Кансультант упраўлення дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Калпакоў распавёў на прэс-канферэнцыі, навошта трэба чыпаванне сабак і катоў і ці можа быць уведзены такі абавязак у Беларусі, перадае БелТА.
Дэпутаты на пасяджэнні дзесятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання 28 лютага прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёламі».
«Законапраект вельмі аб’ёмны, уключае ў сябе шмат норм, патрабаванняў, пачынаючы ад таго, як утрымліваць жывёлу, заканчваючы тымі момантамі, якія накіраваны на недапушчэнне павелічэння колькасці безнаглядных жывёл. Дакумент прайшоў грамадскае абмеркаванне, каментароў было вельмі шмат, усе яны ўлічваліся і абмяркоўваліся на пляцоўцы Палаты прадстаўнікоў, у прысутнасці прадстаўнікоў дзяржорганаў, грамадскіх аб’яднанняў.
Па выніках публічнага абмеркавання такая норма, як абавязковае чыпаванне і ўлік жывёл, была знята. Але гэта не значыць, што ў нас у краіне гэтага не будзе. Гэта можна прадугледзець прававым актам ніжэйшага ўзроўню, напрыклад, пастановай Савета Міністраў.», — сказаў Сяргей Калпакоў.
Паводле яго слоў, увядзенне сістэмы ўліку дасць магчымасць вырашыць дзве праблемы. «Калі жывёла аказалася безнагляднай, мы знойдзем гаспадара і паставім пытанне аб прыцягненні да адказнасці за наўмыснае збавенне ад жывёлы. Плюс да ўсяго, сістэма ўліку дазволіць нам узяць пад кантроль вакцынацыю жывёл супраць шаленства. Хваробу лепш папярэдзіць. Шаленства невылечнае, і зыход выключна лятальны, а рызыка заражэння ёсць. Сёння прафілактыку шаленства можна рабіць і ў прыватных, і ў дзяржаўных ветэрынарных клініках», — адзначыў прадстаўнік Мінсельгасхарча.
Як паведамлялася раней, норма, якая тычыцца абавязковага чыпавання жывёл, выклікала найбольшую колькасць пытанняў падчас грамадскага абмеркавання. «Улічваючы шматлікія просьбы грамадзян, асабліва тых, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, законапраектам прапануецца замацаваць не абавязак, а права ўладальніка на чыпаванне свайго гадаванца.
Пры гэтым у мэтах паступовага пераходу да масавага чыпавання сабак і катоў прадугледжваецца абавязак для заводчыкаў і гадавальнікаў чыпаваць рэалізуемы прыплод да яго продажу. «Парадак чыпавання жывёл, выгулу сабак, рэгістрацыі жывёл-кампаньёнаў, пералік жывёл-кампаньёнаў, якія падлягаюць рэгістрацыі, вызначыць Савет Міністраў», — адзначалі 28 лютага ў Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў.