
Яго сапраўднае імя Павел Іосіфавіч Багрым. На сельскіх могілках вёскі Крошын, адразу за каталіцкім касцёлам, знаходзіцца магіла чалавека, які стаў, на думку многіх даследчыкаў, першаадкрывальнікам беларускай лірычнай паэзіі першай трэці ХІХ стагоддзя.
Зрэшты, біяграфія Паўлюка Багрыма да гэтага часу выклікае шмат спрэчак.
Вядома, што пачатковую адукацыю ён атрымаў у Крошынскай рымска-каталіцкай парафіяльнай школе. З дзяцінства захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва паэзіяй. Рана пазнаёміўся з творамі Гамера і Эзопа, якія ўразілі яго прыгажосцю вершаскладання і гуманізмам.
Багрыму не былі абыякавымі сялянскія хваляванні, якія адбыліся ў роднай вёсцы. Падчас следства па факце выступлення крошынцаў Багрыму споўнілася 16, ішоў семнаццаты год. У адпаведнасці з судовым рашэннем, ён быў здадзены ў рэкруты і адпраўлены ў войска.
Пры вобыску жандары знайшлі ў Багрыма ананімны верш «Гутарка пана з селянінам».
Вярнуўшыся, працаваў кавалём у роднай вёсцы. Аб яго майстэрстве хадзілі легенды.
Захаваўся і рэчавы доказ – выкаваная ім прыгожая люстра-«жырандоль», якая да гэтага часу знаходзіцца ў Крошынскай каталіцкай царкве. Над яе стварэннем Багрым працаваў некалькі год.
Існуе версія, што за гэты час ён напісаў шмат вершаў, як на расейскай, так і на беларускай мовах, спрабаваў пісаць і прозу, але ўсе гэтыя запісы не захаваліся. Таму пра яго творчасць можна меркаваць на аснове толькі аднаго верша «Зайграй, зайграй, хлопча малыя…», які быў напісаны ім у юнацкім узросце і надрукаваны ва ўспамінах наваградскага адваката І. Яцкоўскага «Аповесць майго часу» (Лондан, 1854, с. 257-25. ):
Зайграй, зайграй, хлопча малы,
І ў скрыпачку, і ў цымбалы,
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасьцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб мяне ты не радзіла,
Каб мяне ты не карміла,
Шчасьліўшая ты бы была!
Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
І ў маскалі не аддалі.
Мне пастушком век ня быці,
А ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажане, кажане!
Чаму ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.
Даследчыкі лічаць, што гэты верш Багрыма з'яўляецца сапраўдным шэдэўрам беларускай лірыкі XIX стагоддзя. Ён кранае глыбінёй і непасрэднасцю пачуццяў, народна-песенным каларытам, сілай пратэсту супраць прыгону.
Зрэшты, прыналежнасць гэтага твора пяру Багрыма да гэтага часу выклікае спрэчкі ў колах краязнаўцаў і гісторыкаў.

Паўлюк Багрым памёр у 1891 годзе і быў пахаваны ў роднай вёсцы.
У 1985 у Крошыне адкрыты музей народных мастацтваў і рамёстваў імя П. Багрыма.
У 2005 годзе ў горадзе Баранавічы ў мікрараёне Бароўкі адна з вуліц названа ў гонар Паўлюка Багрыма.
https://planetabelarus.by/publications/2-noyabrya-pavlyuk-bagrim/
