

Аб’ект новы, заказчыкам будаўніцтва разлікова-касавага цэнтра з’яўляецца філіял «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга». Прэзентавалі праект і адказалі на пытанні прысутных намеснік дырэктара ДРУП «Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці» Павел Алюшын і вядучы інжынер філіяла «Энергазбыт» Эдуард Абуховіч.


Сучасны будынак з сучасным наборам памяшканняў, абсталявання, падсветкай, дзе прадугледжаны месцы для абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, перагаворны пакой для юрыдычных асоб і многае іншае, стане выдатным падарункам ад энергетыкаў сталіцы абласных «Дажынак — 2024».

Распрацоўнікі і заказчыкі праекту спадзяюцца, што бешанковічане па заслугах ацэняць новы разлікова-касавы цэнтр філіяла «Энергазбыт», які размесціцца на зямельным участку паміж другой школай райцэнтра і Домам фальклору і створыць камфортныя ўмовы не толькі для наведвальнікаў, але і супрацоўнікаў службы, у тым ліку дзяржэнергагазнагляду, якая таксама размесціцца тут.
Удзельнікі абмеркавання праекта цікавіліся ўладкаваннем аўтастаянкі і яе ўмяшчальнасцю, выказвалі занепакоенасць наконт таго, ці не будзе падчас працы РКЦ задзейнічана і без таго невялікая аўтастаянка школы. Задавалі пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем, азеляненнем тэрыторыі вакол новага будынка. Як запэўнілі распрацоўшчыкі праекта, усе праезды будуць захаваны. У разлікова-касавага цэнтра з’явіцца свая аўтастаянка, у тым ліку для аўтамабіляў супрацоўнікаў. У ДРУП «Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці» ёсць вопыт узвядзення такіх будынкаў. Напрыклад, абноўлены РКЦ у 2022 годзе быў адкрыты да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ў Глыбокім.
Дарэчы, як заўважыў Павел Алюшын, ДРУП «Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці» з’яўляецца таксама праекціроўшчыкам суседняга будынка другой школы. Іх ансамбль з сучасным падсвятленнем, сучаснымі архітэктурнымі і фасаднымі рашэннямі толькі ўпрыгожыць гэтую частку гарпасёлка, як і заезд у райцэнтр з боку Віцебска.
«Дажынкі» пройдуць, а пабудаванае застанецца...

Як паведамлялася раней, грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта будаўніцтва праходзіць з 26 кастрычніка па 9 лістапада бягучага года. У фае першага паверха райвыканкама працуе экспазіцыя (выстава) праекта. Тут жа можна азнаёміцца з матэрыяламі архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі будучага цэнтра, ёсць яны і на сайце райвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».
Ларыса Паўлоўская
