beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Общество

06.02.2024 18:27

424 просмотра

0 комментариев

Расстраляны і рэабілітаваны. Класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі

Сям’я атрымала апавяшчэнне, што Максім Гарэцкі памёр 20-га сакавіка 1939 года ў Комі АССР. Але ж, як было ўстаноўлена даследчыкамі, яго расстралялі 10-га лютага 1938 года ў Вязьме.

Беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя Максім Гарэцкі нарадзіўся 6-га лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Магілёўскай губерні (цяпер — Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Фёдар Чарнышэвіч, Максім Гарэцкі (стаіць) і Лявон Гмырак. 1913 г.

У 1913 годзе скончыў Горацкае землямерна-агранамічнае вучылішча, працаваў чарцёжнікам і каморнікам у Віленскай губерні.

У пачатку Першай сусветнай вайны пайшоў добраахвотнікам у войска, быў цяжка паранены. Пасля шпіталя паступіў у Паўлаўскую ваенную вучэльню ў Петраградзе (1916) і, атрымаўшы званне прапаршчыка, адправіўся ізноў на фронт. Аднак па хваробе быў неўзабаве быў адпраўлены на лячэнне, а затым і зусім звольнены з войска.

У гэты ж час стаў актыўна супрацоўнічаць з газетамі «Весткі Смаленскай Рады», «Зоркай».

З жонкай Леанілам Чарняўскай і дзецьмі Галінай і Леанідам

Дэбют Гарэцкага як пісьменніка адбыўся публікацыяй апавядання «Лазня» ў 1913 годзе ў газеце «Наша Ніва», у якой у той час друкаваліся многія беларускія пісьменнікі і паэты. У 1914 у Вільні выйшаў зборнік «Рунь». Пасля Гарэцкі выдаў некалькі зборнікаў апавяданняў і аповесцей.

Многія творы Гарэцкага прысвечаны ваеннай тэматыцы, найбольш вядомыя — «Ціхая плынь» і «На імперыялістычнай вайне». Свае творы падпісваў псеўданімамі, іх у Гарэцкага было мноства: Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус, Кузьма Батура, Лявон Задума.

У 1920 годзе Максім Гарэцкі напісаў і выдаў першую «Гісторыю беларускай літаратуры». Ён — аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI стагоддзе — 1905 г.», «Руска-беларускага слоўніка», «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка».

Пасля анэксіі Польшчай Віленскага краю выкладаў беларускую мову на настаўніцкіх курсах у беларускай гімназіі ў Вільні.

Таксама быў рэдактарам беларускіх газет «Наша думка» і «Беларускія ведамасці». У канцы кастрычніка 1923 года сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск.

Максім Іванавіч выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. З’яўляўся сапраўдным членам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры). У гэты перыяд займаўся вывучэннем найноўшай беларускай літаратуры.

У лютым 1926 года Гаэцкі пераязджае ў Горкі, дзе працуе загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[

У 1929 годзе разам са шматлікімі іншымі беларускімі літаратарамі падвергся крытыцы ў прэсе, а 19 ліпеня 1930 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў датычнасці да міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі» і неўзабаве быў сасланы на 5 гадоў у Кіраў (Вятку), дзе з вялікімі цяжкасцямі ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам.

Нават у гэты цяжкі час М. Гарэцкі не адмовіўся ад актыўнай творчай працы: працаваў над сваімі ранейшымі творамі, пісаў новыя пра рэальнасць 30-х гадоў.

Пасля адбыцця тэрміна выкладаў рускую літаратуру і мову ў пасёлку Пясочня Смаленскай вобласці (цяпер Кіраў Калужскай вобласці).

4-га лістапада 1937 года быў паўторна арыштаваны НКВД. Сям’я атрымала апавяшчэнне, што Максім Гарэцкі памёр 20-га сакавіка 1939 года ў Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10-га лютага 1938 года ў Вязьме.

15-га лістапада 1957 года быў рэабілітаваны.

У вёсцы Багацькаўка на тым месцы, дзе некалі размяшчаўся дом сям’і Гарэцкіх, да юбілею пісьменніка ў 1993 годзе быў створаны музей імя Гарэцкага.

Сама хата, дзе нарадзіўся Максім Гарэцкі, да нашых часоў не захавалася. З ініцыятывай аднавіць сямейную сядзібу Гарэцкіх выступіў пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

Будынак музея ўяўляе сабой тыповую вясковую жылую пабудову канца XIX стагоддзі. Экспазіцыя ўключае ў сябе дзве залы: літаратурна-дакументальную, дзе расказваецца пра складаны лёс пісьменніка, і этнаграфічна-бытавую, дзе адноўлены інтэр’ер вясковай хаты тых часоў.

Бібліяграфія

М. Гарэцкі. Драматычная замалёўка «Памінкі»
«Атрута» — 1913
«Роднае Карэнне» — 1914
«Рунь» — 1914
«Лiтоўскi Хутарок» — 1915
«Антон» — 1919
«Дзве душы» — 1919
«Мутэрка» — 1920
«Чырвоныя ружы» — 1923
«Жартаўлівы Пісарэвіч» — 1925
«Ціхія песні» («Ціхая плынь») — 1926
«Досвіткі» — 1926
«Не адной веры» — 1928
«Гапон і Любачка» — 1929

Раманы:

«Віленскія камунары» (1934–1935)
«Камароўская
хроніка» (1930—1932—1937; твор застаўся незакончаным)

Творы М. Гарэцкага чытаць тут: https://knihi.com/Maksim_Harecki/

Чытаць больш: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9C%D0%B0%D0%BA%D1%81%D1%96%D0%BC_%D0%93%D0%B0%D1%80%D1%8D%D1%86%D0%BA%D1%96

https://planetabelarus.by/publications/6-fevralya-maksim-goretskiy-maksim-garetski/

Последние новости