І ў жанчыны пачаўся квэст: дзе ў Віцебску знайсці газету на беларускай мове. Яна шукала і ў шапіках, і на пошце. Не знайшла.
Тады жанчына звярнулася да мяне: мо, я ведаю. Тут у квэст уключылася і я.
Я дакладна ведала, што шукаць: "Звязду". Зараз у краіне гэта адзіная рэспубліканская газета цалкам на беларускай мове. Рэгіянальныя выданні - адсоткаў на 90-95 рускамоўныя. Пра незалежныя медыя памаўчым.
Абышла шэраг шапікаў у сваім раёне. "Звязды" нідзе няма! Гэта здзівіла: усё ж газета дзяржаўная, чаму яе не распаўсюджваюць?
Адна кіяскёрка падказала: шукайце ў шапіках у цэнтры горада, гэта выданне будзе толькі там. І шукайце раніцай, калі ў шапікі прывозяць свежыя газеты.
Зазірнула ў тры шапікі на цэнтральнай вуліцы Леніна. Зноў няма!
І толькі ў шапіку каля Ратушы нарэшце знайшла "Звязду". Гандлярка распавяла, што у дні завоза свежай прэсы ёй выдаюць адзін (!) асобнік гэтай газеты.
Я купіла самы свежы нумар. А таксама два нумары за мінулы тыдзень. Атрымліваецца, адзіным чытачом той часткі накладу "Звязды", які давалі на днях на гэты шапік, была я.
Не ведаю, ці будзе газета цікавая іспанскаму прафесару. Я тое-сёе там знайшла. Напрыклад, вывучыла ўсходы і заходы сонца. Дык вось, у Віцебску зараз дзень даўжэйшы, чым у Брэсце, ажно на 29 хвілін!
Увогуле, трымаць у руках папяровую газету - ужо вельмі дзіўна, калі ты даўно прывык чытаць усё ў інтэрнэце.
Ува ўсіх шапіках, акрамя аднаго, гандляркі вельмі прыязна рэагавалі на беларускую мову.
На фота: газетны кіёск у Віцебску, дзе самы лепшы выбар газет і вельмі мілая гандлярка.
