beshankovichi.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя У складзе Расійскай імперыі

У складзе Расійскай імперыі

Вялікае значэнне для эканамічнага развіцця Бешанковіч, Улы і іншых населеных пунктаў мела будаўніцтва ў 1797–1805 гг. і здача ў эксплуатацыю Бярэзінскай воднай сістэмы, каб транспартаваць лесаматэрыялы з Мінскай губерні ў Рыгу. На ўсю Віцебскую губерню Бешанковічы славіліся сваім Петрапаўлаўскім кірмашом, які ў ХVIII ст. з’яўляўся адным з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі.

У Айчынную вайну 1812 года каля вёсак Астроўна, Кукавячына, Дарагакупава адбыліся жорсткія баі рускіх войск з арміяй Напалеона. 11 ліпеня 1812 г. Бешанковічы былі заняты французскімі войскамі, якія размясцілі тут свой гарнізон. Некалькі дзён у Бешанковічах размяшчаўся штаб імператара.

У 1-й палавіне ХVIII ст. у Беларусі, як і ў Расіі, пачаліся працэсы распаду феадальна-прыгонніцкіх адносін. Павелічэнне паншчыны прывяло да рэзкага збяднення сялян. Нізкая агратэхніка была прычынай частых неўраджаяў, раслі нядоімкі сялян. Усё гэта выклікала шматлікія паўстанні, якія закранулі і Наддзвінне. Адным са значных сялянскіх выступленняў быў бунт у 1822 г. у мястэчку Бешанковічы, што належала графу Іахіму Храптовічу. Не вытрымаўшы прыгнёту з боку яго аканома і старасты, рамеснікі Бешанковіч і прылеглых вёсак падалі цару петыцыю, дзе скардзіліся на ўмовы жыцця і працы. Бунт местачкоўцаў з Бешанковіч, як і хваляванні сялян Наддзвінскага края супраць графа, быў задушаны. Але, нягледзячы на гэта, дружнае выступленне жыхароў Бешанковіч супраць панскага прыгнёту паказала сілу і згуртаванасць сялянства ў барацьбе за лепшую долю.

У 1830-я гады ў маёнтках Фролкавічы (1832) і Харакова (1834) з’явіліся першыя прамысловыя прадпрыемствы — вінакурныя заводы.

Па-ранейшаму, Заходняя Дзвіна была судаходнай. У 1843 г. на ёй з’явіліся першыя параходы. У 1855 г. у Бешанковічах, Уле, фальварку Быстры, вёсках Вяжышча, Парэчча і іншых існавалі паромы.

У 2-й палове ХІХ ст. на Бешанковіччыне было 53 маёнткі (усяго каля 80 тыс. дзесяцін зямлі), самыя буйныя ў Уле, Сокараве, Бачэйкаве, Фролкавічах, Вярхоў’і, Бешанковічах.

У пачатку ХХ ст. на 1 маёнтак прыпадала больш за 650 дзесяцін зямлі, на сялянскі двор — 8 — 9 дзесяцін.

У рэвалюцыю 1905 —- 1907 гг. сялянскія выступленні на Бешанковіччыне набылі востры палітычны характар. Гэтаму садзейнічала агітацыя Віцебскай арганізацыі РСДРП (мела філіі ў Бешанковічах), Полацкай арганізацыі РСДРП, Віцебскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда.