Напярэдадні юбілейнага свята на сустрэчы з журналістамі арганізатары, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, выдавецтваў, Саюза пісьменнікаў Беларусі распавялі пра тое, што ў гэтым годзе чакае ўдзельнікаў і гасцей.

Ад «Дрэва жыцця» да «Мары гурмана»
Гарадок заканчвае актыўную падрыхтоўку да свята. Як адзначыла Марына Навіцкая, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, ужо ўсталёўваюцца палатачныя павільёны, дзе размесцяцца выстаўкі. У горадзе з'явіліся скульптуры і скульптурныя кампазіцыі, якія сталі выказваннямі маладых творцаў на такія тэмы, як «Спадчына», «Дрэва жыцця», «Надзея», «Летапісец» і многія іншыя. А адпраўным арт-аб'ектам будзе «Буквар», яго адкрыюць 2 верасня ў абноўленым Вераніцынскім скверы (пра ўсе гэтыя новыя аб'екты «Звязда» ўжо падрабязна пісала). Увогуле, на сёлетнім свяце пісьменства ўдзельнікаў чакае вельмі насычаная праграма: тут і прэзентацыі кніжных навінак ад выдавецтваў, праекты Беларускага саюза жанчын, кулінарны праект «Мара гурмана» і шмат іншых цікавых прапаноў, каб адпачыць і прасякнуцца культурнай атмасферай. Горад чакае сваіх гасцей.
У свята — юбілей
— У праграме ХХХ Дня беларускага пісьменства шмат мерапрыемстваў, якія, упэўнены, зацікавяць прыхільнікаў кнігі і проста людзей, якія жадаюць карысна правесці час у Гарадку. Асноўны акцэнт — гэта найперш юбілейная дата — 30-годдзе існавання Дня беларускага пісьменства. Дата, якая дазваляе рэзюмаваць вельмі сур'ёзны пласт работы самых розных галін: і пісьменнікаў, і кнігавыдаўцоў, і кнігараспаўсюджвальнікаў. І ў выніку мы можам зрабіць выснову, што ў нашай краіне кнізе надаецца ўвага не проста на словах, а робіцца вельмі шмат для гэтага і кіраўніком дзяржавы, і ўсімі структурамі, якія маюць дачыненне да пісьменніцкага слова, кнігавыдавецтва і распаўсюджвання кніг. Гэта 30 гадоў падтрымкі кнігі, ацэненыя на самых розных узроўнях, у тым ліку і на міжнародным. На той жа Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы, дзе збіраюцца таксама і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, і пісьменнікі, і выдаўцы, і распаўсюджвальнікі кніг, усе падкрэсліваюць наша ўнікальнае стаўленне да кнігі. Гэта не пафас, а рэальныя ацэнкі. І трэба, каб яны прырасталі ў сілу таго, што мы хацелі б атрымліваць значна большыя рэйтынгі на ўзроўні міжнародных і гандлёвых пляцовак, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Адна з дат, якую мы вылучаем прыярытэтнай у рамках Дня беларускага пісьменства, — гэта 30-гадовы юбілей свята. Ключавой стала таксама дата 80-годдзя вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Год міру і стваральнай працы для нас гэта дата з'яўляецца вельмі значнай. Яна знойдзе сваё адлюстраванне як у мерапрыемствах і канцэртных нумарах адкрыцця і закрыцця, так і ў шэрагу мерапрыемстваў, якія мы будзем праводзіць на розных пляцоўках. Сярод іх і вялікая колькасць комплексных праектаў, што рэалізоўваюцца праз нашы выдавецкія структуры. Спадзяюся, тое будзе не проста цікава, але з пункту гледжання карысці і выхавання будзе мець каласальнае значэнне і выкліча інтарэс у прысутных.

Учора ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора ў Гарадок адправілася традыцыйная духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».
«Жывая класіка» і «Дарога да святыняў»
У праграме святкавання згадаюць выбітных асоб Віцебскай зямлі, не абмінуць увагай прыгожыя даты літаратараў, прэзентуюць шмат кніжных навінак, расчуляць і абудзяць жывым чытаннем твораў беларускай літаратуры. Апошняе штогод адбываецца ў межах Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Сёлета ён аб'яднаў у жаданні падзяліцца любімымі радкамі беларускіх класікаў 10 тысяч школьнікаў па ўсёй краіне. А на Дні беларускага пісьменства мы зможам атрымаць асалоду ад выступленняў фіналістаў творчага спаборніцтва. Слухаючы іх, дакладна стане зразумела, як можа гучаць любоў да мінулага сваёй зямлі, да роднага слова, калі робіцца тое з душой.
Трэба адзначыць, што Дзень беларускага пісьменства не абмяжоўваецца толькі мерапрыемствамі, што праходзяць у сталіцы свята. Так, напрыклад, 30 жніўня дадзены старт Рэспубліканскай навукова-практычнай асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». За 30 гадоў правядзення яе ўдзельнікамі сталі 415 чалавек. А 1 верасня запланавана правядзенне традыцыйнага міжнароднага круглага стала. Аднак сёлета ён пройдзе ў сумяшчальным фармаце, бо Дзень беларускага пісьменства супадае з правядзеннем Маскоўскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дзе Беларусь будзе з'яўляцца ганаровым госцем. «Роля кнігі ў жыцці грамадства. Мінулае і сучаснасць» — так вызначана тэма дыялогавай пляцоўкі гэтага года. Яна дасць нагоду ўдзельнікам паразважаць, якой кніга была раней і як змяніўся яе статус з цягам часу, пад уплывам розных тэндэнцый. А таксама дазволіць прааналізаваць, якія творы з напісаных актуальныя да сёння і як упісваецца ў гэты кантэкст тое, што ствараецца пісьменнікамі цяпер.
Канцэнт літаратараў і «Стужка часу»
На Фестывалі прэсы і кнігі будзе магчымасць пазнаёміцца з усёй разнастайнасцю перыядычных і кніжных выданняў, якія з'яўляюцца ў нашай краіне. Асаблівасцю мерапрыемства гэтага года стануць тэматычныя выстаўкі гарадоў-сталіц, дзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства.
— Нас чакае знакавае мерапрыемства ў асветніцтве і культуры нашай краіны. Тым больш што гэта ХХХ Дзень беларускага пісьменства. З аднаго боку, свята традыцыйнае, а з другога боку, па сутнасці, яно ўсё ж такі будзе новым і вельмі шматзначным, — зазначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Мы вельмі ўдзячныя, што ў праграме свята арганізатары асобна вылучылі пляцоўкі рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нашы калегі — паэты, празаікі, драматургі, публіцысты з Мінска і вобласці і іншых абласцей прыедуць разам з бібліятэкарамі і пакажуць палітру літаратуры, якая звязана з тым ці іншым рэгіёнам і з'яўяецца своеасаблівай творчай кніжнай справаздачай. Гэта будзе суправаджацца традыцыйным сцэнарыем, выступленнямі паэтаў, празаікаў, сустрэчамі з паэтамі-песеннікамі. Адметнасцю свята ўжо не першы год з'яўляецца канцэрт літаратараў, які праводзіцца на цэнтральнай пляцоўцы. І сёлета мы яго правядзём 3 верасня. Там нават прагучаць песні, спецыяльна напісаныя да Дня беларускага пісьменства і прысвечаныя Гарадку.

Не першы год існуе праект, які сёння называецца «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага». Ён з'явіўся і існуе як вынік супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і калекцыянера, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Прыхільнікам праект вядомы шматлікімі мерапрыемствамі, выстаўкамі, кнігамі і альбомамі. І аккурат на Дні беларускага пісьменства Выдавецкі дом «Звязда» запрашае здзейсніць чарговую вандроўку ў мінулае з кнігай «Ад Віцебска да Полацка». З дапамогай паштовак, рэпрадукцый і іншых ілюстрацыйных матэрыялаў, змешчаных у выданні, можна апынуцца літаральна ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны.
Наведвальнікаў свята таксама чакае маштабная прэзентацыя вышэйзгаданага гісторыка-асветніцкага праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага». Убачыць у адным месцы можна будзе і тэматычныя арт-аб'екты, і 50 кніг, якія выйшлі свет у рамках праекта, вечны каляндар і матэрыялы аўтара ў рэгіянальных і рэспубліканскіх друкаваных выданнях. Не абыдзецца і без прыгожага працягу. На свяце праект прэзентуе свой сімвал «Стужка часу Бацькаўшчыны», стылізаваны ў выглядзе сучасных сімвалаў Беларусі і ўпрыгожаны традыцыйнымі ўзорамі беларускага арнаменту, якія спалучаюць мінулае, сучаснасць і будучыню. Стужка будзе асвечана, і яе атрымаюць усе наведвальнікі павільёна, дзе прадставяць праект.
Абавязкова далучайцеся і выбірайце тыя лакацыі і мерапрыемствы, дзе адпачняце душой і адчуеце, як па-новаму загучыць для вас роднае слова і як зменіцца ваш погляд на яго захавальнікаў.
Алена ДРАПКО
