beshankovichi.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Стаянкі першабытнага чалавека

Асавецкія стаянкі першабытнага чалавека

Стаянка-1. За 2 км на поўдзень ад вёскі, на левым беразе ракі Крывінка, на паўночным краі Крывінскага тарфяніка. Выявіў і даследваў у 1934 г. К.М. Палікарпавіч. Культурны пласт укрыты слоем торфу ў 1,5 м. Знойдзены прылады працы і кераміка, характэрная для паўночнабеларускай культуры. Датуецца 1-й палавінай 2-га тысячагоддзя да н.э.

Стаянка-2 — позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Дражня, на паўночнай ускраіне асушанага тарфяніка (тэрыторыя помніка перарэзана выраўнаваным рэчышчам Крывінкі і водаадводнымі каналамі). Пляцоўка стаянкі памерам 80*250 м размяшчалася на нізкім пясчана-жвіравым берагавым выступе ў затоку паслялядніковага возера. У выніку паступовага ўвільгатнення клімату і падняцця ўзроўняю вады ў возеры выступ стаў непрыгодным для жыцця на ім, да сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э. Людзі пакінулі паселішча. Выявіў у 1966 г. і даследваў у 1966-80 г.г. М.Чарняўскі, раскапна 300 кв.м. Культурны пласт да 1,3 м, перакрыты торфам. Пры раскопках выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, аснову якіх складаў шэраг вертыкальна ўбітых у мацярык завостраных слупоў-сох з развілкамі ўверсе, якія падтрымлівалі гарызантальную кладзь у вільчыку. Двухсхільны дах, што адначасова утвараў і сцены, быў з нахільна ўвагнаных у зямлю завостраных жэрдак і пакрыцця з трыснягу і кары, якое дадаткова мацавалася зверху такімі ж жэрдкамі. У сярэдзіне жытлаў размяшчаліся адкрытыя вогнішчы на пясчанай падсыпцы, падасланай пластамі кары. За межамі жытлаў выяўлены меншыя па памерах агнішчы, месцы па апрацоўцы дрэва і вырабу глінянага посуду. Каля самай асновы культурнага пласта знойдзена некалькі апрацаваных касцей, абломкі гліняных (з дамешкай таўчоных ракавін) гладкасценных гаршкоў, упрыгожаных разрэжаным арнаментам з насечак, наколаў, грабенчатых адбіткаў, ямах. Знаходкі адносяцца да мясцовага варыянту нарвенскай культуры. Вышэй у пласце залягалі матэрыялы паўночнабеларускай культуры, у т.л. фрагменты гліняных (з дамешкамі таўчоных ракавін і жарствы) вастрадоннапрыкругленных і пласкадонных гаршкоў, кубкаў, місак розных памераў з заштрыхаванымі паверхнямі сценак.

Арнамент размеркаваны ў асноўным па ўсёй паверхні шчыльнымі ўзорамі з гарызантальных паясоў насечак, грабенчатых адбіткаў, ямкавых паглыбленняў і наколаў. Пласкадонны посуд з дамешкамі жарствы ў гліне арнаментаваны пераважна ў верхняй частцы адбіткамі шнура і лінейнага штампа. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл (лістападобныя, рамбічныя і трохвуголныя), наканечнікі коп’яў, скрабкі, нажы, разцы, праколкі, клінападобныя сякеры, каменныя свідравальныя сякеры і матыгі, а таксама касцяныя і рагавыя пераважна плоскадзяржанненыя наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, іголкі, сякеры, цёслы, долаты, нажы з іклаў дзіка, гарпуны і рыбалоўныя кручкі, лыжкі, інструменты для лепкі і арнаментавання посуду, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, місак, дошак, лука, стрэл, коп’яў і інш. Выяўлены ўпрыгожванні: падвескі (бурштынавыя, з прасвідраваных зубоў і косці), гузікі, трубачкі, кольцы, а таксама творы першабытнага мастацтва — драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак. Гравіраваныя выявы людзей на сценках гаршкоў і інш. Датуецца канцом 3-га — 1-й палавінай 2-га тысячагоддзя да н.э.

Стаянка-3 — бронзавага веку. За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на пясчаным узгорку Аксінаў Груд. Выявіў і даследваў у 1968 г. М.Чарняўскі. На паверхні стаянкі знойдзены крамянёвыя прылады працы і абломкі посуду сярэднебронзавага часу. На ўсходнім краі стаянкі ў торфе выяўлены рэшткі драўляных канструкцый 2-й палавіны 2-га тысячагоддзя да н.э.

Стаянка-4 — ранняга неаліту. За 1,8 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Брускавішча, на зах. схіле ўзгорка (значна пашоджана кар’ерам). Выявіў у 1971 г. і даследваў ў 1970-80 г.г. М.Чарняўскі, раскапана 176 кв.м. Знойдзены крамянёвыя тронкавыя і лістападобныя наканечнікі стрэл, высокія канцавыя скрабкі, касцяныя праколкі, верацёнападобныя і падтрохвугольнага сячэння наканечнікі стрэл і прылады, якімі секлі. Кераміка прадстаўлена фрагментамі вастрадонных гаршкоў з дамешкамі рэшткаў раслін і таўчоных ракавін у гліне, арнаментаваных шыраказубым штампам пад краем венчыка адбіткамі грэбеня, наколамі і насечкамі, поясам з глыбокіх ямак. Датуецца 4-м тысячагоддзем да н.э.

Асавецкія творы першабытнага мастацтва.

У час раскопак на паселішчы позняга неаліту і ранняга бронзавага веку Асавец выяўлена шмат твораў першабытнага дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Кераміка прадстаўлена разнастайнымі вастрадоннымі і пласкадоннымі пасудзінамі, арнаментаванымі гарызантальнымі паясамі насечак, нарэзаў, наколаў, ямкавых паглыбленняў, адбіткаў грэбеня, тарца пласцінкі і шнура; гарызантальныя паясы насечак, нарэзаў, наколаў, ямкавых паглыбленняў, адбіткаў грэбеня, тарца пласцінкі і шнура; гарызантальныя паясы часам дапаўняліся ромбамі, дугамі, прамавугольнікамі, ялінкамі. На адным з гаршкоў ёсць стылізаваныя гравіраваныя выявы чалавека. Упрыгожанні складаюцца са шматлікіх бурштынавых падвесак і прасвідраваных зубоў жывёл, трубчатых пацерак, бурштынавых гузікаў і кольцаў, фігурных касцяных накладак, аздобленых наразным арнаментам. Сярод знаходак асабліва вылучаюцца выразаныя з дрэва, рогу, зубоў жывёлін антрапаморфныя і зааморфныя выявы невялікіх памераў ( у сярэднім 5-10 см); статуэткі лася, змяі, птушыных галовак і вадаплаўных птушак, драўляная галоўка мужчыны з выразна мадэліраваным тварам і старанна выразаная з рога галоўка велікавокага барадатага мужчыны еўрапіоіднага аблічча. Знойдзены таксама невялікія абломкі ад розных статуэтак. Асавецкія знаходкі — найбольш яркі прыклад першабытнага мастацтва каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Беларусі. Іх бліжэйшыя аналагі трапляюцца на помніках таго самага часу ў паўд-усх. Прыбалтыцы. Матэрыялы зберагаюцца ў інстытуце АН Беларусі , Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі і Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і культуры АН Беларусі.