beshankovichi.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Ад стварэння Бешанковічаў да падзелаў Рэчы Паспалітай

Ад стварэння Бешанковічаў да падзелаў Рэчы Паспалітай

Датаванне першага пісьмовага ўспаміну пра Бешанковічы няпэўнае: гэта 1447 год (паводле А. Сапунова) або 1460 (паводле гісторыка А. Турчыновіча). У пачатку XVІ ст. Бешанковічы — вёска ў Крывінскай воласці Полацкага ваяводства, якая знаходзілася ў валоданні Друцкіх-Саколінскіх. Паводле рэвізіі Полацкага замка (1552), тут было 34 двары.

Палац Храптовічаў. Н. Орда, XIX ст.

У 1605 Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 — у валоданні аршанскага маршалка М. Андравонжа. У 1630 Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімер Леў Сапега, па чым яны пачалі імкліва развівацца, атрымалі статус мястэчка. Ужо 4 кастрычніка 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Бешанковічам Магдэбурскае права і дазвол на 2 кірмашы ў год, 1 гандлёвы дзень у тыдзень. У 1650 Казімер Леў Сапега збудаваў касцёл. З канца XVІІ ст. Бешанковічамі валодалі Агінскія, у мястэчку пачалі будавацца камяніцы. У Вялікую Паўночную вайну ў 1708 тут стаялі расейскія войскі, тройчы спыняўся цар маскоўскі Пётр I.

З сярэдзіны XVІІІ ст. Бешанковічы — места, у якім было каля 1,5 тысяч двароў і жыло 5–6 тысяч жыхароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасьціны двор. Для эканамічнага развіцця Бешанковічаў важнае значэнне меў адзін з буйнейшых у Беларусі штогадовых кірмашоў (29 чэрвеня—27 ліпеня), на які прыязджалі беларускія, расейскія і нават заходнееўрапейскія купцы. У 1770-я Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут палац, заклаў парк з шэрагам экзотаў, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Па сьмерці І. Агінскага (1775) места перайшло да Яўхіма Храптовіча, які збудаваў тут новы палац. Станам на 1785 у літоўскай частцы Бешанковічаў было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і ўніяцкая царква. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) места цалкам апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павета; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай.