Цыбуля айчыннай вытворчасці прадаецца і на рынках, і ў гіпермаркетах, і на прыдарожных міні-кірмашах. На апошніх — адразу ў «косках»
Можна па-рознаму ставіцца да народных рэцэптаў. Медыкі апошнім часам, як змовіўшыся, спяшаюцца развянчаць міфы аб карысці цыбулі і часнаку для прафілактыкі ВРВІ і грыпу. Іх агульная рыторыка такая: фітанцыды рэпчатай цыбулі і часнаку не могуць забіць вірусы (хіба што да чалавека з пахам часнаку або цыбулі наўрад ці хто-небудзь захоча набліжацца, і такім чынам мы выключым блізкі кантакт з хворым, жартуюць урачы). А злоўжыванне вышэйназванымі «лекамі» можа нават нашкодзіць (напрыклад, людзям з хранічнымі захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта, асабліва ў стадыі абвастрэння). І ўсё ж народныя рэцэпты дайшлі да нас праз стагоддзі і ў нашы дні захоўваюць актуальнасць, нягледзячы на развіццё фармацэўтыкі. Калі б яны былі зусім ужо бессэнсоўныя — даўно згубіліся б у глыбінях часу. Справа ў тым, што, сапраўды, цыбуля і часнок не прагоняць вірусы, затое яны ўмацоўваюць імунную абарону арганізма, бо багатыя вітамінамі і мінераламі і маюць у складзе дзясяткі антысептыкаў шырокага спектра дзеяння. А лятучыя рэчывы, якія яны ўтрымліваюць, палягчаюць сімптомы прастуды і грыпу, памяншаючы ацёк слізістых носа і горла.
Самая беларуская (пасля бульбы)
Гэта, канешне ж, цыбуля.
— Узімку яна — самы хадавы тавар, — кажа прадавец Аліна за прылаўкам з гароднінай. — Каштуе нядорага, а карысці!.. І вітаміны, і прафілактыка грыпу і прастуды.
Пачнём з цэн, бо іх роскід досыць адчувальны. Жадаеце цыбулю таннейшую — ідзіце ў гіпермаркет. Аддаяце перавагу «эка»-цыбулі? Тады вам на рынак.
У гіпермаркетах, дарэчы, зялёная цыбуля (пер’е) гэтай зімой дарагаватая — 1,4-1,5 рублёў за 70 грам. Але ж кілаграмамі яе не купляюць. Звычайна бяруць пучок максімум грам 200. Цыбуля-парэй у сярэднім каштуе ў аддзелах зеляніны «гіпераў» 13-14 рублёў за кілаграм. Ну, а рэпчатая цыбуля ў гандлёвых сетках сёлета — ад 1,7 да 2 рублёў за кілаграм. Кожнаму па кішэні.
На рынках класічная цыбуля-«рэпка» — у сярэднім 2,2-2,5 за кілаграм. Вось яе бяруць кілаграмамі. Часцей за ўсё, расказала Аліна, пакупнік спыняе выбар на класічнай «жоўтай» цыбулі, самай звычайнай (белая мякаць, тоўстая лупіна карычневага колеру). Чырвоная цыбуля (саладкавы прысмак, лупіна і мякаць маюць чырванаватае адценне) таксама карыстаецца попытам. А вось белая (тоненькая лупіна, далікатная мякаць) — пакуль пакупніку нязвыклая.
— Дарэмна яе ігнаруюць, гэта салатны варыянт, як і чырвоная або фіялетавая цыбуля, але ў белай — яшчэ больш далікатны і салодкі смак, — кажа прадавец.
Да парэю (падобны на перарослую зялёную цыбулю, мае доўгую «шыю» і мініяцюрную цыбуліну, выкарыстоўваецца для соусаў і гарачых страў) наведвальнікі рынку таксама пакуль не праяўляюць вялікай цікавасці, дзеліцца Аліна.
— А самі вы верыце ў тое, што цыбуля здольная выратаваць ад ВРВІ і грыпу ў разгар «прастуднага сезона»? — пытаю прадаўца Ірыну, якая гандлюе зяленівам і гароднінай на адкрытых радах Камароўскага рынку.
— Я не веру — я ведаю. Мы ўсе, прадаўцы, якія працуюць на свежым паветры, кожны дзень ядзім цыбулю, і гэта дапамагае нам не хварэць, — запэўнівае суразмоўніца. — А каб не было паху, можна пажаваць кававыя зярняткі або сцябло кропу.
Агульнавядома, што цыбуля багатая фітанцыдамі, якія падаўляюць хваробатворныя мікробы і бактэрыі, — таму яна і з’яўляецца прыродным антыбіётыкам. Расліна змяшчае кверцацін, які абараняе сценкі сасудаў і зніжае ўзровень халестэрыну, а таксама аліцын, што нармалізуе артэрыяльны ціск у гіпертонікаў. Чырвоная цыбуля валодае выяўленым цукразніжаючым дзеяннем — яе раяць уключаць у рацыён дыябетыкаў. Любы від цыбулі змяшчае высокія дозы вітаміну С і вітаміны групы В, важныя мінералы.
Самай багатай па складзе, заўважым, лічыцца менавіта класічная, самая звычайная «жоўтая» цыбуля. Якраз яна ў найбольшай ступені валодае тымі ўласцівасцямі, якія прыпісвалі гэтай гародніне старажытныя лекары і якія даказала ў апошнія гады медыцына, — умацоўвае імунітэт і падтрымлівае сэрца, зніжае вязкасць крыві і пастаўляе ў арганізм антыаксіданты, паляпшае мінеральную шчыльнасць касцей і нават змагаецца з пухлінамі. Дарэчы, класічная цыбуля ў продажы ў асноўным айчыннай вытворчасці, і гэта яшчэ адзін плюс — аб карысці «мясцовых прадуктаў», вырашчаных у радыусе 100 км ад месца вашага нараджэння/пражывання, спецыялісты здаровага харчавання ўсе вушы прагудзелі.
Чырвоная цыбуля таксама беларуская, як і зялёная цыбуля-пяро, а парэй — у асноўным экспартны, прыязджае да нас, у прыватнасці, з Нідэрландаў. Ну а самы дарагі са знойдзеных мной на Камароўцы варыянтаў рэпчатай цыбулі — гэта чырвоная цыбуля з Крыма, прыгожая, хоць нацюрморт з яе пішы — 18 рублёў за кілаграм.
Выбіраючы цыбулю-«рэпку», звяртаем увагу на яе лупіну (яна павінна быць сухой, без кропак і плямак), а таксама на шчыльнасць гародніны — цыбуліна павінна быць цвёрдай і цяжкай, расказалі прадаўцы. Лёгкая вага цыбуліны сведчыць, што ў сярэдзіне яна сухая. Чырвоная цыбуля мае самы кароткі тэрмін захоўвання: калі збіраецеся захоўваць, купляйце залацістую або белую.
Захоўваць цыбулю лепш за ўсё «ў косцы», падвесіўшы на кухні або ў пакоі (дарэчы, такая «коска» — яшчэ і мілая дэкаратыўная дэталь). Або ў сухім кошыку пры добрай вентыляцыі. Сутачная норма цыбулі, рэкамендаваная медыкамі, — не больш за 150 грам.
Давай «па часнаку»
Няхай будзе вам вядома, што тыбецкая медыцына, адна з найстаражытных на планеце, дзеліць усе чалавечыя «болькі» ўсяго на дзве групы — «хваробы холаду» і «хваробы спякоты». Першыя, абвяшчае медыцынскі трактат ХІІ стагоддзя «Чжуд-Шы», звязаны з дрэнным страваваннем, недастатковай выпрацоўкай жоўці, запаволеннем і парушэннем абмену рэчываў, зніжэннем імунітэту, дрэннай работай эндакрыннай сістэмы. Няцяжка здагадацца, што да «хвароб холаду» адносілі старажытныя лекары таксама і ўсякага роду прастуды. А абсалютнай панацэяй ад «хвароб холаду» трактат называе часнок. Медыцына ХХІ стагоддзя ў гэтым са старажытнымі лекарамі салідарная. Часнок сапраўды паляпшае выпрацоўку жоўці, дапамагае расшчапленню тлушчаў, змагаецца з «дрэнным» халестэрынам, разганяе абмен рэчываў і ўмацоўвае імунітэт, а таксама перашкаджае бронха-лёгачным захворванням. Яго рэкамендуецца ўключаць у рацыён хворых пры ВРВІ і ВРЗ, грыпе і нават ковідзе, бранхіце, пнеўманіі, астме, прастудах, сінусітах, гаймарытах, хранічных фарынгітах і іншых праблемах верхніх дыхальных шляхоў (і для іх прафілактыкі).
Ад «хвароб спякоты», дарэчы, часнок старажытныя лекары таксама рэкамендавалі, але да нашай тэмы гэта не адносіцца. А пры прастудах яны раілі спалучаць часнок з топленым сметанковым маслам і вострым чырвоным перцам.
Карысць часнаку сучасныя медыкі звязваюць з утрыманнем у ім аліцыну (гэта наймацнейшы антыаксідант і стэрылізуючы сродак). А таксама з іншымі біялагічна актыўнымі рэчывамі, комплекс якіх валодае антывірусным, бактэрыцыдным, супрацьгрыбковым і гарачкапаніжальным дзеяннем. Як і цыбуля, часнок з’яўляецца прыродным антыбіётыкам (у прыватнасці, змагаецца з залацістым стафілакокам, туберкулёзнай палачкай, сальманэлай). І, згодна з апошнімі даследаваннямі, у тры разы павышае імунітэт арганізма да грыпу. У ім шмат вітаміну С, шырокі спектр вітамінаў групы В і правітамін А, а таксама мноства неабходных нашаму арганізму мікра- і макраэлементаў. Досыць сказаць, што 100 г часнаку ўтрымлівае 95% ад аптымальнай сутачнай нормы вітаміну В6, 80% ад нормы марганцу, 38% ад нормы вітаміну С і 18% ад нормы кальцыю. Часнок больш каларыйны за бульбу, але патаўсцець на ім наўрад ці атрымаецца: шмат не з’ясі, як ні імкніся.
— На часнок цяпер таксама «сезон», — кажа Ірына. — Праўда, кілаграмамі яго купляюць рэдка. Але кілаграмы два-тры, а то і болей з латка ў будні дзень сыходзіць.
Каштуе часнок даволі дорага, значна даражэй за цыбулю. У гіпермаркетах — 11 — 11,5 рубля за кіло. На рынку — каля 20 рублёў за кілаграм. У асноўным у гіпермаркетах ён кітайскі (у гэтым Беларусь не адна: каля 80% усяго часнаку, які прадаецца ў свеце, кітайскай вытворчасці). А на рынках — па большай частцы наш, беларускі. Пра тое, што да кітайскага часнаку «ёсць пытанні», можна знайсці і артыкулы ў інтэрнэце, і пасты ў сацсетках (у іх гародніну з Кітая абвінавачваюць у наяўнасці пестыцыдаў у саставе). Але, аказваецца, проста практычна паўсюдна ў свеце танней прывозіць яго з Паднябеснай, чым «гадаваць» самастойна. У любым выпадку, айчынны часнок адназначна больш карысны, але пры гэтым даражэйшы амаль удвая (у сярэднім, 17–20 рублёў за кіло або рубель за адну галоўку часнаку на фермерскіх радах, дзе вам у дадатак падрабязна раскажуць «біяграфію» дадзенай канкрэтнай гародніны: адкуль прыехала, дзе і як расла).
— Наш, беларускі, часнок змяшчае больш вады, ён цяжэйшы за кітайскі, — распавядае прадавец гародніны Уладзімір. — І навобмацак ён цвярдзейшы.
У асартыменце рынкаў гэтай зімой ёсць яшчэ часнок з Узбекістана — буйны, ружова-фіялетавы, ажно па 35 рублёў за кілаграм.
Ва ўжыванні часнаку даволі шмат супрацьпаказанняў — ад эпілепсіі да тахікардыі. Ёсць нават звязаная з ім фобія — апліумафобія (цыбуля такім пахваліцца не можа). Дададзім, што можа быць і «перадазіроўка» часнаку — дзённая норма не павінна перавышаць 3-4 свежыя зубкі, інакш магчымы пякотка і болі ў страўніку, метэарызм і дыярэя.
Салодкі шлях да здароўя
Пра мёд, народныя «лекі ад усіх хвароб», «Звязда» падрабязна пісала мінулай зімой. Мёд сапраўды валодае ўнікальнымі гаючымі ўласцівасцямі і з’яўляецца яшчэ адным прыродным антыбіётыкам. Антыбактэрыяльны эфект абумоўлены ўтрыманнем пераксіду вадароду. А эфектыўнасць у барацьбе з інфекцыямі мёду забяспечвае яго антыаксідантная і супрацьмікробная актыўнасць. Абвалакваючы хворае горла, мёд здымае боль і загойвае тканкі. Словам, калі вочы слязяцца, горла пяршыць, а нос «цячэ», мёд — першы сродак, але — толькі якасны. «Няправільным» гэты прадукт пчалярства можа быць па розных прычынах: недаспелы, разведзены, «цукровы», ад апрацаваных антыбіётыкамі пчол або сабраны з апырсканых «хіміяй» раслін. Выснова: купляць мёд лепш у правераных прадаўцоў або ў месцах цывілізаванага гандлю.
Застаецца дадаць, пачым мёд гэтай зімой. Літр натуральнага мёду непасрэдна ў пчаляра каштуе ў сярэднім 15–17 рублёў, мёд у сотах — 25–30 рублёў за кілаграм. На рынку кошт мёду вагаецца ад 13-14 да 16 і нават 20 рублёў за кілаграм. Даражэйшы за ўсё — грэчкавы і верасовы.
— Цана на мёд залежыць ад складанасці яго збору, — распавядае прадавец на «Заходнім» рынку Мінска. — Скажам, ліпавага мёду шмат не збярэш: перыяд цвіцення ліпы кароткі. А вось лугавога мёду атрымліваецца больш, адпаведна, ён таннейшы.
І напрыканцы — рэцэпт «натуральнага антыбіётыку» ад валеолага Ліліі Кацар.
Вам спатрэбіцца 1 сярэдніх памераў цыбуліна, 1 сярэдняя галоўка часнаку і 3 сталовыя лыжкі мёду.
Літр натуральнага мёду ў пчаляра каштуе ў сярэднім 15–17 рублёў
Цыбулю і часнок чысцім і дробна рэжам. Змяшчаем у шкляны слоік і дадаём мёд. Зараз трэба ўсё старанна змяшаць, шчыльна закаркаваць слоік вечкам, абгарнуць тару ў фольгу і пакінуць на 24 гадзіны ў халадзільніку. Цыбуля і часнок пусцяць сок. Вадкасць пераліваем у іншы слоік, працадзіўшы праз сіта. «Лекі» гатовы. Прымаць іх можна пры прастудах, кашлі, бранхіце, сінусіце. Дазаванне — па адной чайнай лыжцы раніцай і ўвечары.
Важна памятаць і аб супрацьпаказаннях. Непажадана ўжываць сумесь, калі ў вас алергія ці непераноснасць гэтых прадуктаў, захворванні страўнікава-кішачнага тракта, цукровы дыябет, хваробы нырак. Выкарыстоўваючы «натуральны антыбіётык», памятайце, што гэта не лекі ад усіх хвароб і неабходна перад яго прыёмам пракансультавацца з урачом.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
https://zviazda.by/be/news/20240125/1706186791-ad-sta-hvarob-vy-veryce-u-narodnuyu-medycynu