І няма сумненняў, што шчырасць і святло ідуць з сям’і, ад родных Якуба Коласа. І не выпадкова, што падчас стварэння музея ўзначальваў усё старэйшы сын паэта Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Амаль да апошніх часоў вельмі актыўна ўздельнічаў у жыцці дома малодшы сын Коласа Міхась Канстанцінавіч.

Цікавая літаратурная экспазіцыя разгарнулася на першым паверсе, а хатняя абстаноўка, прыватныя рэчы Якуба Коласа і яго сям’і — на другім. Супрацоўнікі музея, сапраўднага дома, дзе жыў гэты выдатны чалавек, творца, імкнуцца стварыць вельмі ўтульную і цёплую атмасферу, берагуць нават самую малую паперку (бо, зразумела, няма нічога «малога», калі гэта звязана з такой асобай!), чарніліцы, сталёвыя пёры, акуляры, якімі некалі карыстаўся сам Колас. Дарэчы, паэт любіў і збіраў адрыўныя календары, рабіў запісы амаль на кожнай старонцы, захоўваў іх, не адрываў. Сведкі часу, календары з рознакаляровымі вокладкамі, ляжаць пад шклом, і наведвальнікі, аглядаючы іх, могуць нібы дакрануцца да мінулага, пабачыць даволі нязвыклае для сучаснасці афармленне лісткоў, адчуць час, які быццам спыніўся на кожнай старонцы.

Супрацоўнікі музея — і гэта адлюстравана ва ўсіх дэталях — ствараюць новую прастору для ўзаемадзяння наведвальнікаў Коласава дома: распрацавалі выдатныя квэсты па біяграфіі паэта, і, у якім бы ўзросце ні былі госці, вельмі цікава крочыць фішкамі на полі настольнай гульні, апынацца ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, на Палессі, у Мінску — усюды, дзе вадзіў паэта лёс; з гонарам дэманструюць мультымедыйную экспазіцыю, якая дапамагае ўявіць Мінск перад Вялікай Айчыннай вайной, пабачыць парк Горкага, «паляцець» у небе над горадам і агледзець тое, што бачыў ён, паэт, выходзячы са свайго тагачаснага драўлянага дома. Дарэчы, менавіта фотакартка сына Коласа Юркі (так яго, Юрыя Канстанцінавіча, сярэдняга сына, звалі ў сям’і), які сядзіць на ганку, дапамагла ўзнавіць мультымедыйны малюнак самога дома, што згарэў ужо 24 чэрвеня 1941 года, на трэці дзень вайны. Вялікая бібліятэка, сабраная паэтам, таксама загінула ў тым агні...
Асобнае незвычайнае ўражанне робіць партрэт Якуба Коласа, намаляваны ў Ташкенце падчас Вялікай Айчыннай, калі паэт быў у эвакуацыі. Мастак — Таццяна Жырмунская, жонка вядомага літаратуразнаўцы Віктара Жырмунска¬га. Яна дакладна адчула і адлюстравала вялікую пакуту, перажыванне, глыбока схаванае, якое прарываецца ў поглядзе паэта. І гэты партрэт неяк незаўважна зарыфмоўваецца ў прасторы дома-музея з вельмі важнымі для яго, Коласа, партрэтамі, што размешчаны на сцяне ў спальні. Гэты пакой прыватны, не для наведвальнікаў дома, але экскурсаводы распавядаюць пра тыя партрэты. На адным з іх — Марыя Дзмітрыеўна Каменская, жонка, каханне якой, несумненна, натхняла Коласа на працягу ўсяго яго жыцця, на другім — сын Юрка, які загінуў на вайне, і нават ніякія дакументы не знайшліся аб тым, як і дзе гэта дакладна адбылося...

Асэнсаванне паэтам каштоўнасці дома, велічы сям’і, утульнага кутка, дзе ты — сапраўдны гаспадар і надзея для ўсіх сваіх, трэба меркаваць, выцякае менавіта з дзяцінства. І калі пачынаеш сёння, у наш такі імклівы і ў пэўным сэнсе няўважлівы да дробязей час, чытаць «Новую зямлю», гэта і разумееш па-новаму. Дарэчы, не сакрэт, што праз гады мы бачым зусім іншае ў знаёмых творах, але з «Новай зямлёй» атрымліваецца надзвычай эмацыянальна, нават балюча, таму што неўзабаве адчуваеш тугу па незвычайнай чысціні пачуццяў і адносін, што былі паміж людзьмі, па блізкасці чалавека да прыроды, па чалавечай спагадзе і самаадданасці. Такія яны, героі Коласа, а за імі — родныя і дарагія яму людзі, якія сталі правобразамі маці, бацькі, дзядзькі, братоў і сясцёр.

Усе фарбы паэтычнага слова паўстаюць перад вачыма, той самы «родны кут», мілата якога ліецца больш чым праз стагоддзе да нас, чытачоў, якія з гаджэтамі камунікуюць значна часцей, чым з дрэвамі, рэчкай, ляснымі сцежкамі. І тое ўспрыняцце роднага двара, дзе вербы параўноўваюцца з жанчынамі, якія ў нейкі нечаканы момант страцілі красу і разгублена азіраюцца вакол, і жыта, па якім трапяткою рукой праводзіць бацька, і аладкі з верашчакай, якія гатуе ў печы маці, і скварка, якую ў выніку далікатнай прапановы пачаставацца адзін аднаму напалову рэжуць Міхал і Антось, каб гэтая смаката дасталася абодвум, — кожная, якую ні вазьмі, дэталь да неверагоднасці выразная, жывая, прасякнутая вялікай любоўю да вытокаў, да родных людзей і мясцін. І вось што асабліва цікава: калі — а сёння для гэтага ёсць выдатныя магчымасці — слухаеш «Новую зямлю» як аўдыякнігу, то гэтыя прадметныя дэталі іграюць, складаюцца ў мелодыю зладжанага аркестра, і твор робіць незвычайнае ўражанне. Шчырае гучанне кожнага слова, вобраза, назірання нібыта сягае наўпрост у душу слухача.

А калі гаварыць пра выразнасць вобразаў, то з дзяцінства ў памяці — і тут, здаецца, ўсе пагодзяцца — дзядзька Антось, аб адносінах дзяцей да якога ў «Новай зямлі» па-сапраўднаму чароўныя ў сваёй лёгкасці і моцы радкі:
Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне;
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць;
Насі «катла», кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытанні,
Тлумач ты ім усё дазвання...
Здаецца, простыя словы, але колькі ў іх шчырасці, цеплыні! Гэта словы дарослага і ўжо вопытнага чалавека, які азіраецца на сваё зусім не лёгкае дзяцінства, працоўнае, з выпрабаваннямі, але праз гады прасякнутае святлом любові і спагады да сям’і, блізкіх, усіх тых, хто паўплываў, дзякуючы каму стаў глыбокім і душэўна вытанчаным, чулым. Стаў сапраўдным.
Глыбінную сувязь з роднымі мясцінамі, хараство зямлі, прывабнасць пейзажа — усё перадае паэт пяшчотнымі фарбамі, дзесьці, бадай, акварэльнымі, дзесьці нібыта алейнымі:
Малюнкі родныя і з’явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!
І так панадна смеяцеся
Жывою баграю на лесе,
І златаблескімі снапамі
Праменняў-стрэлаў над палямі...
А колькі кінематаграфічнай дакладнасці тут, колькі раптоўнай і нечаканай працы ўмоўнай кінакамеры! Жывая натура ў аб’ектыве майстра іграе адценнямі, захапляе «гледача». Дарэчы, гэта характэрна для «Новай зямлі» ўвогуле, і задоўга да тых часоў, калі мастацкае кіно замацавалася ў свеце, Якуб Колас выпрацоўвае неверагодныя ў сваёй выразнасці прыёмы выявы жыцця на ўяўным экране. Гэты літаратурны твор так і просіцца да кінаўвасаблення, але спроба экранізацыі «Новай зямлі» была зроблена толькі аднойчы: гаворка ідзе аб тэлефільме 1982 года рэжысёра Уладзіміра Траццякова, у якім адну з галоўных роляў выканала Таццяна Мархель, стварыўшы кранальны і шчыры вобраз Ганны.

Канешне, жыццё крочыць наперад, нават ляціць, і змяняюцца пэўныя матэрыяльныя рэчы, якія здаюцца больш ці меньш значнымі, і людзі прагнуць іх, і не заўсёды атрымліваецца ў гэтай спешцы спыніцца і падумаць аб пазачасавым. Але калі гэта хоць зрэдку рабіць, то чалавеку паступова адкрываюцца сапраўдныя каштоўнасці — сям’я, каханне, дом, родная зямля. Якуб Колас — народны паэт па сутнасці, па духоўнай моцы сваёй — адчуў, зразумеў і перадаў праз творчасць тое, што для кожнага з нас трапятліва, дорага, што ўвогуле і складае сэнс жыцця.
Марына ЛЕБЕДЗЕВА
Фота аўтара
https://zviazda.by/be/news/20231102/1698935605-novy-poglyad-na-novuyu-zyamlyu-yakuba-kolasa
