beshankovichi.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Бешенковичей Культура

05.11.2025 19:29

57 просмотров

0 комментариев

Як цэнзуравалі Уладзіміра Караткевіча

Пяро Уладзіміра Караткевіча, як жазло фрыгійскага цара Мідаса, валодала чарадзейнай уласцівасцю ператвараць усё напісанае ў мастацкія скарбы.

І скарбы тыя пісьменнік шчодра дарыў-прысвячаў сябрам і блізкім: аповесць “Ладдзю Роспачы” – аднадумцу-паплечніку Рыгору Барадуліну, раман “Нельга забыць” – аднакурсніку Гераніму Стулпану, “Чорны замак Альшанскі” – жонцы Валянціне Браніславаўне…

Прысвячэнні прырастаюць да твораў, становяцца іх часткай. Скажам, казку на ўсе ўзросты Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц” немагчыма ўявіць без кранальнага зваротка “Ляону Верту, калі ён быў маленькім”. Шэдэўральны “Вянок” Максіма Багдановіча быў ускладзены на далёкую (у Кіеве) магілу таленавітага публіцыста Сяргея Палуяна, які ў дзевятнаццацігадовым узросце самахоць развітаўся з жыццём. А красамоўнае прысвячэнне знакамітай паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” каралеве Боне Сфорца ўспрымаецца сапраўды як пачатак твора, які тлумачыць прычыны з’яўлення “Carmen de bisontis” на свет.

Аднойчы вядомы кінааператар Анатоль Забалоцкі, які дзесяць гадоў адпрацаваў на “Беларусьфільме”, паказаў мне аўтограф караткевічаўскай “Балады пра дзіка і чалавека” з прысвячэннем яму. Аднак у кнігах прысвячэнне чамусьці адсутнічала. Гэта мяне зацікавіла. Паглядзеўшы ў архіве аўтарскі машынапіс кнігі Караткевіча “Мая Іліяда”, я неспадзявана выявіў, што з яе ў далёкім 1969 годзе былі выкасаваны ажно дванаццаць прысвячэнняў! Відаць, некаторыя сябры паэта для Галоўліта выглядалі ідэйна небеззаганнымі.

Вось вершы, “падчышчаныя” ад сумніцельных імёнаў: “О любоў мая, Беларусь!” (яго паэт меў неасцярожнасць прысвяціць Ларысе Геніюш), “Генуэзская крэпасць” (ахвяраваная ўжо тады апальнаму Уладзіміру Дамашэвічу), “Дзядзькаў кубак” (з яго паэт піў разам з Васілём Сёмухам), “Скарына пакідае радзіму” (тут пад цэнзарскія нажніцы трапіла імя Вячаслава Рагойшы), “Энкелад” (меў прысвячэнне Валянціну Тарасу, які шмат перакладаў Караткевіча)…

За кожным з прысвячэнняў – свая гісторыя, эпізоды сяброўства, якія павінны вывучацца даследчыкамі. Скажам, “Дзядзькаў кубак” быў напісаны пасля таго, як Васіль Сёмуха разам з Караткевічам пражылі цэлы месяц у Рагачове, у дзядзькі пісьменніка Ігара Грынкевіча. Малады перакладчык перажываў тады не лепшыя часы, і Уладзімір Сымонавіч прапанаваў яму “палітычны прытулак” у зацішным гарадку на беразе Дняпра. Дарэчы, тады ж Сёмухам быў зроблены пераклад на рускую мову рамана “Леаніды не вернуцца на зямлю”, які падчас генсакратарства “дарагога Леаніда Ільіча” палахлівымі рэдактарамі быў пераназваны ў “Нельга забыць”.

Прысвячэнне Ларысе Геніюш верша “О любоў мая, Беларусь!” прывяло да таго, што гэты кароценькі пяцірадковы твор увогуле вылецеў з “Маёй Іліяды”. Ён быў апублікаваны толькі праз васямнаццаць гадоў у пасмяротнай кнізе Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду” (зноў жа – без прысвячэння).

Ці трэба казаць, у якім непрыемным становішчы апынуўся аўтар пасля выхаду “Маёй Іліяды”? Па сведчаннях сучаснікаў, ён абзвоньваў выкінутых з кнігі сяброў і прасіў у іх прабачэння...

Калі ў 2012 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пачаў выходзіць Збор твораў Караткевіча ў 25 тамах, я пацікавіўся, ці будуць там адноўлены выкінутыя цэнзурай імёны? Бо, на жаль, завялася ў нашых выдавецтвах заганная практыка – друкаваць класікаў у савецкіх рэдакцыях. Скажам, “Беларуская навука” выдала 20-томнік Якуба Коласа са знявечанымі за савецкім часам творамі, а першатэксты запіхнула ў каментарыі, дзе іх ніхто ніколі не прачытае. Да гонару “Мастацкай літаратуры”, імёны ўсіх 12-ці караткевічаўскіх сяброў былі вернуты на месца.

Нямала пацярпела ад цэнзуры і “Ладдзя Роспачы” – скарачэнняў і правак там безліч. Напрыклад, Смерць гаворыць галоўнаму герою Гервасію Выліваху: “Ты зноў папаўся, беларус”. У цэнзураваным тэксце засталося: “Ты зноў папаўся”. Ці – Смерць звяртаецца да Гервасія: “Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі, яны такія прагныя да жыцця”. У папраўленым тэксце – “больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты”. Слова “беларус” камусьці відавочна замінала ў “Ладдзі Роспачы”, як яно аказалася лішнім і ў сучасных нашых пашпартах.

Знайшоў цэнзар у аповесці і яшчэ больш крамольныя радкі. Аўтар налічыў на беларускай зямлі ажно тры ўваходы ў пекла – пры рацэ Іпуць (Гомельшчына), ля Ржаўца пад Юхнавым (Смаленшчына) і ля Макруш пад Бельскам (Беласточчына). Адгадайце, колькі ўваходаў у пекла засталося ў тэксце пасля таго, як па ім пахадзіў цэнзарскі аловак? Правільна: толькі той, што на Гомельшчыне...

Можна толькі ўявіць, колькіх нерваў такое рэдагаванне-цэнзураванне каштавала Уладзіміру Караткевічу! А ён жа цярпець не мог ніякага ўмяшання ў свае тэксты і, прыкладам, на шматлікія заўвагі рэдактара “Каласоў пад сярпом тваім” заявіў яму проста ў вочы: “І коскі з месца не зрушу!”
Але зрушвалі і без аўтара – што хацелі і як хацелі. І Караткевіч дзе толькі было магчыма стараўся аднавіць нейкія каларытныя слоўцы. У маім зборы ёсць унікальны асобнік кнігі “З вякоў мінулых”, падараваны мне старым беларускім настаўнікам з Вільні Аляксеем Анішчыкам. Дык там у той жа “Ладдзі Роспачы” рукой пісьменніка тройчы закрэслена слова “плытагоны” і ўпісана, перапрашаю, “вадасёры”. І, трэба прызнаць, у эмацыйных рэпліках Гервасія Вылівахі апошнія выглядаюць на сваім месцы.

На сваім месцы яны і ў згаданым 25-томніку, які, хай сабе і з затрымкамі, але працягвае выходзіць у свет. На вялікі жаль, ізноў з цэнзурнымі скаротамі. Да прыкладу, з аднаго з эпісталярных тамоў былі выкінутыя дванаццаць лістоў Караткевіча да Ларысы Геніюш…
Міхась Скобла

Последние новости