пра родны край - на роднай мове!
Станіслаў Пятровіч, старэйшы навуковы супрацоўнік музея і выдатны апавядальнік, гістарычныя сюжэты аздабляў гумарам, з яго вуснаў пачулі незвычайныя гісторыі пра Бешанковіцкі край, а ў разнастайнай экспазіцыі нават бачылі зуб маманта! Падчас раскопак, чаго толькі не трапляецца, можна знайсці старадаўнія артэфакты, а можна і снарад, які застаўся з вайны.
Пабачылі грошы розных эпох. У старадаўнія часы манеты выраблялі срэбныя, потым пачалі дадаваць больш танны метал, каб паболей наштампаваць, дык манеты абясцэньваліся, адбывалася сваеасаблівая сярэднявечная інфляцыя. Неяк заезжы італьянец са згоды магнатаў арганізаваў масавы выпуск манет з танным дадаткам і абваліў грашовы рынак.
На другім паверсе музея абсталяваны пакой з мэбляй савецкіх часоў, лямпавым тэлевізарам, радыёпрыёмнікам, выглядае вельмі атмасферна.
Распавяла экскурсаводу, што райвыканкам абяцаў на Дажынках беларускамоўнымі надпісамі афармляць гандлёвыя палаткі, рады рамеснікаў, арганізацыі і прадпрымальнікаў. І Станіслаў Пятровіч падцвердзіў, што так і было, бо гэта ж наша нацыянальнае свята.
Пасля экскурсіі завіталі ў кафэ паабедаць і высветлілася, што амаль ўсе стравы паелі спартоўцы, бо ў Бешанковічах праходзілі спаборніцтвы, баршчы з салатамі і булкамі падчыстую спажылі, нам засталіся толькі бульбяное пюрэ з катлетамі. Падсілкаваліся і выйшлі на шпацыр. На вуліцы спаткалі жанчыну, якая раздавала мінакам і нам прапанавала рэкламныя буклеты. Кажу ей: “Мы з Мінску, не мясцовыя!”. А жанчына дзелавіта паведаміла, што таксама мінчанка, і рэкламуе Мінскую кампанію, якая адкрыла ў Бешанковічах краму спажывецкіх тавараў, тобок жыццё бруіць і гандаль квітнее! Ля новай крамы прагульваліся дарослыя і дзеці з разнакаляровымі паветранымі шарыкамі.
Тут жа ў цэнтры знаходзіцца гатэль, дарэчы, яго адрамантавалі і на фасадзе ўсталявалі вялікі банер з беларускім надпісам “Квітней мой родны край БЕШАНКОВІЧЫ!”. Відаць банер мае магічнае ўздзеянне і прываблівае пастаяльцаў, бо падчас нашага прыезду ўсе нумары ў гатэлі былі занятыя спартоўцамі.
На прыпынку Бешанковіцкі лясгас размясціў плакат “Не пакідайце смецце ў лесе”. Папярэджанне аматарам адпачынку на прыродзе.
На галоўнай вуліцы яшчэ пабачылі панскую сядзібу.
Шкада, што было малавата часу, каб грунтоўна агледзець гарадскі пасёлак Бешанковічы, але ж уражанне прыемнае, адчуваецца рух і дынаміка, мабыць “Дажынкі” надалі імпэту.
|