Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета»), а ў 1937 годзе хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ў Вушачы. Дзед паэта па мамінай лініі Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом. Бацька загінуў у 1944 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, скончыў яе ў 1954 годзе, затым на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1959 годзе.
Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972)[3]. Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989—1999, прэзідэнт з 1990, віцэ-прэзідэнт з 1999). Быў членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989). У 1995—1997 гадах быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Калекцыяніраваў сланоў і чарапах. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніят[4].
Памёр 2 сакавіка 2014 года ў сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў цярпення на хваробу Паркінсона. Смерць была раптоўная і імгненная. Быў адпеты ў Чырвоным Касцёле 4 сакавіка 2014 года ў грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах[5]. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі ў той жа дзень побач магілы мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці[6]. Запячатванне Магілы зрабіў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Погляды
Палітычныя
У школе Рыгор Барадулін не з’яўляўся ўдзельнікам піянерскага руху: падчас запісу ў арганізацыю Барадулін збег са школы. Потым пра той факт, што ён не далучыўся да піянерскай арганізацыі, настаўнікі забыліся, таму Рыгор Барадулін гэтак і не стаў піянерам[7]. У юнацтве далучыўся да камсамола, апраўдваючы гэта тым, што інакш не змог бы паступіць у ВНУ[7]. Падчас працоўнай дзейнасці неаднаразова адхіляў прапановы далучэння да шэрагаў КПСС[8].
У канцы 1980-х гадоў, падчас перабудовы і развіцця звязаных з ёю нацыянальна-адраджэнскіх рухаў у рэспубліках СССР, з’яўляўся актыўным удзельнікам грамадскага руху "Беларускі народны фронт «Адраджэньне», потым далучыўся да Партыі БНФ, якая ўтварылася на падмурку гэтага руху[9]. На першых Прэзідэнцкіх выбарах у гісторыі Беларусі (1994) разам з Васілём Быкавым актыўна падтрымліваў Зянона Пазняка[10]. З другой паловы 1990-х гадоў і да смерці актыўнага ўдзелу ў палітыцы не прымаў. Называў палітыку «бруднай справай». У інтэрв’ю выказваў рэзкія антыкамуністычныя (пераважна антыбальшавісцкія) погляды.
У 2000 годзе, сумесна з Генадзем Бураўкіным і Радзімам Гарэцкім, ініцыятар і арганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць[11].
Рэлігійныя
У дзяцінстве Рыгор Барадулін быў ахрышчаны рымска-каталіцкім святаром[4]. З канца 1980-х гадоў Барадулін адносіць сябе да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (уніятаў)[4]. Пры гэтым сцвярджае, што пытанне канфесійнай прыналежнасці не з’яўляецца істотным, бо «ўсё-ткі Бог адзін»[4]. 28 чэрвеня 2004 года разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам меў асабістую аўдыенцыю з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ[12]. Актыўна працаваў у жанры духоўнай лірыкі.
Творчасць
Рыгор Барадулін (з кнігай) і Уладзімір Дубоўка (1961).Дэбютаваў вершамі ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена»[3]. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі ён асэнсоўвае асноўны змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваенных гадоў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця беларускага народа на акупаванай тэрыторыі.
Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны[13].
Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах: зборнікі «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом «Няўрокам кажучы» (1971), шаржы М. Лісоўскага; «Абразы без абразы» (1985), шаржы К. Куксо. Творы для дзяцей склалі зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).
Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996—2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.
Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года.
Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыелы Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Пабла Неруды, Нікаласа Гільена, Адама Міцкевіча, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Бранеўскага, Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава, Сэсара Вальеха і інш.
У 2013 годзе выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Ушаччыны[14] — гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» прызнаны лепшай кнігай 2013 года.
Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі Алесь Камоцкі, І. Барсукоў, Генрых Вагнер, З. Галубіцкая, Яўген Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дзмітрый Смольскі, М. Хаўхлянцаў і інш.