Пра яго жывапісныя работы «Радыё Ўнэт» распавяла мастацтвазнаўца Вольга Архіпава.
1. Пагоня
1921. Палатно, алей. 73×63. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Гэта вельмі алегарычны, шматмоўны твор. У яго ёсць яшчэ адна назва — «Пагоня Ярылы». Пагоня сонца, якое праганяе цемру. Замест мяча ў руках вершніка — факел, агонь. Для Драздовіча гэта быў сімвал асветы, якая і выводзіць чалавека з цемры. Самае загадкавае ў гэтай карціне — выявы задняга плану. Цудоўны горад (некаторым у яго абрысах бачыцца Вільня) прытуліўся ў засені крывава-чырвонага гмаху. А вось на першым плане мы бачым крыж з надпісам на лацінскай мове. «VIVAT ALBARUSSIA LIBERTA», што ў перакладзе можа гучаць як «Жыве Беларусь».
2. Званы. Усяслаў Полацкі сядзіць у турме пад палатамі кіеўскага князя
1923. Кардон, алей. 32,3×25,8. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што гэты невялічкі твор з’яўляецца эскізам для вялікага жывапіснага палатна, якое, магчыма, і не існуе. Язэп Драздовіч не аднойчы ў сваіх работах звяртаўся да гісторыі Полаччыны. Гісторыя была адной з навук, якую ён дасканала вывучаў і з вялікім захапленнем распавядаў нам пра яе.
3. Астран-абсерваторыя з квадрантам на кольцы Сатурна
1931. Палатно, алей. 49,5×61. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Вельмі яскравы і запамінальны твор, які нарадзіўся праз захапленне астралогіяй. Язэп Драздовіч чытаў на гэтую тэму вельмі шмат навуковай літаратуры, напісаў кнігу «Нябесныя бегі». Больш за тое, мастак валодаў дарам яснабачання і рабіў у сне сомнамбулічныя вандроўкі. Творца быў перакананы, што мусіць паказаць нам загадкавы касмічны свет. «Астран-абсерватьрыя» — вельмі яскравы прыклад таго, як Язэп Дразовіч займаўся вывучэннем жыцця на іншых планетах.
4. Трывеж
1932–1933. З серыі «Жыццё на Месяцы». Палатно, алей. 61×101. З калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Вельмі шмат твораў Язэпа Драздовіча прысвечаны жыццю на Месяцы. Для яго гэта быў іншы свет і разам з тым нейкі блізкі, падобны. Драздовіч казаў, што калі людзі прыляцяць на Месяц, то там прыжвуцца беларускія расліны.
Трывеж — вельмі цікавы твор. На яго адвароце ёсць падрабязны надпіс, што мы бачым: «Панарама горадаТрывежа з ягонымі ваколіцамі над Верхнім і Ніжнім азёрамі Чалом на Маладзіковай краіне хвойнікавых пальм, між т. зв. Марамі Нектару і Урадлівасці на поўдзень ад скрозь горнага пралому Трывежскага чыгункавага шляху на Аўрыю і Арыяпаль... ».
5. Аўтапартрэт
1943 г. Палатно, алей. 65,5×65,5 см.
Язэп Драздовіч намаляваў сябе ў 3 постацях. Гэта мастак, які назірае за светам. Астраном, які з кнігай вывучае Сатурн, і Драздовіч-гісторык, археолаг, вечны вандроўнік. Дарэчы, вандраваў ён пераважна па Беларусі. Улёбным краем была Глыбоччына, Віцебшчына, дзе Драздовіч акрамя ўсяго збіраў фальклор. Вынікі яго пошукаў — гэта бясцэнныя крыніцы ведаў і натхнення для нас, сучаснікаў.
Біяграфія Язэпа Драздовіча: https://drazdovich.by/bio