beshankovichi.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Першыя паваенныя гады

Першыя паваенныя гады

Насельніцтва раёна з энтузіязмам узялося за аднаўленчыя работы. Шырокімі тэмпамі разгарнулася работа па аднаўленні жылля. Перасяліць людзей з зямлянак у новыя дамы было адной з першачарговых задач партыйных і савецкіх органаў. Для будаўніцтва жылля сельскаму насельніцтву дзяржава дала доўгатэрміновую пазыку, будаўнічы лес, цвікі, шкло, пілы, сякеры і іншы рыштунак. У сельскай мясцовасці раёна было адноўлена і занава пабудавана 978 дамоў, 106 з якіх аддадзены сем’ям франтавікоў і партызан.

Для аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі раёна з саюзнага бюджэту былі выдзелены вялікія грашовыя асігнаванні. З розных рэгіёнаў краіны паступала прамысловае абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы і іншае. На той час у раёне налічвалася 194 калгасы і саўгасы. У адроджаных гаспадарках паступова ўмацоўвалася эканоміка, пашыраліся пасяўныя плошчы. У 1946 годзе пасяўная плошча ўсіх калгасаў і саўгасаў раёна ўзрасла на 18 тысяч га ў параўнанні з 1944 годам і дасягнула 75,5 % даваеннага ўзроўню. Былі адноўлены млыны ў вёсках Будзілава і Крывіна, ільнозавод, радыёвузел, райпрамкамбінат у Бешанковічах.

З 1953 да 1958 года калгасы раёна прыкметна ўмацаваліся, узраслі іх грашовыя даходы і непадзельныя фонды. За кошт грамадскіх сродкаў былі ўзведзены дзесяткі вытворчых пабудоў, школьных, а таксама іншых культурна-бытавых памяшканняў. Павысіўся дабрабыт калгаснікаў, даходы калгасных сем’яў ад грамадскай гаспадаркі павялічыліся на 67 % . Напярэдадні 50 годдзя БССР на палях калгасаў і саўгасаў працавалі амаль 600 трактараў, 200 збожжаўборачных камбайнаў, 265 грузавых аўтамабіляў, сотні іншых сельскагаспадарчых машын і механізмаў.

На 1 студзеня 1968 года ў раёне было 31,7 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, каля 16 тысяч свіней, больш за 7 тысяч авечак, дзесяткі тысяч галоў птушкі. Валавая вытворчасць малака ў калгасах і саўгасах у 1967 годзе дасягнула 18158 тон, мяса 3086 тон.

Літаратура:

  1. Макаренко, Т. То окаянное время / Т. Макаренко // Народнае слова. — 1999. — 19 студз.
  2. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1991. — 423 с.