Удзел у рабоце штаба прыняў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. Карэспандэнт «Звязды» таксама наведаў сэрца Мінскай вобласці і даведаўся, на якім этапе зараз падрыхтоўка да галоўнага свята хлебаробаў.
Сувязь з гісторыяй
Культура беларусаў цесна звязана з зямлёй, земляробствам. Многія святы, звычаі і традыцыі бяруць свой пачатак з падзей, цесна звязаных з земляробчым календаром.
«Дажынкі», мабыць, самае вядомае з такіх святаў. Гэты старажытны абрад вядомы практычна ўсім народам, якія займаюцца земляробствам. З даўніх часоў «Дажынкі» азначалі канец жніва, гарачай уборачнай пары і цяжкай працы, таму і святкавалі яго заўсёды з размахам. У апошні дзень жніва на полі збіралася талака — добраахвотныя памочнікі, сярод якіх былі сваякі, сябры, суседзі. Самая старэйшая і паважаная жанчына паказвала, дзе каму жаць і першай пачынала жніво. Кожны ўзмах сярпом суправаджаўся адмысловымі абрадавымі песнямі.
Дарэчы, такое маштабнае святкаванне «Дажынак» характэрна толькі для Беларусі. Больш ні адна краіна на постсавецкай прасторы не святкуе заканчэнне жніва з такім размахам.
Усё ідзе сваёй чаргой
У горадзе ўжо актыўна ідзе добраўпарадкаванне вуліц, капітальны і бягучы рамонт жылога сектара, аднаўленне фасадаў грамадскіх устаноў: бібліятэкі, раённага цэнтра культуры, Дома побыту. Істотна абноўлены жылфонд. Прыгожыя муралы ўпрыгожылі многія шматпавярховікі. Капрамонт зведаюць дванаццаць дамоў, з іх восем ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Бягучы рамонт выкананы ў 8 з 24 дамоў. Таксама ўводзіцца сучасная сістэма асвятлення вуліц — святлодыёдныя ліхтары. Асфальтуюцца тратуары.
Гарадская цэнтральная плошча — асноўнае месца правядзення свята. Надаць ёй сучасны выгляд вырашана за кошт абнаўлення фасадаў будынкаў, дарожных знакаў, малых архітэктурных формаў. Да 1 жніўня тут плануюць абнавіць плітку. На гэтым тыдні на цэнтральнай плошчы горада павінны замяніць электракабель. А ўжо хутка прывязуць 3 варыянты пліткі, з якіх можна будзе выбраць прыдатную.
«Сёння хацелася б завастрыць увагу на гэтай лакацыі, — распавёў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. — Мы ўжо гаварылі аб нашых падыходах у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гэтак далей. Усё ідзе сваёй чаргой. Вырашаем застарэлыя праблемы Валожына: гарачая вада, каналізацыя, вулічна-дарожная сетка».
Мінулым разам на пад’ездзе ў райцэнтр, на кальцы, рабочыя займаліся падрыхтоўкай да ўстаноўкі прыпыначнага пункта. Абяцанне амаль выканалі — пятачок заасфальтавалі, але самога прыпынку пакуль няма на месцы. Затое ў межах горада для пасажыраў зроблена ўсё: людзей радуе новая заасфальтаваная дарога.
На думку губернатара, тут, на Валожыншчыне, найцікавыя месцы. «Архітэктура, якая, на шчасце, захавалася, прадстаўлена выдатнымі будынкамі, палацава-паркавым ансамблем, касцёлам, іешывай. Лічу, што ў перспектыве Валожын павінен стаць месцам прыцягнення для турыстаў. Таму тут важная кожная дробязь. І не выпадкова, праходзячы сёння пешшу вакол цэнтральнай плошчы горада, бачыш на фоне маштабных змяненняў розныя дробязі, якія трэба ліквідаваць і паправіць», — акцэнтаваў ён.
Яшчэ адна кропка — мясцовыя могілкі. 750 метраў новага забора павінны з’явіцца да 20 ліпеня. Работы сёння працягваюцца. «Просьба сур’ёзна ставіцца да ўсіх агучаных слоў і тэрмінаў. Усюды павінен быць парадак», — сказаў губернатар.
Ён адзначыў асаблівую важнасць аднаўлення гістарычных сімвалаў і ўнікальнасць будынка іешывы (першага вышэйшага духоўнага вучылішча іўдзеяў на тэрыторыі Усходняй Еўропы)
«Да гэтага ўнікальнага збудавання ўжо праяўляюць цікавасць многія людзі па ўсім свеце, абяцаючы даць унікальныя экспанаты для адкрыцця тут музея. Таму з’яўленне такой славутасці стане дадатковым стымулам для наведвання Валожына. З улікам таго, што праз Беларусь праходзіла велізарная колькасць, прычым не нашых, войнаў, многія аб’екты проста сцёртыя з твару зямлі. І тое, што ў нас засталося — мы павінны берагчы і аднаўляць, каб маглі не толькі мы, але і нашы нашчадкі яшчэ заходзіць у такія выдатныя аб’екты і пазнаваць гісторыю нашай цудоўнай Радзімы», — дадаў кіраўнік Міншчыны.
Прывесці ў парадак збіраюцца і раку Валожынку. Месцамі яна зарасла і выглядае не вельмі дагледжана. Дадатковыя сродкі на рамонт дарог у Валожыне гатовы выдзеліць Мінскі аблвыканкам. А ў лістападзе-снежні гэтага года ў мясцовай бальніцы з’явіцца кабінет КТ. Будзе адрамантавана і прыёмнае памяшканне.
«У нас няма скончанасці ў работах. Мы робім асноўнае, а на дробязі не звяртаем увагу. І гэта самае непрыемнае, — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — Хачу звярнуцца да ўсіх кіраўнікоў: звярніце ўвагу на свае аб’екты. Усюды павінен быць парадак да 1 жніўня».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара