Адно шкада: так мала пакуль у нас такіх кніг — на пальцах рук пералічыш. І святлее на сэрцы ад таго, што вось яна — новая кніга, якую так хочацца бачыць не проста ў кожнай школьнай бібліятэцы, а ў праграме школьнага чытання...
Аксіёма: добрая дзіцячая кніга гэта тая, якая будзе цікавай і захапляльнай як для дзяцей, так і для дарослых. Калі на старонках карыснае і цікавае для сябе знойдуць усе. Калі маці будзе з цікавасцю чытаць кнігу дзіцяці, а маленькі чытач з захапленнем дзяліцца прачытаным з роднымі старэйшымі. Прыкладаў прыводзіць не буду.
Новая кніга Алены Масла «Пачастунак для цмока» менавіта такая.
Саму па сабе казачную, незвычайную гісторыю з прыгодамі стварыць не праблема. Вунь іх сёння колькі — дзіцячых кніжак, ажно вочы разбягаюцца. Што там толькі ні робіцца, куды там толькі ні трапляюць героі... Але што ж робіць дзіцячую кнігу жаданай для чытача юнага і дарослага?
У Алены Масла, нашай беларускай казачніцы, незвычайная гісторыя адбываецца ў Мінску. Лакацыі ўсе знаёмыя, і гэта ўжо прываблівае. Сучасныя героі, знаёмы побыт робіць нас яшчэ больш блізкімі да дзеі. Ну так, ёсць яшчэ дзве малыя дзяўчынкі, якіх невядомым чынам закінула праз часовую прарэху да нас з ХІХ стагоддзя... Але іхні час — гэта ж наша, праўда, хай сабе і мінулае.
Тут наступае самае цікавае: дзеля таго, каб вярнуць дзяўчынак да іх родных, у іхні час, трэба выканаць неабходныя ўмовы. Але вось што важна: пастаўленыя задачы вырашаюцца звычайнымі людзьмі ў звычайным часе без усялякіх чароўных палачак. Вось ён, адмысловы рэцэпт прыгатавання цікавостак: усё казачнае і фантастычнае ў добрай гісторыі служыць фонам, нейкай асаблівай акалічнасцю, а самыя складаныя задачы вырашаюцца самымі звычайнымі героямі ў звычайных рэаліях.
***
Але гэта кніга Алена Маслы асаблівая не толькі ў майстэрстве стварэння казачнай гісторыі. Другі складнік кнігі — гісторыка-этнаграфічны плюс фальклорны. Упэўнены, што далёка не кожны з дарослых ведае тыя цікавосткі з гісторыі Мінска, які там сустракаюцца. Напрыклад, ці зможаце вы пералічыць усе тыя ўзгоркі, на якіх пачынаў расці наш Мінск? Ведаеце легенду пра мінскага змея-цмока, зможаце згадаць ягоны улюбёны пачастунак? Гэтыя веды пададзены захапляльна і ненавязліва, бо, па задуме аўтара, яны неабходныя для развязвання задачы.
Дзіўным чынам гісторыя дзяўчынак, падарожніц у часе, закальцоўваецца на нашым слынным паэце Максіме Багдановічу. Лічу тое асаблівым плюсам гэтай насычанай цікавосткамі кнігі.
І самы істотны, адметны трэці складнік кнігі, бадай што практычны. Пасля прачытання ці нават падчас яго дзеці могуць стаць маленькімі кухарамі, ці як ласкава называе іх наша казачніца, кухцікамі. І прыгатаваць нейкую старажытную страву. Не палохайцеся, для іх прыгатавання вам не трэба будзе шукаць ласіныя губы, прыкладам. Стравы гатуюцца з прадуктаў, якія льга купіць у магазіне побач. І яны падабраныя найперш сыходзячы з іх незвычайнасці і адначасова нескладанасці гатавання.
***
Спынімся на гэтым месцы, яшчэ раз зірнём на вокладку і зразумеем: дык вось чаму ў кнігі дзве аўтаркі: Алена Масла і Ларыса Мятлеўская! Хто такая спадарыня Ларыса? Знаўца беларускай кухні, этнограф, захавальніца ведаў з «Літоўскай гаспадыні». Рэцэпты ў кнізе — ад яе, яна ж дала і нямала фальклорных падказак.
Такім чынам, ідэя кнігі палягала ў тым, каб цікава, вобразна, з любоўю да сваёй спадчыны данесці дзецям старадаўнія рэцэпты беларускай кухні. І супраца двух паважаных і таленавітых жанчын вылілася ў дзівосную кнігу. Імя Ларысы Мятлеўскай на вокладцы не засціць талент Алены Масла, але надае кнізе выключную кампетэнцыю і праўдзівасць у пэўнай частцы. Кніга атрымалася аўтарытэтным дзіцячым выданнем. Скажу больш: амаль што выключным па сённяшнім часе.
Чаму? Ды таму што даводзілася трымаць у руках і гартаць нямала кніг для дзяцей аб раслінах і жывёлах, аб рэках і рыбах, кніг краязнаўчых... І аўтар там адзін — сам пісьменнік. На жаль, нашы аўтары не заўсёды любяць абцяжарваць сябе адказнасцю за свае радкі, веды чэрпаюць з самых розных крыніц, сярод якіх сеціва — найзручнейшы калодзеж. І чэрпаюцца адтуль, а пасля з’яўляюцца на старонках кніг такія «веды», што іншым разам сорамна за аўтара і не па сабе робіцца ад розных саматужных «легенд».
Вельмі б хацелася, каб кніга «Пачастунак для цмока» сталася узорам і прыкладам выніковай супрацы таленавітага аўтара і улюбёнага з сваю справу навукоўца, адмыслоўца.
***
Такім чынам, незвычайная гісторыя з чараўніцтвам, з супакаеннем змея-цмока — раз. Самыя розныя цікавыя факты з гісторыі Мінска, сям’і Максіма Багдановіча, вядомых жанчын-кухараў — два. І дванаццаць рэцэптаў старасвецкіх страў, якія можна прыгатаваць разам з дзецьмі ці ім самім пад наглядам дарослых — тры. У адной кнізе!
Яшчэ адно хочацца сказаць пра гісторыю Алены Масла. Кнігі, якія чытаюць дзеці, хочам мы таго ці не, заўсёды выхоўваюць тым ці іншым чынам. Дзецям цікавыя паводзіны герояў-аднагодак. І вось у кнізе галоўныя героі — дзве дзяўчынкі-кухцікі.
Дзяўчаткі ёсць дзяўчаткі: яны гарэзяць, яны спрачаюцца і сварацца міжсобку, і адна, і другая недзе трошкі хвалько, некага яны і абгавораць. Яны жывыя і непасрэдныя, часам і свавольныя. Своеасабліва і нават арыгінальна Алена Масла вырашыла пытанне выхаваўчых момантаў — іх яна ўсклала на сваю гераіню, жанчыну, якая нейкі час апекаваецца малымі дзяўчаткамі. І заўвагі ім у асобных выпадках, без якіх і гісторыя не гісторыя, гучаць быццам з вуснаў роднай матулі: прамыя, ды з ёмкім тлумачэннем і — з любоўю. Такія моманты надаюць усёй казцы непасрэднасці і набліжаюць атмасферу аповеду да сённяшняй рэальнасці.
***
Шчаслівы, вельмі кранальны фінал. Калі дарослыя вераць у казку ўсім сваім сэрцам.
Апошні момант, які асабліва адзначу: у герояў-сучснікаў ёсць прататыпы. Пра гэта Алена Масла расказвае ў канцы кнігі. Як падзяка ім, жывым людзям, за падказкі, за веды, якімі яны дзяліліся. Нешта цалкам новенькае, нязвычнае і таму цікавае.
Валер Гапееў