Ступень русіфікацыі ў гэтай краіне надзвычай высокая, значна вышэйшая, чым ва Украіне, нават да 24-га лютага. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з 1995 года (першы год прэзідэнцкага праўлення!) дзяржаўнымі былі прызнаны дзве мовы: беларуская і руская. І, канечне, мацнейшая мова зжэрла слабейшую — гэтак жа, як спрабавала зжэрці ўкраінскую, толькі значна больш удала. Згадваю, як, засяліўшыся ў мінскі гатэль, я звярнуўся да маладой сімпатычнай рэцэпцыяністкі па-беларуску, якой хоць і не ідэальна, але ўсё ж валодаю.
— Добры дзень! Спадарыня! Калі ласка...
— Пожалуйста, обращайтесь ко мне по-русски. Я не понимаю белорусский язык, — з нязрушным тварам адказала прыгажуня.
Тут я ўключыў увесь свой сарказм і змяніў мову зносін:
— А вы что — недавно из России приехали? А откуда именно – с Костромы аль с Вологды?..
— Я минчанка. Я здесь родилась, — гэтак жа непахісна адказала дзяўчына.
Я заткнуўся. Крыць не было чым. Беларускай мовы ў Мінску я не чуў, акрамя, вядома, аўтаматычных абвестак у метро і размоў з пісьменнікамі-патрыётамі. Некалі даўно, у сярэдзіне шасцідзясятых, Мікола Халодны нешта падобнае напісаў пра ўкраінскую мову ў тадышнім зрусіфікаваным Кіеве:
Вигляда закордонним гостем
у столиці туземець Петро.
Поспішає сховатись в метро,
де немовби чекаєш когось ти.
Все так мудро, мов до ювілею:
і нема тебе, й ніби є.
Доживаєте Ви під землею
за що, мамо, життя своє?
За апошнія два-тры дзесяцігоддзі ўкраінцам удалося пераламаць сітуацыю, і сёння Кіеў — украінамоўны горад, я гэта смела заяўляю і не прымаю пярэчанняў. У Беларусі ўсё нашмат сумней. Паўсюль пануе расейшчына…
У Рэспубліцы Беларусь жыве шмат пісьменнікаў, якія пішуць на рускай мове, на іх кнігі ёсць попыт, яны падтрымліваюцца дзяржавай. Знаёмыя ў Мінску распавядалі пра выпадкі, калі дзеці-падлеткі прасілі бацькоў-пісьменнікаў перайсці на рускую мову — бо тады можна больш зарабіць, бо аўдыторыя большая. Сярод рускамоўных пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь ёсць і лаўрэат вышэйшай літаратурнай узнагароды свету — Нобелеўскай прэміі. Святлану Алексіевіч, вядома, ведаюць у свеце, і ва Украіне яна таксама даволі шмат публікуецца.
Што ж да сапраўднай беларускай літаратуры, той, што ствараецца на беларускай мове, яна існуе, і прасунуты ўкраінскі чытач гэта добра ведае. Ва Украіне да вайны не было недахопу ні ў літаратурных імпрэзах, ні ў выданнях прыпяцкага суседа. Некаторыя маладыя беларускія паэты карысталіся папулярнасцю ў нашай краіне, якая значна перавышала іх папулярнасць на радзіме. «Беларуская беларуская літаратура» — дазволю сабе такое вызначэнне — мае добры падмурак не толькі геніяльных Багдановіча, Коласа і Купалы, але і цэлага каскаду першакласных празаікаў: Івана Мележа, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Практычна кожны з названых мною аўтараў сваімі дасягненнямі цалкам цягне на намінанта, а Быкаў сваім глыбокім і скрупулёзным разуменнем вайны ў свеце і ў чалавеку заслужыў Нобелеўскую прэмію, напэўна, не менш, чым, скажам, Герта Мюлер. (Прашу прабачэння, фраў Мюлер, але я таксама чытаў і вашы творы, магу іх параўнаць.) Таксама нядаўна пайшоў з жыцця глыбокі і мудры Алесь Разанаў — шведскі паэт Тумас Транстромер, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, піша крыху не горш за Разанава.
Сённяшняя беларуская літаратура часткова выцесненая за межы краіны – многія грамадска-актыўныя творцы дзеля ўласнай бяспекі былі вымушаныя пакінуць РБ. Але яна існуе і паступова даходзіць да еўрапейскага чытача ў перакладах на іншыя мовы. (За апошнія перадваенныя гады ва Украіне адна толькі «Люта справа» пад ачолам Андрэя Ганчарука спарадзіла такое цунамі беларускай паэзіі па-ўкраінску, што ўсе маленькія ўсплёскі перакладаў у іншых краінах, разам узятыя, яе не перавершаць. З гэтага пункту гледжання Украіна свой гештальт закрыла і цвікамі забіла). «Беларуская беларуская літаратура» існуе — і сапраўды добрая, не слабейшая за ўкраінскую, польскую ці дацкую. Але не ўсе ў РБ і ў свеце пра гэта ведаюць.
А цяпер лірычнае адступленне. У 1964 годзе Жан-Поль Сартр адмовіўся ад прысуджанай яму Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Матывацыя тагачаснага інтэлектуальнага куміра свету была, канечне, прадказальная: я не магу прыняць гэтую прэмію з-за яе глыбокай буржуазнасці, бо за час яе існавання ніводны пісьменнік-марксіст яе не атрымаў. Нобелеўскі камітэт вельмі блізка да сэрца прыняў погляды Сартра і на наступны год (са страху?) прысудзіў Нобелеўскую прэмію Шолахаву (за скрадзены трыццаць гадоў таму раман, хоць гэта асобная гісторыя). Папярэднія расейскія лаўрэаты Бунін і Пастэрнак відавочна не былі марксістамі, апошняга проста цкавалі праз тую ж прэмію, а Шолахаву пашылі белы фрак і адправілі ў Стакгольм. Перамога марксізму як ідэалогіі была адначасова перамогай рускай літаратуры і рускай мовы. І роўна праз паўстагоддзя Нобелеўская прамова зноў прагучала па-руску.
У 2015 годзе Святлана Алексіевіч магла адмовіцца ад Нобелеўскай прэміі на карысць беларускамоўнага аўтара. Гэтага, вядома, не адбылося, але магло быць. Такім чынам можна было хаця б прыцягнуць увагу да народа, якога свет не заўважае, падкрэсліць, што ёсць мова, на якой гэты народ размаўляе і на якой стварае літаратуру…
Мэсэдж Нобелеўскага камітэту urbi et orbi адносна Алексіевіч быў даволі ясным: мы ўшаноўваем рускамоўную пісьменніцу, грамадзянку РБ, за выразную гуманістычную і антытаталітарную пазіцыю, за паказальную ролю ў развянчанні камуністычнай тыраніі і аўтарытарызму. Але нейкі Сяржук з-пад Бабруйска прачытаў гэтае паведамленне зусім па-іншаму: хопіць драпаць свае вершы па-беларуску, Нобелеўскай прэміі за гэта не дадуць. Лепш пераходзьце на рускую — там, бачыце, цётка Святлана піша па-руску і атрымала прэмію.
Рускія СМІ радасна перадалі навіны са Стакгольма пад загалоўкамі кшталту «Нобель зноў гаворыць па-руску!». Безумоўна, гэта была перамога «вялікай рускай культуры», хоць і завуаляваная. Але завуалявана яна як бы знарок так лёгка, нядбайна, ледзь-ледзь.
Мяне асабіста ўнутры каробіла, калі мае сябры, лепшыя беларускія пісьменнікі, весела цокалі наконт гэтага: «За перамогу беларускай літаратуры»! Як? Творы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову выходзяць у РБ накладам 500 асобнікаў…
З творчасцю Алексіевіч я пазнаёміўся даўно — яшчэ на пачатку 1980-х, калі, будучы салдацікам з прагай да чытання, перабіраў бібліятэку сваёй вайсковай часткі ў горадзе, які тады называўся Ленінград, усё, што было цікавага, і ў часопісе «Октябрь» я наткнуўся на тэкст «У войны не женское лицо»... Алексіевіч — не беларуская пісьменніца, яна пісьменніца «саўка», і таму не гучаць і не чытаюцца яе опусы па-беларуску. Вывучаць савок па-сапраўднаму можна толькі на ягонай мове — «лингва советика», яна ж «русский язык»…
У год уручаецца толькі адзін медаль чэмпіёна свету па літаратуры. А жадаючых ніколі не бракуе.
Сутнасць трагедыі ў тым, што пасля бурных падзей жніўня і восені 2020 года ў Мінску дзяржава РБ паступова выцясняецца на маргінэс у вачах свету. У цэнтры ўвагі цяпер Украіна, і гэта нездарма. І, вядома, мы ўсе трымаем кулачкі за Сергія нашага Жадана.
У РБ ж, як бачым, рэжым ачуняў ад спалоху і закруціў гайкі ледзь не да зрыву разьбы.
І асаблівай прыкрасці дадае ўсведамленне таго, што ў бок «беларускай беларускай» літаратуры вока Стакгольма цяпер падзівіцца не хутка, у лепшым выпадку праз некалькі дзесяцігоддзяў. То бок усе сённяшнія больш-менш актуальныя «беларускія беларускія» пісьменнікі не дажывуць да абвяшчэння наступнага Нобелеўскага лаўрэата з РБ – на той час ужо беларускамоўнага. Усе гэтыя арловы-хадановічы-бахарэвічы нават калі і трапяць у кандыдацкія спісы, дык дакладна не выйграюць у фінале. Там у Чэхіі ёсць Яраслаў Сэйферт (з часоў ЧССР) — і галачка ўжо пастаўлена. І нават вялікі Грабал так і не быў Нобелем уганараваны. А вялікі фламандзец Гуга Клаўс, не дачакаўшыся Нобелеўскі, замовіў эўтаназію. Так што мае́ шчырыя спачуванні калегам-беларусам, існым у РБ і па-за ёй.
А мы, як ужо сказана вышэй, усе за Сергія! (Абы толькі які-небудзь Муракамі не стаў яму дзесь папярок дарогі.)