Эвалюцыйна ў харчаванні дарослага чалавека закладзена патрэба арганізма ў амега-3 на ўзроўні 1-2 грамаў у суткі, у залежнасці ад полу і ўзросту. Але за апошнія стагоддзі адбыліся істотныя змены ў структуры харчавання і паўсядзённым меню чалавека, якія прывялі да дэфіцыту гэтага рэчыва ў нашым рацыёне.
У нашай краіне і за мяжой
— За апошнія пяць гадоў аб’ёмы вытворчасці рапсавага алею павялічаны ў 1,4 раза: калі ў 2019-м мы выраблялі каля 417 тыс. тон алею, то летась — ужо 578 тыс. тон. Гэта тлумачыцца папулярнасцю дадзенага прадукту, якая працягвае расці, — распавяла начальнік упраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Юлія Аляхно.
У складзе канцэрна — чатыры прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць рапсавы алей або выкарыстоўваюць яго ў вытворчасці: Віцебскі маслаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Бабруйскі завод алею і Мінскі маргарынавы завод. Віцебскае прадпрыемства займаецца перапрацоўкай алею, астатнія выкарыстоўваюць яго ў вытворчасці.
Нічога, акрамя карысці
Аб карысці рапсавага алею дыетолагі і медыкі пісалі і казалі шмат. Сёння клінічныя выпрабаванні пацвярджаюць, што ўнікальны прадукт, у прыватнасці, папярэджвае развіццё паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы ў людзей з залішняй масай цела. Пра гэта паведаміла навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій кандытарскай і алейна-тлушчавай прадукцыі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Ганна Пчэльнікава.
— Рапсавы алей шырока ўжываюць для кандытарскіх вырабаў, у прыватнасці пры вытворчасці пернікаў і печыва, — дадала Ганна Пчэльнікава. — Супрацоўнікі цэнтра распрацавалі новыя віды пячэння са збалансаваным вугляводным складам, дзе рапсавы алей уваходзіць у асноўны тлушчавы кампанент разам са сметанковым маслам. Гэтае печыва рэкамендавана для дзіцячага харчавання.
— Яго спажыванне папярэджвае развіццё паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Таксама мы назіралі зніжэнне ўзроўню агульнага халестэрыну і паляпшэнне абмену рэчываў, — растлумачыла Ганна Пчэльнікава. — Цікава, што на здаровых добраахвотнікаў станоўча паўплывала сумесь алеяў. Пры гэтым сланечнікавы алей не прадэманстраваў пазітыўнага ўплыву на добраахвотнікаў абедзвюх груп.
Ніводны алей па сваім тлушчакіслотным складзе не ідэальны, расказала загадчыца лабараторыі вывучэння статусу харчавання насельніцтва НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Цэмбарэвіч. Менавіта таму ў рацыён важна ўводзіць адразу некалькі відаў раслінных алеяў. Але рапсавы сярод іх павінен быць абавязкова: гэта наймагутнейшы антыаксідант, які запавольвае старэнне. Унікальны прадукт нармалізуе абмен рэчываў і зніжае халестэрын у крыві. Акрамя таго, алеі пастаўляюць у арганізм незаменныя (эсэнцыяльныя) тлустыя кіслоты: як ужо было сказана, яны павінны штодня паступаць з прадуктамі харчавання.
— І тут лічу дарэчным вылучыць менавіта рапсавы алей, які цалкам апраўдана набірае ўсё большую папулярнасць у Беларусі, — падкрэсліла эксперт.
Для нармальнага функцыянавання нашага арганізма важна не толькі колькасць у ежы амега-3, але і суадносіны ў ёй поліненасычаных кіслот амега-3, 6, 9. Менавіта ў рапсавым алеі поліненасычаныя тлустыя кіслоты (ліналенавая, або амега-6, і альфа-ліналенавая кіслата, або амега-3) знаходзяцца ў найбольш збалансаваных суадносінах.
Суперфуд па-беларуску
Менавіта таму, адзначаюць вучоныя, рапсавы алей павінен быць на стале ў кожнай сям’і. Бо дастатковае спажыванне амега-3 прыводзіць да паляпшэння дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы, павялічвае хуткасць абмену рэчываў, дабратворна адбіваецца на ўласцівасцях крыві, зніжае артэрыяльны ціск і памяншае рызыку ўтварэння тромбаў. Поліненасычаныя тлустыя кіслоты, якія змяшчаюцца ў рапсавым алеі, станоўча ўплываюць на ўсе функцыі мозгу (бо наш мозг на 60% складаецца з тлушчаў і мае патрэбу ў крыніцах амега-3). Таксама поліненасычаныя тлустыя кіслоты нармалізуюць вытворчасць гармонаў, змяншаюць запаленчыя працэсы ў суставах, памяншаюць перыяд узнаўлення мышачнай тканкі пасля фізічных нагрузак, павялічваюць агульную цягавітасць арганізма, прыводзяць у норму апетыт і спрыяюць памяншэнню вагі, а таксама павышаюць устойлівасць арганізма да інфекцый. Дарэчы, увядзенне ў рацыён дадатковых крыніц амега-3 рэкамендуецца пры дэпрэсіі — гэта дапамагае ліквідаваць дэпрэсіўную сімптаматыку.
Рапсавы алей — яшчэ і крыніца вітаміну Е (а гэта магутны антыаксідант) і фітастэрынаў (яны з’яўляюцца ключавым структурным кампанентам клеткавых мембран і аказваюць проціатэрасклератычнае дзеянне). Нядзіўна, што гэты каштоўны прадукт рэкамендаваны медыкамі людзям ва ўзросце за 60 гадоў: 20 яго грамаў у суткі забяспечаць паступленне ў арганізм найкаштоўнейшых рэчываў, якія перашкаджаюць старэнню. Пры гэтым Наталля Цэмбарэвіч рэкамендуе часцей уключаць у рацыён нерафінаваны рапсавы алей. Ён таксама ёсць у продажы, важна толькі памятаць, што прызначаны такі алей менавіта для салатаў: смажыць на любым нерафінаваным раслінным алеі не варта.
Рапсавы алей — важны кампанент здаровага меню цяжарных жанчын, а таксама кормячых мам (умацоўвае імунітэт як маці, так і дзіцяці). І, нарэшце, ён неабходны дзецям з гадавалага ўзросту. З года да трох для малога норма рапсавага алею ў суткі — 6 г, адзначыла спецыяліст. І, вядома, важна памятаць, што ў рацыён дзяцей любога ўзросту варта ўводзіць безэрукавыя або нізкаэрукавыя сарты рапсавага алею.
У тэму
Як небанальна выкарыстоўваць рапсавы алей у хатняй кулінарыі? Ну, напрыклад, зрабіць з яго маянэз.
— У рэцэпт уваходзяць яйка, гарчыца, раслінны алей і тыя ці іншыя дабаўкі, — распавёў «Звяздзе» кіраўнік Гільдыі кухараў Беларусі Аляксандр Чыкілеўскі. — Гэта можа быць воцат, а можна дадаць лімонны сок. Яйка ўбіваем у кубак, дадаём гарчыцу і пачынаем узбіваць блэндарам. У працэсе ўзбівання акуратна, тоненькім струменьчыкам дадаяце раслінны алей, напрыклад рапсавы. Можна ўзяць аліўкавы (хоць соус атрымаецца даражэйшы), можна ўзяць алей костачак вінаграду, гарбузовы алей — усё гэта надасць дамашняму маянэзу нюансы смаку.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Чытаць цалкам: https://zviazda.by/be/news/20240826/1724683695-rapsavy-aley-yak-eliksir-daugaleccya