Апошнія нашы сустрэчы адбыліся ў ліпені 2015 года. Па папярэдняй дамоўленасці з Нілам Сымонавічам 2 ліпеня я прапанаваў яму спіс з 63 пытанняў на розную тэматыку — з тым, каб ён прадумаў на іх адказы. На некаторыя пытанні ён адным-двума словамі ці кароткімі сказамі паспрабаваў адказаць, зрабіўшы надпісы алоўкам зверху. Пасля няспешна прайшоўся па ўсім тэксце і пад мой запіс даў пэўныя каментарыі да сваіх лапідарных адказаў, удакладніўшы і пашырыўшы некаторыя з іх.
Прапаную ўвазе чытачоў асобныя з гэтых адказаў.
— Ніл Сымонавіч, якім абставінам ці асобам вы асабліва ўдзячны за тое, што звязалі свой лёс з літаратурай?
— Тарасу Шаўчэнку, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Францішку Багушэвічу.
— Як вы лічыце, ад каго вам у спадчыну перадаўся мастацкі дар, паэтычны талент?
— Думаю, што ад дзеда па маме — Мікалая Давыдавіча Рулькевіча.
— Што забяспечыла паступальнае развіццё вашага таленту? Як вы спасцігалі сакрэты паэтычнага майстэрства?
— Чытаннем паэзіі вялікіх — перш за ўсё.
— Ніл Сымонавіч, у свой час мяне моцна ўразілі вашы зборнікі «Бальшак» (1965) і «Перазовы» (1967). Прыгадайце, калі ласка, чым быў абумоўлены, як узнік прысвечаны Максіму Танку вянок санетаў «Нарач», які ўвайшоў у апошні з іх? Дзе, пры якіх абставінах вы яго стваралі? Чаму вы вырашылі прысвяціць Максіму Танку не верш, не паэму, не нарыс, а менавіта вянок санетаў?
— Убачыў, што Максім Танк — пясняр Нарачы.
— З гадамі, назапашаным досведам, набытым майстэрствам вам вершы пісаць лягчэй ці цяжэй?
— Цяжэй! Бо пачуццё адказнасці большае.
— Вы апублікавалі 35 зборнікаў вершаў (акрамя кніг выбранага), 16 кніг паэтычных і празаічных перакладаў, 13 кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, 8 кніг эсэістыкі і публіцыстыкі. Такога творчага набытку не мае ніводзін беларускі літаратар! Якая з кніг для вас самая адметная, самая дарагая? Якая з іх далася вам асабліва цяжка і пакутна? Чаму?
— Раман «Родныя дзеці».
— Што вам не падабаецца ў сваёй паэзіі?
— Асобныя творы, асабліва з ранніх.
— Што б вы назвалі сваёй самай вялікай творчай і жыццёвай удачай?
— Шлюб з Нінай Іванаўнай.
— Каго вы лічыце сваім галоўным чытачом?
— Настаўнікаў.
— Якую падзею ў сваім жыцці вы лічыце самай важнай, самай галоўнай?
— Нараджэнне сына.
— Калі вы адчувалі сябе найбольш свабодным?
— Калі пісаў!
— З кім вы блізка сябравалі ў ранейшыя часы? Хто вашы сябры зараз?
— З Быкавым. Іх многа.
— Чаго вы не зможаце дараваць чалавеку?
— Здраду!
— Назавіце, калі ласка, пяць найбуйнейшых пісьменнікаў у гісторыі беларускай літаратуры, якія, на вашу думку, аказалі самы значны ўплыў на яе развіццё.
— Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі.
— У чым заключаюцца вашы галоўныя жыццёвыя каштоўнасці?
— Вернасць Радзіме, народу.
Я ўдзячны Нілу Сымонавічу Гілевічу за ўрокі шчырасці, дабрыні і высакароднасці. Гэта быў вялікі патрыёт Беларусі, выдатны паэт, чалавек вялікага, нераўнадушнага сэрца, да канца верны свайму высокаму духоўна-маральнаму і грамадзянскаму абавязку.
Мікола МІКУЛІЧ
https://zviazda.by/be/news/20161004/1475568365-gutarki-z-nilam-gilevicham