Шмат на нашай зямлі знакамітых прыродных мясцін. Сярод іх і Галубіцкая пушча — цяперашні біялагічны заказнік у Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах. Знаходзячыся ў суседстве з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, яны складаюць адзін з самых буйных у Еўропе луга-балотных комплексаў і рэзерваў біялагічнай разнастайнасці водна-балотнай флоры і фаўны. Гэта калі па-навуковаму. Па-простаму кажучы — цуд з цудаў. Хоць у параўнанні з Белавежскай пушчай, Налібокамі і куды меншы, але ім нельга не ганарыцца.

Язэп Драздовіч
Як курганная кветка
Сям’я Драздовічаў, як і звычайна ў тыя гады, была немалая — бацькі, пяць сыноў і дачка. Язэпка — малодшы. Калі яму споўнілася ўсяго два гады, бацька Нарцыз Драздовіч памёр. Маці, каб выжыць, прадала засценак пад так званую заставу, а сама з дзецьмі падалася ў людзі. Беручы ў арэнду зямлю, падоўгу на адным месцы не затрымліваліся. Дзе на два гады, а дзе, калі шанцавала, то і на тры.
Дзесьці ў дзесяцігадовым узросце Язэп падахвоціўся маляваць. Няблага атрымлівалася, калі што-небудзь перамалёўваў з кніжак, купленых маці на базары ў Дзісне. З задавальненнем апрацоўваў розныя карэньчыкі, сучкі, галінкі, робячы з іх казачныя, загадкавыя фігуркі. «Слухалася» ў яго ўмелых руках і гліна. Маці, як цяжка ні даводзілася, калі падрос, адправіла яго ў Віленскую мастацкую школу.
Вучыўся чатыры гады, з 1906 да 1910-га, перапыняючы заняткі ў пошуках кавалка хлеба. Вывучаючы жыццё, не толькі маляваннем займаўся, пісаў і пра жыцці тых, з асяродка каго выйшаў. Калі восенню 1910-га ўзялі ў войска, апынуўся ў Саратаве. Яшчэ праз два гады паступіў на курсы вайсковых фельчараў, а зімой 1913 года атрымаў прызначэнне ў адну з амбулаторый горада Вольска, што на Волзе. Выязджаў у розныя камандзіроўкі, а калі пачалася Першая сусветная вайна, трапіў у Беларусь.
Служба службай, а з маляваннем не развітваўся. Пашанцавала, што яшчэ раней на некаторыя яго малюнкі звярнуў увагу Янка Купала. Іван Дамінікавіч якраз рыхтаваў да друку першую кнігу Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» і прапанаваў яму аформіць яе. З задачай малады мастак справіўся па-майстэрску. На графічным лісце з’явіўся загадкавы твар жанчыны. Як быццам нешта таямнічае, як тая самая папараць-кветка.
З арміяй Драздовіч развітаўся толькі пасля лютаўскіх падзей 1917 года. Паспяшаўся да маці, якая ўжо жыла ў Красоўшчыне, непадалёку ад Германавічаў (сёння Шаркоўшчынскі раён). Усяго месяц правёў з роднымі, а пасля стварыў кааператыўнае таварыства, арганізаваў харчовы камітэт. Калі ж даведаўся аб утварэнні БССР, падаўся ў Мінск, стаў працаваць мастаком-дэкаратарам у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле — быў такі пры Камісарыяце народнай асветы. Зрабіў не адзін дзясятак малюнкаў для буквара, што рыхтаваўся да друку, аформіў назву часопіса «Вольны сцяг».
Сталіца ў правінцыі
Перад самым новым 1921 годам атрымаў вестку, што маці пры смерці і абавязкова хоча пабачыцца з ім. Паспяшаўся пехам на Дзісеншчыну, але жывой яе не заспеў. І застаўся там назаўсёды. Канешне, выязджаў на некаторы час ў Вільню, бо Мінск для яго стаў «адрэзаным» — пралягла мяжа, якая надоўга падзяліла Беларусь на Усходнюю і Заходнюю.
У адной з вёсак з крыху дзіўнай назвай Сталіца стварыў беларускую школу, аднак польскія ўлады хутка зачынілі як незаконную. Заставалася ажыццяўляць свае даўнія і новыя творчыя планы. Яшчэ падчас знаходжання ў Мінску захацеў стварыць шэраг малюнкаў пра даўняе жыццё беларусаў. Рабіў гэта ў розных вёсках. І ў Лявонаўцы, і ў Прапелеўшчыне — пастаяннага прыстанішча не меў. І раптам адчуў (гэта прыйшло як азарэнне), што таму, пра што хочацца расказаць, цесна ў малюнках.
«Гарадзецкая брама», «Вежа Празор», «Хаты-буданы», «Тып старадаўняй беларускай будоўлі» — гэтыя і іншыя работы, зразумела, прыносілі задавальненне, але хацелася далей заглыбляцца ў даўніну. Даючы волю фантазіі, не забываць і пра паданні, легенды. Так нарадзілася задума аповесці-легенды «Гарадольская пушча». Пішучы яе, паралельна рабіў графічныя малюнкі.
Адначасова пісаў казку-алегорыю «Сон Гараноса» (захавалася толькі ілюстрацыя да яе), аповесць «Вялікая шышка, або Вар’ят без вар’яцтва», першая частка якой пад псеўданімам Я. Нарцызаў выйшла ў 1923 годзе ў Віленскім выдавецтве Б. Клецкіна. У творы відавочны аўтабіяграфічныя моманты, расказваецца пра двух сяброў, студэнтаў мастацкага вучылішча.
Мінулае не адпускала і ў выяўленчых работах. Нарадзілася карціна «Пагоня Ярылы» — алегарычная, з міфалагічнымі матывамі. Белы коннік на фоне светлага горада як бы павісае ў паветры. Ён імчыцца наперад, каб разграміць ворагаў. Коннік гэты не абы-хто, а сам Бог Сонца — Ярыла. Язэп Драздовіч па-свойму выказаў трывожны, набалелы роздум аб Беларусі, якую ў розныя часы тапталі ногі чужынцаў. Як працяг гістарычнай тэмы з’явіўся эцюд «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», графічныя малюнкі «Усяслаў Чарадзей», «Брачыслаў», «Рагвалод» і іншыя.

Ад замкаў да… Сатурна
Ад гнятлівай рэчаіснасці адыходзіў і праз далучэнне да прыроды. Летам 1922 года прайшоўся берагамі Дзісёнкі. З’явіўся альбом графічных лістоў — «Дзісёнка ля Баяр», «Дзісёнка ля Сталіцы», «Дзісёнка ля Стараполля»... Пачаў працаваць над серыяй «Пунькі». Імкнучыся да дакументальнасці, пазбягаў вобразнай ускладненасці, паказваў усё такім, якім яно было ў сапраўднасці. Але гэтая прастата апраўдана. Матэрыял, багатая фактура гавораць самі за сябе. Тое ж тычыцца і графічных лістоў «Дом на пагорку», «Вёска Лаўрынаўка», «Гара Гараватка».
Выязджаў у Вільню, дзе меў сяброў і аднадумцаў. Найбольш блізкія ў яго былі адносіны з заходнебеларускім асветнікам, збіральнікам фальклору Янкам Пачопкам, у якога часта і жыў на кватэры. Пазнаёміўся з Уладзіславам Самойлам, Зоськай Верас, Браніславам Тарашкевічам... Сваім чалавекам стаў у Беларускай гімназіі, музеі, навуковым таварыстве. Больш-менш сталы заробак займеў у 1926 годзе, супрацоўнічаючы з часопісам «Маланка». Па запрашэнні Аляксандра Уласава прыязджаў у Радашковічы. Потым зноў была Вільня. У 1927 годзе адправіўся ў чарговую вандроўку на Наваградчыну. На працягу некалькіх летніх тыдняў абышоў Любчу, Лаўрышава. Шчорсы, Мір, Карэлічы і іншыя населеныя пункты. З’явіліся серыі малюнкаў «Мір» і «Лаўрышава і Незвішча».
Міжволі напрошваецца паралель з Напалеонам Ордам. Той, едучы ад засценка да засценка, ад фальварка да фальварка, ад замка да замка, таксама рабіў замалёўкі ўбачанага. Аднак Язэпа Драздовіча не толькі сучаснасць цікавіла, але і сляды даўніх падзей. Звяртаў увагу і на паўразбураныя замкі. Невыпадкова сёння яго называюць «вечным вандроўнікам». Калі ў паўсядзённым жыцці так не ставала звычайных радасцей, хацелася нечага незямнога, узвышанага. У снах падарожнічаў на іншыя планеты, сустракаўся з іх жыхарамі. Прачнуўшыся, занатоўваў «пабачанае».
Першыя творы на касмічную тэму — «Сатурнянка», «Космаполіс» і іншыя — напісаў у 1931 годзе. А ў канцы яго выдаў брашуру «Нябесныя бегі», у якой пазяліўся думкамі пра будову Сусвету, паразважаў пра адну з самых загадкавых планет — Сатурн. Праз год з’явілася навуковая праца «Гармонія планет сонечнай сістэмы». Папаўняліся чарговымі раздзеламі аповесці «Трывеж», «З жыцця на Месяцы», «Краіна дымнага неба»…

У нечым Леанарда да Вінчы
І планы, планы, планы... А ў кішэні пуста і на лепшае не даводзіцца спадзявацца. Задавальняўся самым неабходным, а астатняе не надта турбавала. Апроч творчасці, якую паспелі заўважыць, высока ацаніць тыя, хто гэтаксама, як і ён, плённа працаваў на ніве адраджэння Бацькаўшчыны. У «Лістках календара» Максіма Танка ёсць такі запіс, зроблены 7 мая 1938 года: «Гэта надзвычай арыгінальны, цікавы і таленавіты чалавек, які ў нашых умовах жыцця бадзяецца, не знаходзячы сабе месца. Арыгінальныя яго карціны, напісаныя гуашшу, аква
рэльнымі і алейнымі фарбамі на гістарычныя і касмічныя тэмы. Яны не толькі здзіўляюць новым бачаннем свету, але і прымушаюць задумацца над яшчэ не разгаданым, што акружае чалавека. Замалёўкі ж народных тканін, дываноў, паясоў, зробленыя ў час яго бясконцых вандровак па Заходняй Беларусі і падараваныя музею, — рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе». Паплечнік
і сябра Драздовіча Пётра Сяргіевіч яшчэ больш дакладны: «Гэта быў беларускі Леанарда да Вінчы». Можа,
і завельмі сказана, але «ўсё мог, за што ні браўся».
Сапраўды, гэта быў вельмі шматгранны талент. Захапляўся і скульптурай: адна з яго работ — «Гарыслава» — некалі ўпрыгожвала залу пасяджэнняў Інстытута беларускай культуры. На жаль, ці захаваўся гэты твор, цяжка сказаць. Тое ж тычыцца і бюста Францыска Скарыны, выкананага ў 1916—1917 гадах. Некаторыя ж работы, у тым ліку і разьбярныя, ёсць у фондах Музея старажытнабеларускай культуры.

Шмат зрабіў і ўжытковых рэчаў, а паколькі афармляў іх прыгожа, годна, яны таксама станавіліся творамі мастацтва. Асабліва атрымліваліся ў яго кіі, аздобленыя мужчынскімі ці жаночымі галовамі. З-пад умелых рук майстра выходзілі і адмысловыя табакеркі, шкатулкі, пісьмовыя прылады. Любіў рабіць маляваныя дываны.
Мнюта і Аута — мясціны любімыя

Язэп Драздовіч быў вядомы і як апантаны збіральнік фальклору. Пісаў ён і вершы, якіх, на жаль, захавалася няшмат, аднак, несумненна, не ўсе пакуль знойдзены. Прынамсі, адзін з вершаў — «Кій» — адшукалі вучні Германавіцкай сярэдняй школы. Няхітрыя радкі, але і яны частка гісторыі літаратуры:
Кій мой верны друг,
Кій прыяцель мой,
Нам ня трэба слуг—
Я ды ты са мной.
З такім кіем — разным, прыгожа аздобленым — і адпраўляўся ў дарогу. «Хаджу паміж Мнютай і Аутай (правыя прытокі Дзісны. — А. М.) па хатах, малюючы людзям... на сваёй радзіме... даўгі ёй аддаю», — чытаем у яго дзённіках. На Дзісеншчыне яго добра ведалі і старыя, і малыя, ласкава і з павагай называючы: «Дзядзька Драздовіч», «Язэпка», «Наш Язэп»... Ахвотна запрашалі да сябе. Хто карціну заказваў, хто дыван маляваны, а хто і ўласны партрэт. Нікому не адмаўляў, а калі ў чалавека не было грошай, каб разлічыцца за работу, абмяжоўваўся тым, што пакармілі, пераначаваць дазволілі.
А гады бралі сваё. Слабеў зрок, усё меней слухалася рука. Неабходна было падсумоўваць пройдзены творчы шлях. І Язэп Нарцызавіч яго падсумаваў.
29 верасня 1952 года ён закончыў свой апошні твор. Ім стаў жывапісны эцюд «Гара Гараватка». Вярнуўся, па сутнасці, туды, адкуль пачаў, — да вытокаў.
Як бы зрабіў кругавое падарожжа па сваёй роднай зямлі: роўна ж трыццаць гадоў назад, у 1922-м, ён выканаў аднайменны графічны малюнак.
Памёр 15 жніўня 1954 года, а вечны спакой знайшоў на Ліплянскіх могілках. Каля самай дарогі, ускрай сцежкі. У 1982 годзе на магіле адкрылі помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка. Ёсць помнік Драздовічу і ў Мінску — выяву Язэпа Нарцызавіча з нязменным кіем у руцэ выканаў Ігар Голубеў.

Прыемна, што Язэпа Драздовіча — аднаго з самых выдатных нацыянальных адраджэнцаў — яго землякі ўспомнілі і нядаўна, напярэдадні святкавання сёлетняга Дня народнага адзінства. Мурал пад назвай «Нябесныя бегі» па матывах яго аднайменнай кнігі стварылі на цэнтральнай плошчы Глыбокага выкладчыкі і вучні мясцовай мастацкай школы, якая носіць яго імя. Зорнае неба з планетамі Сонечнай сістэмы ператварылася ў своеасаблівы перформанс. Кожны ахвотны мог дамаляваць «на небе» ўласную зорку.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
https://zviazda.by/be/news/20231013/1697197334-zhyccyovy-shlyah-yazepa-drazdovicha
