beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

17.05.2024 20:48

296 просмотров

0 комментариев

Дудар, якога слухае неба

Дзесяць гадоў таму не стала Змітра Сідаровіча — паэта і музыкі, аднаго са стваральнікаў гурта «Камелот», пад чые песні можна і рыцарскі фэст праводзіць, і ў каханні любай прызнавацца, і падарожнічаць па гістарычных мясцінах Беларусі.

У апошнім я неаднойчы пераконваўся сам і пераконваў сваіх сяброў па вандроўках. Як жа дарэчна гучалі тыя песні пад сценамі Мірскага, Наваградскага і Крэўскага замкаў, на беразе Свіцязі і Кромані, на бясконцых беларускіх бальшаках!

Хай паказыча нам горла
Каралеўскі напой!
Хай давядзе, што не ўмёрла
Наша справа з табой!
Весялей, браце мой,
Гэй, браце мой…

Песні для “Камелота” пісаў Зміцер Сідаровіч – мой даўні сябра, першы ў маім жыцці тэхнар з беларускім светапоглядам. Зміцер быў і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц. Ён сапраўды належаў да рэдкага роду мультымастакоў. Ён пісаў вершы, прыдумваў мелодыі і выконваў уласныя песні. Ён граў на гітары і на дудзе. Ён мог навучыць вас танцаваць падыспань. Ён умеў адрозніць аўтэнтычны фальклор ад прафесійных падробак.

Можна было падумаць, што Зміцер закончыў Акадэмію мастацтваў (прычым адразу некалькі аддзяленняў), філфак універсітэта і харэаграфічную навучальню. А ён – выпускнік будаўнічага факультэта Політэхнічнага інстытута, дзе, дарэчы, дыплом абараняў па-беларуску. I было гэта амаль трыццаць гадоў таму, калі айчынная політэхніка з роднай мовай амаль не зналася. А да інстытута Зміцер Сідаровіч, карэнны мянчук, закончыў 121-ю сталічную школу, звычайную, без “ухілаў”.

Ухіл быў у ім самім – любоў да беларускай старасвеччыны, да нацыянальнага меласу, да бардаўскай песні. I калі з менскіх сцэнаў загучаў гурт “Камелот”, творчым рухавіком якога стаў Зміцер, здалося – гэта пачуліся галасы сярэднявечных ваяроў, якія, ідучы на Грунвальд, прысядалі за стол у карчомцы дзе-небудзь пад Наваградкам ці Крэвам.

Я перакананы: нягледзячы на кароткі час свайго існавання (1991-1996), “Камелот” ужо застаўся ў гісторыі беларускай музычнай культуры. Песні з ягонага альбома “У краіне талераў” мне даводзілася чуць і на глухім лясным хутары пад Ракавам, і ў аўто на вуліцах Львова, і ў кватэры прафесара Варшаўскага ўніверсітэта. Мой сын Вячка, ледзь-ледзь навучыўшыся хадзіць, адважна пайшоў у скокі, як толькі пад акампанемент бубна пачуліся словы: “А дзе ж тыя ваяры, што са мной хадзілі ў Крым”…

Добра, што “Камелот” прагучаў своечасова. На світанку нашай незалежнасці былі патрэбныя якраз такія песні – ваярскія, мужныя, якія б выхоўвалі сапраўдных абаронцаў Айчыны. Нездарма ў шматспадзеўныя 20-я гады мінулага стагоддзя Янка Купала палічыў сваім абавязкам напісаць нізку ваяцкіх, маршавых песняў.
Шкада, што “Камелот” так хутка распаўся, бо наша адраджэнне зацягнулася, і патрэба ў духаўздымных песнях з акцэнтацыяй на айчынную гісторыю засталася. Асабліва пераконваешся ў гэтым, калі трапляеш у Беларусі на чарговы рыцарскі фэст, дзе маладзёны ў даспехах размаўляюць па-расійску – на мове краіны, у якой тых рыцараў спакон вякоў не было.

“Камелот” распаўся, але Зміцер Сідаровіч і без сяброў-паплечнікаў не апусціў рукі. Ён ахвотна адгукаўся на запросіны выступіць з камелотаўскім рэпертуарам. Сплаўляўся на байдарках па Вяллі, ехаў у падбеластоцкі Гарадок на “Басовішча”, у Крынічнае над Нёманам на Брылёўскія чытанні, у Зэльву на прэзентацыю новай кнігі Ларысы Геніюш, у Гарошкаў на песенны фестываль памяці Анатоля Сыса, у Сынкавічы на фэст хрысціянскай паэзіі... I паўсюль з ім былі дуда і гітара.

У Крынічным я паказаў сябру цуд прыроды – ладнаватую бярозу, якая вырасла проста на дубовым пні. Стаяла як на пастаменце, нібы сімвалізуючы паяднаную красу і сілу. Зміцер агледзеў той “бярозадуб” з усіх бакоў і сур’ёзна заўважыў, што ў любой справе найгалоўнае – добры падмурак.

Надзейным падмуркам для яго самога была гісторыя – пераважна Вялікае Княства, у якое ён, як аднойчы прызнаўся, згодны быў перасяліцца назаўжды. Зміцер пакінуў нам песні пра Бітву пад Воршай, пра славутага Тадэвуша Рэйтана, пра мрою ўсіх ліцвінскіх дзяўчатаў – пана Скіргайлу, песні, у якіх – рыцарская вернасць Радзіме і каханай, весялосць і кемлівасць нашых далёкіх продкаў, якія ведалі смак жыцця. Нездарма галоўным музычным інструментам для Змітра стала дуда, гісторыя якой на беларускіх землях налічвае больш за чатырыста гадоў!

О, пра дуду ён мог расказваць бясконца, быццам праводзіў экскурсію па старасвецкім музеі. Расказваў і паказваў, як дзейнічаюць усе тыя бурдоны і пішчыкі, з якой скуры вырабляецца мех, у чым адрозненне шатландскіх дудаў ад беларускіх.

Памятаю, выступалі мы разам у Мазыры, у гімназіі. Без лішняга розгаласу… І розгаласу не было, пакуль Зміцер не ўзяў у рукі дуду. Праз пяць хвілінаў у актавую залу збеглася ўся гімназія ўлучна з кухаркамі са сталоўкі і рамонтнікамі-страхарамі, якія мянялі шыфер на даху. Усе тады пабачылі дуду, якая грала, упершыню. Не выключана, што дуда прыцягнула ўвагу і мясцовых ідэолагаў, чаго дырэктар гімназіі, непалахлівы ўвогуле чалавек, трохі асцерагаўся.

Дудар ад Бога, Зміцер Сідаровіч ахвотна браўся і за гітару. І як бард таксама ўмеў зацікавіць слухачоў, асабліва моладзь. Найбольш ёй падабалася песня “Ясна панна мая”, якую Зміцер выконваў проста віртуозна. Рэч у тым, што прыпеў тае песні спяваўся скорагаворкай, і я заўсёды перажываў за сябра, каб не збіўся. Не збіўся ні разу. Слухачы забываліся пра ўсё на свеце і здзіўляліся, як можна за дзесяць секундаў (я неяк захранаметраваў) так незвычайна прызнацца ў каханні. Вось як гучаў той прыпеў (косак адмыслова не стаўлю – выканаўца не дазваляў сабе аніводнай паўзы, як толькі паветра ў лёгкіх хапала):

Горы рассыплюцца ў порах
Сонца закрыецца чорным
Зоры сарвуцца з нябёсаў
Буду я голы і босы
Знікнуць гады як хвіліны
Рознае стане адзіным

Золатам зробіцца смецце
Ўсё памяняецца ў свеце
Толькі не знікае
Будзе ў сэрцы гэта песня
Наша зорка зноў заззяе
Наша сонца уваскрэсне!

Перачытваю адзіную кніжку Змітра Сідаровіча “Тры жалуды” (2007), якую выпала рэдагаваць. На ёй – сяброўскі размашысты аўтограф “за тытанічную працу”... Праца не была тытанічнай. Бо як ты будзеш рэдагаваць песні, якія спяваюць, якія жывуць у народзе? Любячы і спяваючы іх, шмат хто лічыў Сідаровіча музыкам-прафесіяналам. А ён працаваў ва ўстанове, назву якой з першага разу і не вымавіш, – “Белпраектстальканструкцыя”. Канструяваў рэтрансляцыйныя вежы. І пісаў рыцарскія балады.

Калі рыхтавалі тыя “Тры жалуды” да друку, я папрасіў аўтара даслаць як мага больш падрабязную біяграфію. Як зазвычай бывае – аўтар складае свой жыццяпіс, рэдактар рэдагуе і скарачае. Тым разам скарачаць нічога не давялося. Сябра даслаў “падрабязную біяграфію” ў такім выглядзе: “Зміцер Сідаровіч нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску. Дудар. Збірае фальклор”. І ўсё. Нават сваю навуковую кандыдацкую ступень не палічыў патрэбным прыгадаць. Так у кніжцы і выйшла.

Апошнім часам ён жыў самотнікам. Сваю аднапакаёўку на дзевятнаццатым паверсе па вуліцы Каліноўскага аздобіў насценнымі камянямі, як старажытны замак. Па вечаровых позніх званках было зразумела, што самоты тае ён у любую хвіліну гатовы пазбавіцца. Дуда і гітара заўсёды былі пад рукой.

Аднойчы я спытаўся, зірнуўшы з акна на далёкую ўнізе вуліцу і блізкія хмары: каму ты тут граеш, калі застаешся надоўга адзін? І Зміцер без ценю ўсмешкі адказаў: "Небу. – І слухае? – Гэта самы лепшы слухач".

Цяпер ён грае там. І калі мы, чарговым разам настрашаныя пра хуткі канец свету, раптам пачуем адкульсці звысоку зыкі, падобныя на голас арханёльскае трубы, то не спяшаймася ставіць апошнюю кропку. Магчыма, гэта гучыць для нас дуда Змітра Сідаровіча. Дудара, якога слухала і слухае неба.
Міхась Скобла

Последние новости